viasna on patreon

Як палітвязня Дзмітрыя Кунусава асудзілі на тры гады калоніі за каментары па "справе Зельцэра" 

2022 2022-08-21T23:54:02+0300 2022-08-22T12:57:33+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kunusau_dzmitry1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Чацвёртага жніўня ў Мінскім гарадскім судзе да трох гадоў пазбаўлення волі асудзілі 38-гадовага палітвязня Дзмітрыя Кунусава. Таксама ён мусіць выплаціць маральную кампенсацыю ў памеры 200 б.в. (6400 рублёў). Прысуд вынесла суддзя Святлана Бандарэнка. Бок дзяржабвінавачання падтрымаў старшы пракурор Дзяніс Журко.

“Убачу тату, калі мне будзе 8”

Сваякі распавядаюць пра Дзмітрыя як пра добрага і пазітыўнага чалавека, які жыў і расціў дзетак. Ягоная старэйшая дачка сёлета ідзе ў першы клас без таты, а малодшая будзе святкаваць без яго свой другі дзень народзінаў. Старэйшая дачка Дзмітрыя ўсё разумее і кажа: “Убачу тату, калі мне будзе 8 год”. 11 месяцаў, пакуль палітвязень за кратамі, сям’я жыве на “дэкрэтныя”, якія складаюць 800 рублёў. Значная частка з іх ідзе на аплату камунальных паслуг. Такі строгі прысуд стаў для сям’і шокам. 

Дзмітрый займаецца паркетнымі работамі, рэстаўруе падлогу. Любіць роварныя шпацыры і лазню, а таксама хадзіць у лес у грыбы. Цяпер у сваіх лістах ён піша, што вельмі сумуе па сям’і: жонцы, дзеткам і 68-гадовай маці. Мужчына не скардзіцца на ўмовы ўтрымання і распавядае, што побач з ім знаходзяцца добрыя людзі.   

“Хацеў дасягнуць мэты распальвання варожасці і варажнечы да прадстаўнікоў улады”

Мужчыну затрымалі 30 верасня 2021 года па так званай “справе Зельцэра”. Абвінавачанне распавяло, што 28 верасня 2021 года ён размясціў інфармацыю, дзе выказаў свае “суб’ектыўныя і негатыўныя адносіны да прадстаўнікоў улады і абразіў прадстаўніка ўлады”Дзмітрыя Федасюка. Пракурор быў упэўнены, што палітвязень зрабіў гэта “з мэтай наўмыснага прыніжэння гонару і годнасці ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў з матываў палітычнай і ідэалагічнай варожасці, звязанай, у тым ліку, з электаральнай кампаніяй у Рэспубліцы Беларусь”. Абвінавачанне кваліфікавала гэта паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса.

Ён жа размясціў іншыя “абразлівыя” каментары ў бок Федасюка, якія абвінавачанне расцаніла як “накіраваныя на вырошчванне антыдзяржаўных настрояў, распальванне агрэсіўнасці інтэрнэт-карыстальнікаў”. У ім “мелася тэндэнцыя да задаволенасці ад забойства супрацоўніка міліцыі Федасюка, ухвалення злачынства, здзейсненага Зельцэрам”. Пракурор быў ўпэўнены, што Кунусаў хацеў дасягнуць мэты распальвання варожасці і варажнечы да прадстаўнікоў улады – таму кваліфікаваў ягоныя дзеянні паводле арт. 130 Крымінальнага кодэкса.

Што казаў палітвязень?

Дзмітрый Кунусаў прызнаў віну. Ён пацвердзіў, што пакінуў каментар 28 верасня, пасля таго, як паглядзеў у тэлеграм-канале “Nexta live” відэа, як у кватэру ўваходзяць супрацоўнікі праваахоўных органаў без апазнавальных знакаў, чуваць стрэлы і бачны чалавек, які сцякае крывёй. У яго склалася “непрыязнае стаўленне і незразумелыя эмоцыі”. Дзмітрый распавёў, што ягоны каментар утрымліваў выраз “завалили гестаповцев, сотрудники по гражданке двери в двери не вламываются, с мечом пришел, от меча и погиб”. Ён разумеў, што піша негатыўны каментар, але не асэнсоўваў наступствы. 

“Супрацоўнікі КДБ падказвалі”

Пад відэазапісам з каментаром Кунусава было пакінута 2256 каментароў. Агляд мабільнага тэлефона абвінавачанага правялі 11 лістапада 2021 года, высветлілі, што ён падпісаны на шэраг “экстрэмісцкіх” рэсурсаў. Кунусаў пацвердзіў падпіску і тое, што калі-некалі чытаў інфармацыю адтуль. На тэлефон быў накладзены арышт.   

Да матэрыялаў справы таксама далучаная яўка з павіннай ад 30 верасня, дзе ён пацвярджае, што пакінуў дадзены каментар у парыве “злосці і эмоцый, а таксама на фоне выпітага спіртнога”. Дзмітрый распавёў, што пісаў яўку добраахвотна, але падчас гэтага не прысутнічаў ягоны абаронца, а “супрацоўнікі КДБ падказвалі”. У тым ліку, яны сказалі, што лепш напісаць, што мужчына знаходзіўся ў стане злосці і алкагольнага ап’янення, але насамрэч ён быў цвярозы і не злы.

У матэрыялах справы таксама маецца пастанова аб спыненні крымінальнага пераследу ад 16 траўня 2022 года ў адносінах Кунусава “ў частцы здзяйснення ім злачынстваў групай асобаў з іншымі нявызначанымі асобамі”.

Супрацьлеглыя экспертызы

У экспертызе ад 28 студзеня 2022 года, якую выканалі эксперты дзяржкамітэта, пацвярджаецца, што каментар утрымлівае выказванні, якія негатыўна ацэньваюць супрацоўніка КДБ. Але “малы аб’ем тэкста, адсутнасць прамых тэкставых указанняў не дазваляюць вызначыць прадмет ацэнкі – тое, што ацэньваюцца прафесійныя якасці канкрэтнай асобы ў сувязі з вызначанай сітуацыяй і ягоная прыкмета прафесійнай прыналежнасці”. Таксама ў тэксце не маецца выказванняў пабуджальнага характару, якія заклікаюць да гвалтоўных дзеянняў. Эксперты-псіхолагі, у сваю чаргу, зрабілі адваротную выснову: згодна з іх заключэннем, “сацыяльна-псіхалагічная накіраванасць матэрыяла звязаная з выказваннем адрасантам негатыўных адносінаў да канкрэтнай асобы – супрацоўніку КДБ, – зыходзячы з ягоных прафесійных якасцяў”. Аднак яны не змаглі дакладна вызначыць падставы для выказвання гэтых негатыўных адносін.   

Спецыяліст Уладзіміраў, які праводзіў экспертызу, 15 красавіка 2022 года, у тым ліку, распавёў, што ў рэпліцы Кунусава маецца тры прапазіцыі (тое, што засталося ў свядомасці чытача ці слухача пасля выказвання), якія выказваюць некалькі аўтарскіх інтэнцый (моўнага намеру). Зыходзячы з кантэксту, ён запэўніў, што прапазіцыя “завалілі гестапаўца” мае дачыненне да загінулага супрацоўніка КДБ, якога аўтар “абразліва называе гестапаўцам” (іншая экспертыза была ўпэўнена, што слова носіць агульнаўжывальны характар). Уладзіміраў вырашыў, што каментар меў “інтэнцыю негатыўнага, пагардлівага дачынення аўтара рэплікі да аб'екта, якога забілі, і якога аўтар кліча “гестапаўцам”, і інтэнцыю задавальнення аўтара ад забойства супрацоўніка КДБ”.

Таксама ён вырашыў, што “прапазіцыя сотрудники по гражданке двери не выламываютзаснаваная на ілжывым пасыле аўтара аб тым, што супрацоўнікі спецслужбаў пры правядзення спецаперацый мусяць быць апранутыя ў форменную вопратку. Калі ісці такой абсурднай логіцы аўтара рэплікі, то ваяры атрада Альфа КДБ, перш як праводзіць спецаперацыю, павінны былі надзець парадную форму і загадзя апавясціць пра спецаперацыю ўсіх жыхароў у хаце з тым, каб у іх раптам не пачалі страляць”.

Таксама эксперт знайшоў у фразе “с мечом пришел, от меча и погиб” “выказванне вербальнай пагрозы ў адрас супрацоўнікаў спецслужбаў, якія будуць прыходзіць дадому грамадзянаў са зброяй”

“Пры сумневе ў даказанасці віны абвінавачанага ўсе сумневы трактуюцца на карысць абвінавачанага”

Пракурор быў упэўнены, што віна Дзмітрыя Кунусава цалкам даказаная, сярод доказаў ён пералічыў паказанні абвінавачанага і эксперта Уладзімірава, а таксама пісьмовыя доказы па справе. А таксама – што абвінавачаны не змог дакладна сфармуляваць свае адносіны да здзейсненага. У гэтым Журко убачыў спробу “змякчыць адказнасць”. Ён папрасіў пакараць Кунусава двума гадамі абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ – “хіміі” – і штрафам 200 базавых велічынь (6400 рублёў) – паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса. А таксама – 2,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму – паводле арт. 130 Крымінальнага кодэкса. Шляхам частковага складання пакаранняў канчаткова Журко папрасіў пакараць Кунусава трыма гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і штрафам у памеры 200 б.в.

Абаронца папрасіў звярнуць увагу, што неабавязкова канфіскоўваць дзве прылады – і тэлефон, і ноўтбук, як прасіў пракурор, бо немагчыма было пакінуць каментар з двух прылад адразу. Таксама ён выказаў меркаванне, што пакаранне, якое запрасіў пракурор, занадта жорсткае, улічваючы, што мужчына прызназ віну, а таксама мае двух малалетніх дзяцей. Адвакат таксама адзначыў, што пры сумневе ў даказанасці віны абвінавачанага ўсе сумневы трактуюцца на карысць абвінавачанага, а згодна з заключэннем адной з экспертызаў каментар не звязаны з фармаваннем у адрасатаў варожай сацыяльна-псіхалагічнай устаноўкі ў адносінах да якой-небудзь групы людзей ці яе прадстаўнікоў, няма выказванняў, якія заклікаюць да гвалтоўных дзеянняў. І калі два эксперты прыйшлі да ўзаемнавыключальных высноў, то абаронца хацеў бы выкарыстоўваць той, які зроблены на карысць Кунусава. Таксама ён падкрэсліў, што слова “гестаповец” хаця і непрыстойнае па форме, аднак цалкам цэнзурнае і літаратурнае. Таму абаронца папрасіў прызнаць мужчыну невінаватым.

Суддзя Святлана Бандарэнка пагадзілася з пракурорам і прызначыла Кунусаву тры гады калоніі і штраф – 200 базавых велічынь. На камп’ютар накладзены арышт як гарантыя выплаты кампенсацыі, тэлефон палітвязня канфіскаваны.

Падтрымаць Дзмітрыя лістамі салідарнасці, грашовымі пераводамі і пасылкамі можна па адрасе:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Дзмітрый Міхайлавіч Кунусаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства