viasna on patreon

Заява праваабаронцаў аб прызнанні пяці чалавек палітычнымі зняволенымі

2022 2022-09-05T12:42:57+0300 2022-09-06T11:37:05+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/difamacija_ill.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Заява праваабарончай супольнасці Беларусі

5 верасня 2022 г.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, ізноў адзначаем, што прыцягненне да крымінальнай адказнасці за распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы (арт. 130 КК) следствам і судамі селектыўна і дыскрымінацыйна ўжываецца выключна дзеля абароны інстытутаў улады, прычым вылучэнне прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, вайскоўцаў і г. д. у якасці сацыяльных груп, якія падпадаюць пад абарону ў гэтым кантэксце, нам падаецца неабгрунтаваным.

Мы настойваем на недапушчальнасці ўжывання закона, які абараняе прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў правапарадку і суддзяў ад пагрозаў у сувязі з правамерным выкананнем імі сваіх службовых абавязкаў, дзеля пакарання тых грамадзян, якія выказаліся ў сувязі з відавочным парушэннем прадстаўнікамі дзяржаўных інстытутаў Канстытуцыі і закона, уцягваннем прадстаўнікоў улады, пракурораў і суддзяў у працэс катаванняў і ў стварэнне атмасферы беспакаранасці за катаванні і іншыя парушэнні правоў чалавека, якія часта маюць прыкметы злачынстваў супраць чалавечнасці.

Разгляд такіх спраў у закрытым судовым пасяджэнні груба парушае працэсуальныя правы абвінавачаных і зводзіць да мінімальнай ацэнку праўдзівасці, дастатковасці і дапушчальнасці якіх бы там ні было доказаў абвінавачвання.

Нам вядома пра асуджэнне:

Іллі Гольцава паводле ч. 1 арт. 130 КК да пазбаўлення волі тэрмінам на 1 год і 6 месяцаў у папраўчай калоніі за каментары ў сацыяльных сетках у дачыненні да "сацыяльнай групы";

Аляксея Рэзнікава паводле ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы), ч. 1 арт. 130-1 (рэабілітацыя нацызму), ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 370 (знявага дзяржаўных сімвалаў) да 4 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі за пасты і рэпосты ў сацыяльнай сетцы "ВКонтакте". Згодна з версіяй абвінавачвання, ён "з матываў палітычнай і ідэалагічнай варожасці наўмысна размясціў і захоўваў на агульнадаступнай старонцы сацыяльнай сеткі "ВКонтакте" файлы з інфармацыяй, звязанай з выказваннем станоўчага стаўлення да салдатаў калабарацыянісцкага фармавання "Беларуская краёвая абарона" і сябраў арганізацыі "РОНА", гераізацыяй нацысцкай і неанацысцкай ідэалогіі, фармаваннем станоўчага стаўлення да салдатаў Германіі ў сувязі з іх дзейнасцю ў перыяд фашысцкай акупацыі Беларусі", "размяшчаў агульнадаступныя публікацыі для распаўсюду сярод нявызначанага кола асобаў ідэй нацызму, неанацызму, нацыяналізму, ксенафобіі і антысемітызму". Разам з тым варта адзначыць, што ўтрыманне старонкі ў сацыяльнай сетцы абвінавачанага сведчыць пра ягоную актыўную грамадскую пазіцыю, крытычнае стаўленне да дзеянняў улады; згаданыя ў абвінавачванні рэпосты не ўслаўлялі нацызм і не заклікалі наўпрост да гвалту, не ўтрымлівалі безумоўна ксенафобскіх ці неанацысцкіх ідэй, часам мелі неадназначны, дыскусійны характар. Роля і месца нацыянальных калабарацыянісцкіх фармаванняў у гісторыі не заўжды мае сталую ацэнку, і публікацыі Рэзнікавым размешчаных у вольным доступе фота- і відэаматэрыялаў пакідалі магчымасць у чытача фармаваць уласную пазіцыю ў адносінах да размешчанай інфармацыі. У дачыненні да тых жа дзеянняў да іншых асобаў ужывалася звычайна адміністрацыйная адказнасць. У такіх умовах асуджэнне абвінавачанага да працяглага тэрміна зняволення абумоўлена палітычным характарам справы, абвінавачваннем у абразе А. Лукашэнкі і іншага дзяржаўнага дзеяча, здзеку з дзяржаўных сімвалаў — размяшчэнні сатырычнага малюнка з элементамі герба, і наогул з'яўляецца недапушчальнай формай абмежавання выказвання меркаванняў.

Анастасія Лазарэнка і Наталля Лашч змешчаны пад варту за перадачу звестак сілавікоў тэлеграм-каналам. Дзмітрый Іванчанка на пачатку сакавіка 2022 года змешчаны пад варту паводле чатырох артыкулаў КК: арт. 368 КК (Абраза Лукашэнкі), арт. 369 КК (Абраза прадстаўнікоў улады), ч. 3 арт. 361 (Заклікі да санкцый), арт. 130 КК (Распальванне сацыяльнай варажнечы). Характар меры стрымання і працягласць яе прымянення не адпавядаюць акалічнасцям спраў, ужыты выбарча з палітычных матываў.

У чарговы раз падкрэсліваем, што ў шэрагу пералічаных выпадкаў характар дзеянняў абвінавачаных былі вынікам сістэматычных шырока распаўсюджаных парушэнняў правоў чалавека, адсутнасці магчымасці свабоднага выказвання меркавання, былі выкліканыя адсутнасцю расследавання злачынстваў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў і іншых ахвяраў жорсткага абыходжання і катаванняў, расчараваннем у здольнасці ўладаў выкарыстоўваць сілу закона для абароны парушаных правоў грамадзян, адсутнасцю справядлівага суда і ўмоваў для дэмакратычнай і канстытуцыйнай змены ўлады на сапраўдных выбарах.

Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, мы прыходзім да высновы пра існаванне ў кожным з іх палітычнага матыву пераследу абвінавачаных.

У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая волі, калі пры наяўнасці палітычных матываў яе пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:

  • a) пазбаўленне волі было ўжыта ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных пактам або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
  • d) асоба пазбаўленая волі выбарча ў параўнанні з іншымі асобамі.

Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем, што далейшае зняволенне Іллі Гольцава, Аляксея Рэзнікава, Анастасіі Лазарэнка, Наталлі Лашч і Дзмітрыя Іванчанкі з'яўляецца палітычна матываваным, а яны самі — палітычнымі зняволенымі. У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • перагледзець вынесеныя ў дачыненні да згаданых палітвязняў прысуды пры выкананні права на справядлівы разгляд і ўхіленні фактараў, якія паўплывалі на кваліфікацыю дзеянняў, від і памер пакарання;
  • вызваліць згаданых палітзняволеных, ужыўшы іншыя меры для забеспячэння іх яўкі ў суд;
  • неадкладна вызваліць усіх палітычных вязняў, пераглядзець палітычна матываваныя прысуды і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Беларускі ПЭН;

Прававая ініцыятыва;

lawtrend;

Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства