Затрыманні за Маршы, ціск на палітвязняў: хроніка пераследу 26 жніўня Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі 26 жніўня.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
За «экстрэмісцкія» татуіроўкі затрыманы Міхаіл Юрынок
Паводле праўладных каналаў, 20-гадовы хлопец з'яўляўся фанатам ФК «Дынама-Мінск» і меў «экстрэмісцкія» татуіроўкі — «АСАВ» і пачак цыгарэт з тэкстам «Последнюю даже мент не забирает».
Генпракуратура распачала крымінальную справу па факце распаўсюджвання на інтэрнет-рэсурсах «Флагшток» і «Зеркало» інфармацыі аб адмаўленні генацыду беларускага народа.
Як паведамляе ведамства, супрацьпраўныя дзеянні кваліфікаваны па ч.1 арт.130-2 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Кнігі Нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч правяраюць на экстрэмізм
Яе кнігі накіраваныя ў Рэспубліканскую камісію па экстрэмізму пасля звароту ў Міністэрства культуры.
Яна можа стаць першай нобелеўскай лаўрэаткай, якая стварыла «экстрэмісцкі кантэнт».
Затрымалі бізнэсоўцу і аматара экстрэмальных відаў спорту — за тое, што браў з сабой у замежныя вандроўкі бел-чырвона-белы сцяг
Мужчыну клічуць Вадзім Слівінскі, і яму 38 гадоў. Ён дырэктар ТАА «Муссорт», якое займаецца перапрацоўкай розных адкідаў — у гэтым бізнэсе ён каля дзесяці гадоў.
У замежныя вандроўкі мужчына браў з сабой бел-чырвона-белы сцяг. У відэа сілавікоў ён кажа, што браў яго, калі скараў Эльбрус, а таксама ва Узбекістан і Кіргізію падчас вандровак у горы і фатаграфаўся з ім.
Палітзняволенага Станіслава Паўлінковіча рэгулярна змяшчаюць у штрафны ізалятар
Як піша MAYDAY, палітвязень Станіслаў Паўлінковіч амаль 20 сутак знаходзіцца ў ШІЗА папраўчай калоніі № 1 г. Наваполацк.
Па наяўнай інфармацыі, мужчыну змясцілі туды яшчэ 7 жніўня. Пасля пераводу ў калонію на пачатку лета, адміністрацыя ўстановы рэгулярна змяшчае вязня ў ШІЗА.
Нагадаем, першапачаткова магілёвец адбываў пакаранне ў два гады абмежавання волі паводле арт. 391 Крымінальнага кодэкса (Абраза суддзі) у ПУАТ-39 у Крупках, куды трапіў у сакавіку 2021 года.
Аднак 29 красавіка 2022 года, па заяве адміністрацыі ПУАТ, суд замяніў Паўліновічу "хімію" на рэальнае пазбаўленне волі ў калоніі.
Затрымалі жонку палітвязня Анатоля Латушкі
Праваабаронцам стала вядома, што ўчора затрымалі жонку палітвязня Анатоля Латушкі — Алену. У яе дома адбыўся ператрус паводле арт. 342 КК. Дзе яна знаходзіцца цяпер — невядома.
Палітвязень Анатоль Латушка — стрыечны брат палітыка Паўла Латушкі.
Сілавікі затрымалі мужа і жонку з «Каскаду»
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне Кірыла і Марыі Ясінскіх, якія жывуць у ЖК «Каскад». У віну ім ставяць удзел у акцыях пратэсту з выхадам на дарогу, дваровыя чаяванні ў «Каскадзе», а таксама падпіску на «экстрэмісцкія» twitter-акаўнты.
Палітзняволеную Паліну Шарэнда-Панасюк у новай калоніі змясцілі ў ШІЗА на 20 содняў
Муж Паліны Андрэй Шарэнда паведаміў у сваім Фэйсбуку, што жанчыну ў калоніі №24 змясцілі ў ШІЗА. 10 содняў пакарання Паліна ўжо адбыла, але ж застаецца яшчэ 10 содняў.
Нагадаем, што да гэтага жанчына адбывала тэрмін у гомельскай калоніі №4, і яе там неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА. Спачатку ёй прысудзілі 2 гады калоніі быў за тое, што ад Паліны пацярпелі ажно 7 міліцыянтаў падчас аднаго вобшуку ў яе сям'і. Потым за нібыта шматлікія парушэнні ў калоніі дадалі яшчэ 1 год зняволення.
ГУБАЗіК затрымаў жыхарку Мінска Наталлю Азарэвіч
Паводле сілавікоў, 40-гадовая жанчына ўдзельнічала ў акцыях пратэсту ў 2020 годзе.
Сям’ю праваслаўнага святара пераследуюць за перапосты ў сацсетках
Пра гэта паведамляе суполка «Хрысціянская візія». Вядома, што падчас рэлігійных святаў затрымалі жонку праваслаўнага святара і пагражалі ёй зняволеннем да суда, які мусіў адбыцца ўжо пасля святаў. Паводле арт. 19.11 КаАП («Выраб, распаўсюд і (альбо) захаванне экстрэмісцкіх матэрыялаў») ёй прысудзілі штраф «у памеры сярэдняга беларускага месячнага заробку», а таксама канфіскавалі тэлефон. Нагодай стаў фотаздымак святара ў сацсетках з лагатыпам СМІ, якое ў Беларусі прызнанае «экстрэмісцкім».
Пасля гэтага матушку выклікалі на прафілактычныя гутаркі, пагражалі арыштам яе і мужа, а таксама тым, што паставяць сям’ю на ўлік як «сацыяльна-небяспечную». Таксама вядома, што ўладаў зацікавілі іншыя фотаздымкі ў сацсетках і бела-чырвона-белае і жоўта-блакітнае спалучэнне колераў у доме святара.
«Прыязджаў АМАП, збівалі «палітычных» і прымушалі крычаць «Люблю Лукашэнку»: паведамляецца пра збіццё на «хіміі»
Праваабаронцам паведамілі, што 23 жніўня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу № 39 у Крупках прыязджалі супрацоўнікі АМАПу і збівалі «палітычных». Прычыны такой увагі да людзей, асуджаных да «хіміі» па палітычных матывах, невядомыя.
«Прыязджаў АМАП, збівалі «палітычных» і прымушалі крычаць «Люблю Лукашэнку, люблю АМАП». Пад канец казалі, што прыехалі па паручэнні начальніка ўстановы Мацука.
«Палітычных па два чалавекі заводзілі ў ленпакой, ставілі да сценкі і малацілі кулакамі і дубінкамі. Запытваліся артыкул, а калі чулі «палітычны артыкул», то яны казалі: «Наш кліент» і малацілі. Некаторых «палітычных» нават ні разу не ўдарылі, а ў астатніх — ногі сінія», — распавядаюць сведкі.
Па звестках праваабаронцаў, у ПУАТ № 39 знаходзіцца як мінімум 14 чалавек асуджаных па палітычных матывах.
У Магілёве сілавікі затрымалі цэлую сям'ю — за ўдзел у акцыях у 2020 годзе
Супрацоўнікі ГУБАЗіК і мясцовага АМАПа затрымалі мужа і жонку — Яўгена і Вольгу Пруднікавых. Фармальнай прычынай для затрымання стала тое, што сямейная пара ездзіла ў 2020 годзе на акцыі пратэсту ў Мінск.
Вядома, што дома ў Пруднікавых быў праведзены ператрус.
Як стала вядома MAYDAY TEAM, у затрыманай сям'і Пруднікавых ёсць аднагадовае дзіця. Таксама высветлілася, што Яўген працуе ў Магілёўскіх электрычных сетках, а Вольга (па непацверджаных звестках) — у РУП «Белфармацыя»
КДБ цісне на сваякоў намесніка камандзіра палка Каліноўскага Вадзіма Кабанчука
Першай ахвярай стаў 32-гадовы стрыечны брат Вадзіма Сяргей Франчук. Як паведаміла маці Вадзіма Таісія Кабанчук, яго забралі з кватэры бацькоў у Бабруйску, дзе ён жыў апошнім часам. 9 жніўня, калі бацькі Сяргея былі на дачы, 5 чалавек з менскага АМАПу ўварвалася ў кватэру, ударылі Сяргея пісталетам па галаве, правялі вобшук, забралі мабільны тэлэфон, ноўтбук і самаго Сяргея Франчука.
Мужчына быў асуджаны на 15 сутак нібыта за непадпарадкаванне. Але насамрэч спецслужбаў цікавіў Вадзім Кабанчук. Было запісана пакаяльнае відэа, дзе Франчук прызнаецца, што ўдзельнічаў у акцыях пратэсту 2020 году і рабіў каментары ў экстрэмісцкіх тэлеграм-чатах. Лоб Сяргея быў заклеены.
23 жніўся пасля заканчэння 15 сутак Сяргей Франчук на волю не выйшаў. Яму прад'явілі абвінавачванне паводле арт.342 КК РБ.
Таксама за гэты час на допыт у КДБ была выклікана дваюрадная сястра Вадзіма Кабанчука з мужам. У іх таксама распытвалі, што ведаюць пра Вадзіма.
Інфармацыя дапаўняецца