viasna on patreon

Палітзняволеную Ірыну Прыгаву асудзілі на 1,5 года калоніі за пратэсныя і антываенныя надпісы, бел-чырвона-белыя і жоўта-блакітныя стужкі

2022 2022-08-17T11:16:30+0300 2022-08-17T11:17:28+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/prygova.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ірына Прыгава

Ірына Прыгава

16 жніўня суд Маскоўскага раёна Брэста разгледзеў справу Ірыны Прыгавай, якую абвінавацілі адразу паводле трох крымінальных артыкулаў: ч. 1, ч. 2. арт. 368 "Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь", ч. 1 арт. 339 "Хуліганства" і арт. 341 "Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці".

Як паведамляе "Берасцейская вясна"судовае пасяджэнне ўзначаліла суддзя Таццяна Лаўранюк, бок дзяржабвінавачвання прадстаўляў пракурор Ягор Кронда. Свае інтарэсы ў судзе 57-гадовая абвінавачаная Ірына Прыгава абараняла без дапамогі адваката.

Абвінавачаная казала, што падчас дачы паказанняў на яе ціснулі, але суд на гэта не зрэагаваў

Жанчыну абвінавацілі ў тым, што што з 22 студзеня па 6 сакавіка 2022 года яна развешвала бел-чырвона-белыя стужкі і сцягі на вуліцах Брэста (пачынаючы ад Набярэжнай імя Ф. Скарыны, заканчваючы Гузнянскім мостам і вул. Маскоўскай). Агулам у справе пералічана больш за 15 вуліц.

Гэтыя дзеянні жанчыны абвінавачванне кваліфікавала паводле ч. 1 арт. 339 КК ("Хуліганства"). На судзе Ірына Прыгава прызнала сваю віну ў гэтым злачынстве толькі часткова. Жанчына растлумачыла, што палова пералічаных эпізодаў не мае да яе ніякага дачынення. Не прызнала палітзняволеная і "цынізму" ў факце вывешвання стужачак.

Акрамя гэтага, Ірына звярнула ўвагу на тое, што па адрасе Маскоўская, 340, апроч бчб-стужак, яна развешвала яшчэ і жоўта-блакітныя, але пракурор пра колеры ўкраінскія сцяга чамусьці вырашыў не казаць.

Таксама ў віну жанчыне ставілі і зробленыя алоўкам і крэйдай наступныя надпісы:

  • "Нет войне" на фасадзе будынка па вул. Васняцова (за тое, што змылі гэты надпіс, налічылі 6 рублёў "шкоды"; кваліфікавана паводле арт. 341 КК);
  • "Путин убийца, Лукаш п.н.х.", "Путлер убийца, Лукаш пособник. Слава Украине!" на цокалі дома па вул. Маскоўскай, 340 і на суседнім будынку ЖЭС (тут "шкоды" налічылі на 42 рублі і 40 капеек, кваліфікаваўшы паводле ч. 2 арт. 368 КК);
  • "Путлер, Лука — фашисты. Лука — тварь, урод. Нет войне!" на цокалі дома па вул. Маскоўскай, 176 ( "шкоды" старшыня ЖСК налічыў на 20 рублёў; кваліфікавана паводле ч. 1 арт. 368 КК).

Гэту частку абвінавачвання на судзе Ірына Прыгава не прызнала, хоць яшчэ падчас следства давала паказанні, што надпісы зрабіла яна. Змену пазіцыі ў сваіх паказаннях жанчына растлумачыла тым, што на момант першых допытаў на яе ціснулі, яна асцерагалася за родных, найперш за дачку. Калі тая з'ехала за мяжу, ад паказанняў, што давала 10, 11 і 15 сакавіка, Ірына адмовілася.

На жаль, суддзя вырашыла не ўдакладняць, якім менавіта чынам ціснулі на Ірыну Прыгаву.

Некалькі прадстаўнікоў пацярпелых па гэтай справе бакоў растлумачылі суду, як менавіта яны падлічвалі шкоду ад напісаных крэйдай і алоўкам надпісаў. Так, напрыклад, наконт надпісу крэйдай "Нет войне!" на будынку жыллёва-будаўнічага спажывецкага кааператыву "Ідэал плюс" старшыня ЖБСК адзначыў, што, пасля таго як надпіс атрымалася змыць, на сцяне засталіся драпіны. Іх зафарбавалі падчас раней запланаванай афарбоўкі цокаля, на што сышло 1/3 бляшанкі фарбы. Пры гэтым старшыня кааператыва падкрэсліў, што фарбаваць цокаль давялося б і без надпісу.

Адмовілася ад вочнай стаўкі і паказанняў, што давала раней

Матэрыялы справы Ірыны Прыгавай ледзь змясціліся ў 3 тамы і занялі прыкладна 300 старонак. Столькі следства ўпісала туды за 160 дзён следчых дзеянняў, якія абвінавачаная знаходзілася пад вартай.

Пры гэтым якіх-небудзь істотных фактаў па справе там практычна няма. З таго, за што можна ўчапіцца, ёсць запіс пра тое, што ў чэрвені была спроба зрабіць вочную стаўку з двума аператыўнікамі (супрацоўнікам з прозвішчам Вечар, які раней прыняў "яўку з павіннай", і супрацоўнікам Варыцкім). Аднак, мяркуючы па матэрыялах справы, ад дачы тлумачэнняў Прыгава тады адмовілася. На судзе жанчына патлумачыла гэта тым, што адзін са згаданых аператыўнікаў выказваўся, што "Тихановская тварь и все [протестующие] твари".

Таксама ў справе ёсць апісанне таго, што падчас вобшукаў канфіскавалі ў Ірыны. Так, напрыклад, па месцы працы ў яе выявілі пяльцы з вышытай цытатай Платона пра ўладу, а дома — бел-чырвона-белую сукенку, пратэсныя ўлёткі, пакеты і скрынку са сцяжкамі, ніткамі і тканінамі. Ёсць у справе і калькуляцыя "шкоды", нанесенай Ірынай дзяржслужбам. Так, напрыклад, на карысць МНС за здыманне сцяжкоў налічылі 146 рублёў 67 капеек.

Падчас спрэчак бакоў, якія адбыліся 12 жніўня, у якасці пакарання для абвінавачанай сумарна паводле ўсіх артыкулаў пракурор запатрабаваў 1 год і 6 месяцаў калоніі з адбываннем пакарання ва ўмовах агульнага рэжыму плюс штраф у памеры 398 рублёў 20 капеек за судовыя экспертызы.

Доказам віны Ірыны бок абвінавачвання палічыў нейкія сляды Прыгавай на сцяжках і стужачках, пры тым, што судова-генетычная экспертыза іх нідзе не выявіла (у адным выпадку былі знойдзеныя мужчынскія сляды, але пракурор растлумачыў гэты так: "Невядома, хто і як здымаў сцяжкі").

Таксама ў якасці доказу віны палітзняволенай бок абвінавачвання прадставіў доўгую параўнальную табліцу, у якой апісана, з якога матэрыялу былі вырабленыя сцяжкі са стужкамі на вуліцы і знойдзеныя падчас вобшуку Прыгавай. У табліцы адзначаюцца супадзенні па нітках і тканінах. Хто зрабіў такія высновы пра супадзенне, на судзе не ўдакладнялася.

Яшчэ адзін доказ віны Прыгавай, згодна з версіяй абвінавачвання, — добраахвотная заява Ірыны ад 10 сакавіка з "яўкай з павіннай", дзе жанчына прызнавалася ў развешванні стужак (там жа яна паказала, што прывязвала сцяжкі ніткай да грузу, а далей закідвала іх рукой) і ў нанясенні надпісу "Нет войне" на Васняцова і іншых надпісаў на вул. Маскоўскай.

Апошні доказ — даведка ад мабільнага аператара МТС пра тое, што ў дзень здзяйснення злачынства тэлефон Прыгавай адключаўся ў пэўныя перыяды часу. На думку следства, час адключэння супадаў са з'яўленнем надпісаў і сцяжкоў. Пры гэтым сама Ірына растлумачыла суду, што ейны тэлефон перыядычна адключаецца праз тое, што ў ім увесь час сядае батарэя.

16 жніўня суд Маскоўскага раёна Брэста прызнаў Ірыну Прыгаву вінаватай у здзяйсненні злачынстваў паводле ч. 1, ч. 2. арт. 368 "Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь", ч. 1 арт. 339 "Хуліганства" і арт. 341 "Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці" і прызначыў жанчыне 1,5 года калоніі з адбываннем пакарання ва ўмовах агульнага рэжыму. Таксама, як і прасіў пракурор, палітзняволеная павінна выплаціць штраф у памеры 398 рублёў 20 капеек за судовыя экспертызы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства