За абразу Лукашэнкі асуджаны жыхар Жыткавіч
Суд Жыткавіцкага раёна 19 жніўня вынес прысуд пра справе мясцовага 40-гадовага жыхара Дзмітрыя Крывулькі. Ён быў абвінавачаны паводле часткі 1 артыкула 368 Крымінальнага кодэкса – "абраза прэзідэнта" за капіраванне і размяшчэнне допісу ў інтэрнеце, які палічылі абразлівым.
Справу разглядаў суддзя Аляксандр Аношка. Абвінавачанне прадстаўляў пракурор Ігар Арцёменка.
Па матэрыялах абвінавачання, Крывулька, у сваім акаўнце ў “Аднакласніках” размясціў відэаролік з гарачым і эмацыйным абмеркаваннем палітычнай сітуацыі журналістамі іншай дзяржавы. У палеміцы неаднаразова гучалі рэплікі непаважлівага і абразлівага характару ў адрас лідараў некаторых краін, а таксама ў іх ліку і прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Працэс пачаўся 2 жніўня, аднак узнікла замінка з адвакатам, які папрасіў час для азнаямлення з матэрыяламі справы.
Суд прызнаў Крывульку вінаватым і пастанавіў пакараць яго пазбаўленнем волі тэрмінам на адзін год і шэсць месяцаў у калоніі агульнага рэжыму.