Суд па "справе змоўшчыкаў": закрыты допыт укаранёнага сілавіка Дапоўнена
Мінскі абласны суд з 29 ліпеня ў выязным пасяджэнні працягвае разгляд "справы аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады". На лаве падсудных знаходзяцца палітзняволеныя палітолаг і літаратуразнаўца Аляксандр Фядута, кіраўнік партыі БНФ Рыгор Кастусёў, супрацоўніца мінскага офісу Зянковіча Вольга Галубовіч, актывіст і дальнабойшчык Дзяніс Краўчук, а таксама юрыст Юры Зянковіч, якія ўтрымліваюцца за кратамі больш за 15 месяцаў. Судовы працэс у адкрытым рэжыме вядзе суддзя Уладзімір Арэшка, дзяржабвінавачванне падтрымлівае Міхаіл Кавалёў. "Вясна" сочыць за судовым працэсам.
Як піша Sputnik, 16 жніўня быў дапытаны асноўны сведка па справе падпалкоўнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл Беларусі Іван Жураўскі. Пракурор заявіў хадайніцтва, каб паказанні ўкаранёнага ў шэрагі змоўшчыкаў сілавіка Івана Жураўскага, дапыталі за зачыненымі дзвярыма. Суд, параіўшыся на месцы, прыняў рашэнне слухаць паказанні Жураўскага ў закрытым судовым пасяджэнні. Хадайніцтва пракурора аб закрытай частцы суда падтрымалі астатнія ўдзельнікі працэсу-абвінавачаныя і іх абаронцы. Прэсу і слухачоў выдалілі з залы суда. Як вынікае з матэрыялаў справы, Жураўскі браў удзел у шэрагу зум-канферэнцый змоўшчыкаў. Таксама ён знаходзіўся падчас сустрэчы абвінавачаных Аляксандра Фядуты, Юрыя Зянковіча ў маскоўскім рэстаране "Тарас Бульба", пасля якой іх затрымалі.
У судзе ўжо дапытана пераважная колькасць сведак, адзіны, хто не з'явіўся ў суд, а накіраваў апавяшчэнне – супрацоўнік МНС, які пазнаёміў Зянковіча з сілавіком Жураўскім. Допыт ключавога сведкі ў судзе па справе аб дзяржперавароце доўжыўся амаль дзве гадзіны. Выйшаўшы з залы суда, Жураўскі адмовіўся ад каментароў для СМІ. Пытанні сведку ў асноўным задавалі абвінавачаныя і іх абаронцы.
Пасля таго, як сведка пакінуў залу, суд працягнуўся ў адкрытым фармаце.
Абвінавачаныя ў судзе ўжо далі паказанні і выказалі сваё стаўленне да прад'яўленага абвінавачання. Таксама ў судзе былі дапытаныя практычна ўсе сведкі. Сярод сведак, якія давалі паказанні ў судзе, як мінімум трое знаходзяцца пад следствам па іншых крымінальных справах — сузаснавальнік прызнанага ў Беларусі экстрэмісцкім тэлеграм-канала "Nexta" Раман Пратасевіч, які знаходзіцца пад хатнім арыштам. Яшчэ дваіх лідараў незалежных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука і Сяргея Антусевіча для дачы паказанняў у суд даставілі пад канвоем з СІЗА, яны праходзяць па іншай крымінальнай справе.
11 жніўня на судзе ў якасці быў дапытаны Раман Пратасевіч. Як паведамляюць праўладныя СМІ, Пратасевіч пацвердзіў, што знаёмы з Юрыем Зянковічам і Рыгорам Кастусёвым. Паводле яго слоў, ён пазнаёміўся з Зянковічам у 2017 ці 2018 гадах — іх пазнаёміў Дзмітрый Шчыгельскі, знаёмства адбылося ў Мінску. Што да Шчыгельскага, то з ім Пратасевіч пазнаёміўся прыкладна ў 2015 годзе ва Украіне.
"Мне Шчыгельскі паведаміў, што ёсць варыянт сілавога звяржэння ўлады ў Беларусі і запрасіў да ўдзелу ў зум-канферэнцыі", — сказаў Пратасевіч у судзе.
Таксама, паводле слоў Пратасевіча, планавалася сустрэча Ціханоўскай і "змоўшчыкаў" у Маскве, Стамбуле або якім-небудзь іншым горадзе ў Еўропе. Ён распавёў, што "змоўшчыкі" бачылі адзін варыянт звяржэння ўлады — "сілавы з удзелам ваенных".
"Ніякім іншым спосабам уладу нельга было змяніць. Маршы і шэсці ўжо праваліліся", — сказаў Пратасевіч.
Храналогія суда:
Падтрымліваў дзяржабвінавачванне па справах "37", палітвязня Урада: што вядома пра пракурора па "справе змоўшчыкаў"
"Вясна" распавядае, што вядома пра пракурора па гэтай гучнай справе.
Суд па "справе змоўшчыкаў": пад канвоем дапытваюць палітзняволеных прафсаюзнікаў
Суд па "справе змоўшчыкаў": Зянковіч прызнаў віну і папрасіў прабачэння ў астатніх фігурантаў
Тыдзень суда па "справе змоўшчыкаў": падрабязнасці той самай сустрэчы ў рэстаране Зянковіча і "сілавіка"
Пяты дзень суду па "справе змоўшчыкаў": допыт сведкаў
Чацвёрты дзень суду па "справе змоўшчыкаў": азнаямленне з матэрыяламі справы
"Вясна" сочыць за судовым працэсам і распавядае, як праходзіць рэзанансны суд.
Трэці дзень суду па "справе змоўшчыкаў": Фядута і Галубовіч даюць паказанні
Другі дзень суду па "справе змоўшчыкаў": Рыгор Кастусёў віну не прызнаў
"Вясна" сочыць за судовым працэсам і распавядае, як праходзіць рэзанансны суд.
Пачаўся суд па справе аб "захопе ўлады"
"Вясна" распавядае, у чым абвінавачваюць фігурантаў, і што цяпер вядома па справе.
У чым абвінавачваюць фігурантаў справы?
Усіх абвінавачаных затрымалі ў красавіку 2021 года і з таго часу яны знаходзяцца пад вартай. Аляксандра Фядуту і Юрыя Зянковіча затрымалі 12 красавіка ў Маскве. Рыгора Кастусёва і Вольгу Галубовіч затрымалі ў гэты ж дзень, але ў Беларусі. Дзяніса Краўчука затрымалі толькі праз два тыдні — 26 красавіка. Пасля гэтага КДБ і ФСБ заявілі, што нібыта прадухілілі замах на Лукашэнку і ягоных сыноў, а таксама аб "раскрыцці дзяржаўнага перавароту".
Праз некаторы час па дзяржтэлебачанні паказалі фільм, з якога вынікае, што за абвінавачанымі працяглы час сачылі спецслужбы, а вайскоўцаў, з якімі яны кантактавалі, ім падставілі. КДБ таксама паведаміў, што агулам па справе аб "захопе ўлады" праходзяць дзевяць чалавек: Фядута, Зянковіч, Кастусёў, Галубовіч, а таксама Дзмітрый Шчыгельскі, Аляксандр Перапечка, Павел Кулажэнка, Віталь Макаранка і Ігар Макар.
Вядома, што яны ўдзельнічалі ў зум-сустрэчы і падчас размовы абмяркоўвалі будучыню Беларусі, магчымыя перамены ў краіне, а таксама гучалі і радыкальныя прапановы. Пазней частцы ўдзельнікаў прапанавалі сустрэчу ў рэстаране з беларускімі сілавікамі ў Маскве, дзе іх справакавалі на розныя заявы. Адразу пасля сустрэчы затрымалі Зянковіча і Фядуту.
Раней КДБ паведамляў, што па гэтай крымінальнай справе аб "захопе ўлады" праходзяць дзевяць чалавек, але пад вартай знаходзяцца толькі пяцёра — астатнія за мяжой. Пры гэтым Галубовіч і Краўчука вінавацяць толькі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту. За кратамі "змоўшчыкаў" утрымліваюць ужо больш за 15 месяцаў, а стан здароўя некаторых вельмі пагоршыўся — у Кастусёва нават выявілі анкалагічнае захворванне.
У выніку, фігурантаў вінавацяць па наступных артыкулах Крымінальнага кодэксу:
- Зянковіч абвінавачваецца па ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім), ч. 3 арт. 361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці).
- Фядута і Кастусёў — па ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам).
- Галубовіч і Краўчук — па ч. 1 арт. 342 КК (актыўны удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Падтрымайце фігурантаў справы грашовымі пераводамі, бандэролькамі і пасылкамі, а таксама тэлеграмамі і лістамі салідарнасці па адрасе:
СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2
Вольга Пятроўна Галубовіч
Дзяніс Пятровіч Краўчук
Юры Леанідавіч Зянковіч
Рыгор Андрэевіч Кастусёў
Аляксандр Іосіфавіч Фядута