Плюс пяць: папаўненне ў "экстрэмісцкім спісе"
У Спіс грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці, 26 жніўня Міністэрства ўнутраных спраў унесла прозвішчы яшчэ пяці асоб, якія адбываюць пакаранне па артыкулах 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы), 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў).
Гэта Аксана Каспяровіч, настаўніца музычнай школы з Ліды, якую 29 чэрвеня Гродзенскі абласны суд пакараў па ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса пазбаўленнем волі на адзін год і два месяцы ў калоніі агульнага рэжыму. З улікам тэрміну, які яна ўжо правяла за кратамі, Аксана павінна быць на волі, хаця ў табліцы пазначана, што яна адбывае пакаранне;
Павел Мякіш, жыхар Гародні, які быў асуджаны Гродзенскім абласным судом ў сувязі са здзяйсненнем злачынстваў, прадугледжаных часткай 6 артыкула 16 і часткай 3 артыкула 130, часткай 3 артыкула 203-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Адбывае пакаранне ў ПК №1 Наваполацка;
Вадзім Кавалёў, жыхар Віцебска, асуджаны судом Кастрычніцкага раёна г. Віцебска ў сувязі з учыненнем злачынства, прадугледжаным артыкулам 370 Крымінальнага кодэкса. Зараз Вадзім на волі, аднак судзімасць яшчэ не пагашаная;
Ганна Вольская, жыхарка Магілёва, асуджаная судом Ленінскага раёна г. Магілёва ў сувязі са здзяйсненнем злачынства, прадугледжаным артыкулам 369 Крымінальнага кодэкса;
Валерый Кліменчанка, жыхар Маладэчна, асуджаны Мінскім абласным судом у сувязі з учыненнем злачынства, прадугледжаным часткай 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Такім чынам, па стане на канец жніўня “экстрэмісцкі спіс” налічвае 469 прозвішчаў.