За пасты і рэпосты "ВКонтакте" віцябляніна асудзілі да 4,5 гадоў калоніі
У Віцебскім абласным судзе 26 жніўня вынеслі прысуд 34-гадоваму Аляксею Рэзнікаву – чатыры з паловай гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. За пасты і рэпосты "ВКонтакте" яго абвінавацілі па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 1 арт. 130-1 (рэабілітацыя нацызму), ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў). Вядома, што Аляксей працаваў раней за мяжой, але з-за цяжкага стану ягонай маці ён вярнуўся дадому, дзе і быў затрыманы. Праз тры дні пасля арышту сына памерла ягоная маці. Мужчына застаўся без сваякоў і знаходзіцца больш за чатыры месяца пад арыштам ў віцебскім СІЗА № 2. Суддзя Яўген Буруноў разглядаў справу ў закрытым рэжыме.
Паводле версіі абвінавачвання, Аляксей Рэзнікаў "падзяляючы і прытрымліваючыся ідэй сацыяльнай нецярпімасці да прадстаўнікоў улады, выказваючы адкрытую праяву непрыязнасці, размясціў у агульнадаступных акаўнтах сацыяльнай сеткі "ВКонтакте" публікацыі з фотавыявай кіраўніка дзяржавы і надпісамі ў яго адрас, у якіх утрымліваліся рэзка негатыўная ацэнка асобы прэзідэнта Беларусі, ілжывыя выдумкі, якія абражаюць яго чалавечую годнасць, зневажальныя пажаданні, злучаныя з непавагай".
З верасня 2018 года па студзень 2022 года "па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці наўмысна размясціў і захоўваў на агульнадаступнай старонцы сацыяльнай сеткі "ВКонтакте" файлы з інфармацыяй, накіраванай на рэабілітацыю нацызму. Матэрыялы звязаныя з выразам станоўчага стаўлення да салдат калабарацыянісцкага фарміравання "Беларуская краёвая абарона" і членаў арганізацыі "РОНА", гераізацыяй нацысцкай і неанацысцкай ідэалогіі, фарміраваннем станоўчага стаўлення да салдат Германіі ў сувязі з іх дзейнасцю ў перыяд фашысцкай акупацыі Беларусі.
Згодна з матэрыяламі справы, абвінавачаны з ліпеня 2018 года да студзеня 2022 года "з выкарыстаннем мабільнага тэлефона на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте» захоўваў і рэгулярна размяшчаў агульнадаступныя публікацыі для распаўсюджвання сярод нявызначанага кола асоб ідэй нацызму, неанацызму, нацыяналізму, ксенафобіі і антысемітызму".
"З мэтай рэабілітацыі нацызму абвінавачаны размяшчаў агульнадаступную інфармацыю з выразам станоўчага стаўлення да калабарацыяністаў Беларускай Краёвай абароны, рускай вызваленчай народнай арміі, гераізацыяй нацысцкай і неанацысцкай ідэалогіі, папулярызацыяй іх сімволікі і атрыбутыкі, фарміраваннем станоўчага стаўлення да салдат Вермахта ў сувязі з іх дзейнасцю ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі БССР", – піша пракуратура.
Паводле версіі абвінавачвання, ён жа са студзеня 2019 года па снежань 2021 года публікаваў на сваёй старонцы паведамленні і "рэпосты", якія ўтрымлівалі абразы Лукашэнкі. 22 студзеня 2019 года размясціў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы фотавыяву з надпісам, у якой публічна абразіў намесніка старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.11 снежня 2021 года размясціў у сетцы інтэрнэт для публічнага прагляду змененую графічную выяву дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь, "чым здзекаваўся з дзяржсімволікі".
У судовым пасяджэнні Аляксей Рэзнікаў сваю віну прызнаў часткова. Адмаўляў, што пераследваў супрацьпраўныя мэты пры размяшчэнні публікацый.
У выніку, судовая калегія па крымінальных справах Віцебскага абласнога суда пастанавіла на падставе ч. 1 арт. 130, ч. 1 арт. 130-1, ч. 1 арт. 368, арт. 369, арт. 370 Крымінальнага кодэкса прызначыць яму пазбаўлення волі на тэрмін 4 гады 6 месяцаў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Падтрымайце вязня пасылкай ці грашовым пераводам: СІЗА-2, вул. Гагарына 2, 210026, Віцебск, Аляксей Сяргеевіч Рэзнікаў