Затрыманні па ўсёй краіне не спыняюцца: хроніка пераследу 16 жніўня Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Гродне затрымалі незалежнага назіральніка на выбарах-2020 Андрэя Навасельчана
Як паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы, у 2020 годзе яго затрымлівалі за абразу супрацоўнікаў міліцыі, аднак потым вызвалілі. Зараз 37-гадовы мужчына затрыманы за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў", "абразу супрацоўнікаў міліцыі" і рэгістрацыю ў чат-боце "План Перамога".
У Полацку быў затрыманы Віталь Сакалоўскі
Затрымалі хлопца ў суботу, 13 жніўня, але вядома пра гэта стала толькі зараз. Паводле папярэдняй інфармацыі, учора адбыўся суд — Віталю прысудзілі 30 сутак арышту паводле арт. 19.11 КаАП.
ГУБАЗіК затрымаў былую супрацоўніцу МТЗ Святлану Саковіч
Як паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы, у 2020 годзе 45-гадовая жанчына ўдзельнічала ў паслявыбарчых пратэстах і перакрывала рух транспарту. Вядома, што раней Святлана Саковіч працавала ў ліцейным цэху МТЗ, але пазней яе звольнілі.
Сілавікі зладзілі цэлую спецаперацыю, каб затрымаць дзяўчыну, якая ўдзельнічала ў акцыях пратэсту
На праўладных тэлеграм-каналах з'явілася відэа затрымання жыхаркі Мінска Алены Малькевіч. Як паведамляюць сілавікі, дзяўчына прыняла ўдзел у некалькіх жнівеньскіх акцыях у 2020 годзе. Згодна з відэа, Алену затрымлівала вялікая колькасць сілавікоў — частка з іх на тросах спусцілася з даху шматпавярховага дому і залезла ў кватэру праз вокны, а іншыя ў гэты час заходзілі праз дзверы.
У Мінску затрымалі Ігара Назаранку
Згодна з інфармацыяй праўладных тэлеграм-каналаў, хлопец прыняў удзел у акцыі пратэсту ў ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года на Нямізе. Ігар трапіў на відэа, па якім яго і вылічылі.
За ўдзел у пратэстах затрымалі мужа і жонку
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне Касценкі Марыі і Мікалая. Марыя — настаўніца геаграфіі ў 38-й школе Мінска, Мікалай — намеснік начальніка аддзела па кіраванні карпаратыўнымі Інтэрнет-рэсурсамі Беларускай Чыгункі. Згодна з інфармацыяй сілавікоў, муж і жонка прынялі ўдзел у жнівеньскіх акцыяй пратэсту ў 2020 годзе і перакрывалі рух транспарту.
З’явілася інфармацыя пра ўчорашняе затрыманне ў Гродне Валерыя Сівука
Як высветлілі праваабаронцы, затрыманне адбылося 15 жніўня прыкладна а 11 гадзіне раніцы. У кватэру, у якой мужчына жыве разам з жонкай і сынам, пачалі грукацца сілавікі. Па словах родных, іх было прыкладна 7-8 чалавек. Адзін быў у цывільным. Меркавана, участковы. Астатнія ў масках, бронекамізэльках, цёмна-зялёных шлемах. У аднаго з іх у руках быў велізарны молат. Мабыць, на выпадак, калі дзверы сілавікам вырашылі б не адчыняць.
Дома знаходзіўся сын і жонка Валерыя Сівука. Самога мужчыны (яму 53 гады) дома не было, ён выйшаў у краму разам з сабакам. Са слоў родных, асабіста да іх фізічнага гвалту сілавікі не ўжывалі. Толькі крычалі. Спачатку высветлілі, дзе мужчына, а калі тыя сказалі, што ён выйшаў у краму, праверылі тэлефоны, а потым прымусілі абодвух перайсці ў іншы пакой і не высоўвацца. Мяркуючы па гуках, якія даносіліся ў кватэру з пад'езда, калі Валерый Сівук прыкладна праз 40 хвілін падышоў да свайго пад'езда, яго павалілі тварам у зямлю, пасля чаго завялі ў кватэру прыкладна на паўхвіліны. Дому ў яго паспрабавалі дазнацца пароль ад тэлефона, а калі мужчына адмовіўся яго называць, без усялякіх тлумачэнняў вывелі з кватэры.
Прыкладна 5 гадзін родныя не маглі высветліць, куды павезлі мужчыну. У выніку Валерый знайшоўся ў Ленінскім РАУС. Там удалося высветліць, што Валерыя затрымалі нібыта за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, і што ў чацвер — 18 жніўня — яго будуць судзіць за гэта паводле адміністрацыйнага артыкула. Якога дакладна — не паведамілі. Па непацвержданых дадзеных, цяпер Валерый Сівук знаходзіцца ў гарадзенскім ІЧУ.