У Наваполацку спынілі крымінальную справу за "абразлівыя каментары" пра чыноўнікаў з-за смерці абвінавачанага
Суд Наваполацка Віцебскай вобласці ў сярэдзіне ліпеня спыніў крымінальную справу па дыфамацыйным артыкуле 369 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады). Прычына — смерць абвінавачанага. Тым не менш, суд канфіскаваў ноўтбук памерлага, з якога, паводле версіі абвінавачвання, былі пакінуты каментары. Вядома, што мясцовы жыхар знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе, але суду так і не дачакаўся. Яму ставіліся ў віну тры "абразлівыя" каментары ў дачыненні да чыноўнікаў.
Ілюстратыўнае фота
Паводле артыкула 369 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады) памерламу ставілі ў віну тры "абразлівыя" каментары ў Telegram: два — у дачыненні да прадстаўніка заканадаўчай улады, адзін — у дачыненні да прадстаўніка выканаўчай улады. Згодна з версіяй абвінавачвання, жыхар Наваполацка, «маючы намер на публічную абразу прадстаўніцы ўлады — К. у сувязі з выкананнем ёю службовых абавязкаў, ускладзеных на органы заканадаўчай улады, у публічным чаце Telegram размясціў каментар, што ўтрымліваў, паводле высноваў эксперта, выяўленую ў непрыстойнай, брыдкаслоўнай і табу! формах абразу ў адрас К., негатыўна ацэньваў апошнюю і ўтрымліваў ненарматыўную форму маўленчага выказвання, прыніжаў аўтарытэт, гонар і годнасць асобы прадстаўніцы ўлады К., у сувязі з выкананнем ёю сваіх службовых абавязкаў».
Ён жа, у іншы час «маючы намер на публічную абразу прадстаўніцы ўлады — К. у сувязі з выкананнем ёю службовых абавязкаў, ускладзеных на органы заканадаўчай улады, у публічным чаце Telegram размясціў каментар, які ўтрымліваў выяўленую ў непрыстойнай, брыдкаслоўнай і пагардлівай формах абразу ў адрас К., які негатыўна ацэньваў апошнюю і ўтрымліваў ненарматыўную форму маўленчага выказвання, прыніжаў аўтарытэт, гонар і годнасць асобы прадстаўніцы ўлады К., у сувязі з выкананнем ёю сваіх службовых абавязкаў».
Ён жа, «маючы намер на публічную абразу прадстаўніка ўлады — Ш. у сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, ускладзеных на органы выканаўчай улады, у публічнай групе Telegram, да публікацыі ў дачыненні да Ш. размясціў каментар, які ўтрымліваў выяўленую ў непрыстойнай, грубай і лаянкавай формах абразу ў адрас Ш., негатыўна ацэньваў апошняга і ўтрымліваў ненарматыўную форму маўленчага выказвання, прыніжаў аўтарытэт, гонар і годнасць асобы прадстаўніка ўлады Ш., у сувязі з выкананнем ім сваіх службовых абавязкаў».
«З пасмяротнага эпікрызу, пасведчання аб смерці і актавага запісу аб смерці вынікае, што І. памёр», — адзначаецца ў пастанове суда.
У адпаведнасці з п. 7 ч. 1 арт. 29 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, крымінальная справа не можа быць распачатая, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных і п. арт. 29 КПК, а па распачатай справе вытворчасць падлягае спыненню ў дачыненні да памерлага, за выключэннем выпадкаў, калі вытворчасць па крымінальнай справе неабходная дзеля рэабілітацыі памерлага.
Сваякі памерлага падалі заявы аб згодзе са спыненнем вытворчасці па крымінальнай справе. Заявы аб нязгодзе са спыненнем вытворчасці па крымінальнай справе з прычыны рэабілітацыі ў суд не прыходзіла.
На падставе гэтага суд прыйшоў да высновы аб неабходнасці спынення вытворчасці паводле гэтай справы, у сувязі са смерцю абвінавачанага.
Аднак суд Наваполацка вырашыў канфіскаваць ноўтбук памерлага, з якога, паводле версіі абвінавачвання, былі пакінутыя каментары.
Таксама суд пастанавіў скасаваць меру стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах і меру працэсуальнага прымусу ў выглядзе часовага абмежавання права на выезд з Рэспублікі Беларусь.