Беларусь: Рыхтуецца прысуд па справе сябраў "Вясны" Марыі Рабковай і Андрэя Чапюка
Парыж — Жэнева, 5 верасня 2022 г.
На фоне павальных рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці Беларусі Мінскі гарадскі суд 6 верасня абвесціць прысуд па гнятлівай палітычна матываванай справе праваабаронцаў Марыі (Марфы) Рабковай і Андрэя Чапюка. Арганізацыі, што падпісаліся ніжэй, заклікаюць да іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення, а таксама да вызвалення ўсіх праваабаронцаў, адвольна затрыманых у краіне.
6 верасня 2022 года, а 15-й гадзіне паводле мінскага часу, пасля аднаго года і пяці месяцаў следства і больш за чатырох месяцаў закрытых судовых пасяджэнняў Мінскі гарадскі суд вынесе прысуд па справе каардынатаркі Валанцёрскай службы Праваабарончага цэнтра "Вясна" Марыі Рабковай і валанцёра арганізацыі Андрэя Чапюка. Яны былі адвольна затрыманы ў помсту за сваю мірную праваабарончую дзейнасць 17 верасня і 2 кастрычніка 2020 года адпаведна. На працягу амаль двух гадоў утрымання пад вартай з прычыны адсутнасці адэкватнага медыцынскага абслугоўвання здароўе Марфы Рабковай значна пагоршылася.
Працэс па справе Марфы Рабковай і Андрэя Чапюка, а таксама яшчэ васьмі чалавек доўжыцца з 25 красавіка 2022 года. Усе падсудныя хлусліва абвінавачваюцца ў арганізацыі злачынных груп у перыяд з 2016 па 2020 год. Марфе Рабковай выставілі абвінавачванні паводле дзесяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку "арганізацыя масавых беспарадкаў, удзел у іх і навучанне ці іншая падрыхтоўка асобаў да ўдзелу ў іх" (чч. 1–3 арт. 293 КК), "распальванне сацыяльнай варажнечы" (арт. 130) і "ўдзел у злачыннай арганізацыі" (ч. 2 арт. 285). Ёй пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі. У сваю чаргу, Андрэй Чапюк абвінавачваецца ва "ўдзеле ў масавых беспарадках" (ч. 2 арт. 293 КК) і "ўдзеле ў злачыннай арганізацыі" (ч. 2 арт. 285 КК). Яму пагражае да васьмі гадоў пазбаўлення волі.
Працэс таксама адзначыўся парушэннямі правоў чалавека: трое з абвінавачаных сцвярджаюць, што зазнавалі катаванні ці іншае жорсткае абыходжанне з боку супрацоўнікаў КДБ, у той час як слуханні праходзяць за закрытымі дзвярыма.
Фактычнай прычынай затрымання і пераследу актывістаў "Вясны" з'яўляецца праваабарончая дзейнасць арганізацыі і яе рашучы выступ супраць рэпрэсій з боку ўрада. "Вясна" даўно знаходзіцца ў авангардзе беларускага праваабарончага руху. Праваабаронцы "Вясны" вядуць публічны спіс палітычных зняволеных у Беларусі, які на сённяшні дзень налічвае больш за 1300 чалавек. У сваёй працы Марфа Рабкова залучала валанцёраў да ўдзелу ў праваабарончай дзейнасці, каардынавала іх у назіранні за выбарамі і мірнымі акцыямі пратэстаў, а таксама дакументавала факты катаванняў.
Рэпрэсіі супраць "Вясны" і яе сябраў з'яўляюцца часткай больш шырокіх рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Толькі ў 2021 годзе ўлады закрылі больш за 275 праваабарончых і іншых незалежных арганізацый, у выніку чаго ў краіне не засталося ніводнай НДА, якая легальна дзейнічае. Акрамя таго, заканадаўчыя папраўкі да Крымінальнага кодэкса, прынятыя ў снежні 2021 года, ізноў увялі крымінальную адказнасць за "дзеянні ад імя незарэгістраваных ці ліквідаваных арганізацый". Такім чынам, ліквідацыя ўладамі ўсіх незалежных праваабарончых арганізацый прывяла да фактычнай крыміналізацыі праваабарончай дзейнасці. Правы на свабоду выказвання меркавання, асацыяцыі і мірных сходаў, замацаваныя ў міжнародных дакументах па правах чалавека, у тым ліку ў Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаваным Беларуссю, у апошнія гады груба і бесперапынна парушаліся ўладамі, што мела негатыўнае ўздзеянне на грамадзянскую супольнасць у краіне.
Арганізацыі, якія падпісаліся ніжэй, асуджаюць працяг адвольнага затрымання Марфы Рабковай і Андрэя Чапюка, а таксама кіраўніка "Вясны" Алеся Бяляцкага, сябра Рады "Вясны" і віцэ-прэзідэнта FIDH Валянціна Стэфановіча, юрыста і каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміра Лабковіча, юрыста гомельскай філіі "Вясны" Леаніда Судаленкі і валанцёркі Таццяны Ласіцы і заклікаюць да іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення, што ўключае адмену прысудаў Судаленку і Ласіцы і спыненне адвольнага адміністрацыйнага і крымінальнага пераследу ўсіх тых, хто яшчэ чакае суду.
Арганізацыі, якія падпісаліся, зноў заяўляюць пра сваю падтрымку "Вясны" і ўсіх яе сябраў і заклікаюць беларускія ўлады цалкам выконваць свае міжнародныя абавязальніцтвы ў галіне правоў чалавека, а таксама паважаць і абараняць дзейнасць праваабаронцаў і праваабарончых арганізацый і забяспечыць ім магчымасць працаваць без рэпрэсій і запалохванняў.
- Amnesty International
- ARTICLE 19
- Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава
- Беларускі Хельсінкскі камітэт
- Цэнтр грамадзянскіх свабод (Украіна)
- Civil Rights Defenders
- Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH), у межах Абсерваторыі па абароне праваабаронцаў
- Front Line Defenders
- Хельсінкскі фонд па правах чалавека
- Фонд "Дом правоў чалавека"
- Human Rights Watch
- International Partnership for Human Rights
- Libereco — Partnership for Human Rights
- Нідэрландскі Хельсінкскі камітэт
- Нарвежскі Хельсінкскі камітэт
- Östgruppen (Шведская ініцыятыва за дэмакратыю і правы чалавека)
- People in Need
- Right Livelihood
- Сусветная арганізацыя супраць катаванняў (OMCT), у межах Абсерваторыі па абароне праваабаронцаў