viasna on patreon

Затрыманне на школьнай лінейцы, папаўненне спісу "экстрэмістаў": хроніка пераследу 2 верасня Дапоўнена

2022 2022-09-02T15:07:50+0300 2022-09-02T18:33:42+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/lineika_1.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі 2 верасня.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

За каментары ў інтэрнэце ў Гродне затрыманы вартаўнік дзіцячага садка Валянцін Дуброўшчык

52-гадовага мужчыну абвінавачваюць у абразлівых каментарах у дачыненні да Лукашэнкі, Караніка, а таксама расійскіх салдат, што ваююць ва Украіне.


Пракуратура знайшла «экстрэмісцкія кнігі» на двух сайтах

Падчас маніторынгу ўстаноўлена, што два карыстальніка рэсурсу ay.by прапаноўвалі грамадзянам купіць выданні, уключаныя ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў — гэта кнігі Платонава «Вайна з унутраным ворагам», Філімонава «Час суда», а таксама Бялова «Вялес-Бог русаў. Невядомая гісторыя рускага народа», якія ў 2008 і 2014 гадах былі прызнаныя судом экстрэмісцкімі матэрыяламі.

У інтэрнэт-краме svet-favora.by прадавалася кніга Чакрыгіна «Чытаючы Евангелле. Разважанні на евангельскія чытанні. Хто мы: хрысціяне ці іўдзеі?», якая рашэннем суда Савецкага раёна Мінска яшчэ ў 2008 годзе была прызнана экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Па фактах распаўсюджвання названай інфармацыйнай прадукцыі пракуратура ініцыявала пачатак адміністрацыйнага працэсу па ч.2 арт.19.11 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях.


Паўла Мажэйку і Юлію Юргілевіч перавялі ў СІЗА. Імаверна, ім прад’яўленыя абвінавачанні

Паводле сваякоў, якія сёння спрабавалі перадаць перадачу ў ІЧУ, журналіста Паўла Мажэйку перавялі ў СІЗА. Перавод азначае, што яму прад'яўлена абвінавачанне і выбрана мера стрымання – змяшчэнне ў СІЗА. Паведамляецца, што адвакатку Юлію Юргілевіч таксама перавялі ў СІЗА на Валадарскага. 

Паколькі іх перавялі сёння раніцай, гэта можа азначаць, што абвінавачанні прадʼявілі яшчэ ўчора, яшчэ да заканчэння 72 гадзін папярэдняга следства


Улады заблакавалі сайт «Плошчы Перамен»

Гэта адбылося па пастанове пракурора горада Мінска.


Сілавікі затрымалі шэсць вяскоўцаў з Гомельскай вобласці

На праўладных тэлеграм-каналах выйшла «пакаяльнае відэа» ажно з шасці жыхарамі аграгарадкоў і вёсак Гомельскай вобласці. Вядома, што сярод затрыманых Віцязь Людміла, Шкуда Надзея, Хадко Аляксандр, Апановіч Міхаіл, Марчанка Аляксей.

Вяскоўцы кажуць, што былі падпісаны на «экстрэмісцкія тэлеграм-каналы».


МУС абнавіла пералік асобаў, якія маюць дачыненне да «экстрэмісцкай» дзейнасці

Цяпер у ім 474 прозвішчы, спіс папоўніўся наступнымі людзьмі:

Яўген Блахінскі, якога асудзілі паводле ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 293, ч. 1 арт. 342, ч. 1 арт. 130, ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса. Вядома, што яго затрымалі, калі ён вярнуўся ў Гродна з Германіі. У «пакаяльным відэа» ён прызнаўся, што ў 2020 годзе быў у складзе «экстрэмісцкіх» чатаў, дзе заклікаў да «масавых беспарадкаў, забойстваў міліцыянтаў, спальванню «Табакерак».

Павел Кучаравенка, якога асудзілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

Сяргей Бакач, асуджаны паводле ч. 1 арт. 368 і арт. 369 Крымінальнага кодэкса да чатырох гадоў «хатняй хіміі».

Алег Гарбачоў, асуджаны паводле ч. 2 арт. 343-1 і ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса. Вядома, ён быў затрыманы за «пагрозы» супрацоўнікам міліцыі.

Уладзімір Сівун, якога асудзілі паводле ч. 1 арт. 339, ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 339, ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса.


У Наваполацку падчас выступу вайскоўцаў на школьнай лінейцы дзяўчына правяла антываенную акцыю — яе затрымала міліцыя

lineika_1.png
Скрыншот з відэа

1 верасня падчас лінейкі ў гімназіі №1 горада Наваполацк, быў выступ людзей у вайсковай форме. Адна дзяўчына на сярэдзіне выступу выйшла з антываеннай акцыяй — яна стала перад імі і паказала знак ✌️.

Да яе падыйшлі супрацоўнікі школы, а потым і міліцыянт, які павёў дзяўчыну ў невядомым кірунку.

Сыходзіла дзяўчына пад апладысменты людзей.


У Магілёве «за падтрымку Украіны» затрымалі мужчыну — на відэа яго прымусілі прызнацца «ў падтрымцы Расіі»

Стала вядома пра затрыманне супрацоўнікамі ГУБАЗіК магілёўца Юрыя Пашына. Прычынай гэтага сталі відэа, якія Пашын выкладваў у сваім TikTok-акаўнце. Яны тычыліся ваеннай агрэсіі Расіі ва Украіне, прычым Пашын дастаткова выразна займаў праўкраінскую пазіцыю.

На «пакаяльным відэа» мужчыну вымусілі прызнацца, што ён не меў рацыі, падтрымліваючы Украіну, а таксама заявіць, што ён падтрымлівае дзеянні Расіі ў суседняй краіне.


Сілавікі затрымалі мінчука за каментары ў «экстрэмісцкім» чаце — пры затрыманні ён адбіваўся ад міліцыянтаў сякерай

Як піша МУС, супраць 53-гадовага жыхара сталіцы распачалі крымінальныя справы за распальванне сацыяльнай варожасці і за замах на забойства супрацоўніка ўнутраных спраў.

З затрыманым запісалі «пакаяльнае відэа», на якім ён кажа, што ў мінулым годзе пакінуў у «экстрэмісцкім» чаце каментар, у якім былі заклікі да «знішчэння камандзіраў АМАП, ГУБАЗіК і міліцыянтаў».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства