"Цяпер я разумею, што гэта верх цынізму". Разбіраемся з экс-палітзняволенай, як фальсіфікавалі "справу цюкоў"
Год таму, 1 верасня, МУС адрапартавала аб затрыманні групы мінчукоў, якія размалявалі "пратэснымі надпісамі" больш як 80 цюкоў з сенажом на полі пад Дзяржынскам. Акцыю ініцыяваў праз Telegram "невядомы хлопец", якога потым не апынулася сярод фігурантаў справы, затрымлівалі ўсіх жорстка: з аўтаматамі, дронами і збіваннямі. Праз пяць месяцаў суддзя Стоўбцаўскага раёна Вікторыя Суднік асудзіла шасцярых чалавек да года калоніі за "хуліганства", а шматдзетнай маці прызначыла паўтара года "хатняй хіміі". Фігуранты гучнай справы ўжо адбылі тэрміны, аднак пытанні наконт яе ўсё яшчэ засталіся. Асуджаная да года зняволення па гэтай справе Алена Дзядзюля, якая вызвалілася ў траўні з гомельскай жаночай калоніі, распавядае пра тое, як і хто фальсіфікаваў рэзанансную "справу цюкоў".
Як жа ўсё адбылося? У групе быў восьмы чалавек, якога не апынулася сярод затрыманых
Віна фігурантаў справы пацвярджалася на судзе паказаннямі сведак — супрацоўнікаў міліцыі і калгасу, актам спісання, у якім пра фарбу не было нічога сказана, прызнаннем віны аднаго абвінавачанага. Яшчэ на судзе абвінавачаныя заяўлялі, што акцыю, па сутнасці, арганізаваў "невядомы хлопец", які у Telegram прапанаваў абвінавачаным размаляваць цюкі пад Дзяржынскам. На судзе яго апісвалі як 27-гадовага хлопца ў чорнай вопратцы і масцы.
"Мабыць, гэта быў падстаўны супрацоўнік міліцыі", — казаў на судзе палітвязень.
Паводле абвінавачаных, у машыне "невядомы хлопец" распавядаў "нейкія свае гісторыі, паводзіў сябе крыху дзіўна, вельмі падлізваўся, спрабаваў падсунуцца бліжэй", і гэта "крыху ўстрывожыла" адну з абвінавачаных. Згодна з ейнымі словамі, менавіта ён напісаў ёй загадзя, што яны паедуць на Пціч па іншых. Ён сказаў, што там будуць усе людзі, а што канкрэтна там павінна быць, яна не ведала.
Сярод затрыманых яго не апынулася.
"Я так і не разумею: ці гэта быў наш чалавек і ў яго атрымалася збегчы, ці гэта быў супрацоўнік міліцыі, які з намі ехаў у машыне", — кажа пасля вызвалення Алена Дзядзюля.
На судзе яго не дапытвалі ў якасці сведкі. Ён таксама не фігураваў у матэрыялах справы.
Былы палітвязень па гэтай справе Максім Дубешка ў інтэрв'ю "Зеркало" расказаў:
"Яны [сілавікі] былі ў курсе, дзе мы знаходзімся, колькі нас, дзе стаяць нашы машыны. Пачалі крычаць: "Рукі за галаву!" Паклалі тварам у зямлю, пазначылі фарбай патыліцы і запясці, размалявалі нашу вопратку. Нейкі чалавек у пінжачку зняў нас на відэа і перадаў у РАУС. Пазней гэтыя людзі ў справе не фігуравалі наогул, як быццам іх і не было. Арганізатара гэтага мерапрыемства сярод затрыманых не апынулася. Шчыра, я нават не разглядаў варыянт, што хтосьці можа хаатычна сабраць людзей з розных чатаў і наўмысна зладзіць правакацыю. Навошта? Аказваецца, ёсць навошта: каб ён мог даць справаздачу, атрымаць ліст з падзякай ці падвышэнне па службе".
"На полі іх білі, на вопратцы малявалі крыжы, мне тапталі руку нагой" — экс-палітзняволеная Алена Дзядзюля распавяла пра "справу цюкоў"
Абвінавацілі ў псаванні сенажу, але не фарбаванне цюкоў прывяло да гэтага
Згодна з версіяй абвінавачвання, усяго абвінавачаныя нанеслі фарбавальнікам чырвонага і чорнага колераў выявы рознага зместу на 82 пачкі сенажу, якія належалі ААТ "Крутагор'е-Петкавічы", тым самым пашкодзіўшы пачкі, з якіх 82 цюкі з сенажом з прычыны парушэння тэхналогіі захоўвання прыйшлі ў непрыдатны для далейшага выкарыстання стан,то бок былі знішчаны, у выніку чаго прычынілі маёмасную шкоду арганізацыі на агульную суму 1512 рублёў, такім чынам здзейснілі наўмысныя дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак і выказваюць відавочную непавагу да грамадства, суправаджаюцца пашкоджаннем і знішчэннем чужой маёмасці, здзейсненае групай асобаў злоснае хуліганства, што вылучаецца па сваім змесце выключным цынізмам (ч. 2 арт. 339 КК). "Справу цюкоў" вяла цэлая следчая група. Адзін з іх — следчы Дзяржынскага РАСК капітан юстыцыі А. А. Лятун. Ён па ўзгадненні з часовым выканаўцам абавязкаў начальніка Дзяржынскага РАСК падпалкоўнікам юстыцыі У. В. Пушкарэвічам выстаўляў абвінавачванне Алене Дзядзюлі.
У судовым пасяджэнні было агучана некалькі прычынаў псавання сенажу, а менавіта:
- Парушэнне герметычнасці рулонаў,
- Парыў аграстрэйч-плёнкі,
- Ад нераўнамернага награвання сенажу і перападаў тэмпературы;
- Парушэнне тэрмінаў для ферментацыі сенажу;
- Насычэнне 12 слаёў аграстрэйч-плёнкі фарбавальным рэчывам;
- Трапленне вільгаці ў сянаж;
- Колатыя пашкоджанні рулонаў;
- Парушэнне святлопразрыстасці плёнкі.
Сярод іх няма нанясення фарбы. Сапраўдная прычына псавання сенажу так і не была выяўлена.
Дзеянні сямі палітвязняў не маглі кваліфікавацца як "злоснае хуліганства" паводле ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса, бо яны не маглі прывесці да псавання сенажу ААТ "Крутагор'е Пятровічы".
Цюкі сапсаваліся ад фізічных пашкоджанняў. Што ў дакументах?
У матэрыялах справы ёсць выснова ДУ "Дзяржынская раённая ветэрынарная станцыя" №144а/282а ад 16 лістапада 2021 года, у якой вызначана, што ўсе 72 рулоны пашкоджаны цвіллю, маюць гнаявы, гніласны пах. У гэтых дакументах пазначана прычына псавання сенажу — парыў аграстрэйч-плёнкі. Пра фарбавальныя рэчывы няма аніводнага згадвання.
Таксама няма ні слова пра фарбу ў акце спісання ААТ "Крутагор'е-Петкавічы", які быў падпісаны ўжо пасля пачатку суда. Там было адзначана, што цюкі сапсаваліся ад фізічных пашкоджанняў, хоць палітвязням не выстаўлялі парывы, парэзы. На судзе адзін сведка наўпрост заявіў, што акт падпісаны пасля пачатку суда.
"У іх паказаннях прасочваецца безгаспадарлівасць і безадказнасць". А што казалі супрацоўнікі ААТ на судзе?
На судзе былі дапытаны сем супрацоўнікаў ААТ "Крутагор'е Петкавічы": галоўны заатэхнік ААТ "Крутагор'е Петкавічы" А. А. Гуштук, брыгадзір комплекснай брыгады Д. Л. Хаменка, галоўная эканамістка Т. В. Тарантухіна, вядучы інжынер С. А. Трыгуб, жывёлагадовец В. В. Какошын, трактарыст Р. Н. Брындзікаў, дырэктар Ю. П. Клімаш. Падчас працэсу стала вядома, што двое абвінавачаных па справе прапанавалі следчым цалкам выкупіць размаляваныя цюкі ці абмыць іх (бо ў аднаго абвінавачанага свая клінінгавая кампанія), але прапановы нават не перадалі дырэктару калгасу.
"Было зразумела, што ім сказалі расказаць на судзе, што цюкі папсаваліся ад фарбы, а якім чынам, яны нават не дамовіліся: адзін казаў, што няправільна святло трапляе, іншы — фарбай плёнка папсавалася, трэці — сваю версію", — заўважае Алена Дзядзюля.
"Суд не мае падставаў сумнявацца ў аб'ектыўнасці паказанняў сведак, бо яны паслядоўныя, не знаходзяцца ў супярэчнасці паміж сабой і іншымі доказамі, здабытымі на стадыі папярэдняга расследавання і ў судовым пасяджэнні. Падставаў у сведак агаворваць абвінавачаных няма", — гаворыцца ў прысудзе суда. |
Галоўны заатэхнік А. А. Гуштук на судзе ў сваіх паказаннях адзначыў некалькі прычынаў псавання сенажу. Вось што ён казаў на працэсе:
"Калі пачалі скормліваць, убачылі, што яны сапсаваныя", "былі падраныя, зняты часткі плёнкі", "маглі парвацца на траліку", "былі разарваныя", "ад фарбы не, плеснее ад вільгаці", "маглі быць і іншыя ўздзеянні на цюкі".
"З паказанняў Гуштука становіцца зразумела, што сапраўднай прычыны псавання рулонаў з сенажом ён паказаць не можа, але спрабуе схаваць сваю безгаспадарлівасць", — кажа Алена Дзядзюля.
Брыгадзір Хаменка ў сваіх паказаннях прамаўляе наступнае: "на якасць уплывае герметычнасць", "праз тры дні ўсе цюкі былі белыя". З гэтых паказанняў становіцца зразумела, што сапсавацца сянаж можа толькі пры парушэнні герметычнасці рулонаў, што і пацвярджаецца тэхналогіяй нарыхтоўкі.
"Якім чынам была парушана герметычнасць рулонаў фарбавальнымі рэчывамі, у судовым пасяджэнні не было прадстаўлена, і экспертызы не праводзіліся", — звяртае ўвагу былая палітзняволеная.
Галоўная эканамістка Т. В. Тарантухіна на судзе адзначыла, што на полі з сенажом не была і рулоны не бачыла, а толькі робіць здагадку, што нанясенне фарбавальнага рэчыва на плёнку парушыць ейную святлопразрыстасць. Відавочна, што эканамістка з прычыны займанай пасады і не можа даць ацэнку псаванню сянажу.
Вядучы інжынер С. А. Трыгуб расказаў на судзе, што на рулонах былі колатыя пашкоджанні, але ён іх не фіксаваў і нікуды пра гэта не дакладаў. Брыгадзір Д. А. Хаменка казаў на працэсе: "Цюкі былі перакуленыя малюнкамі ўніз", "у першы дзень пасля расфарбоўвання іх перакулілі".
Дырэктар ААТ "Крутагор'е-Петкавічы" Юрый Клімаш грунтаваў свае паказанні на дакладах сваіх супрацоўнікаў. На судзе ён сцвярджаў, што сянаж з размаляваных цюкоў нельга было выкарыстоўваць для подсцілкі жывёлам, бо "фарбавальнік мог прасачыцца ў сена і атруціць жывёлаў, якія жуюць подсцілку". А трава, якая не насыцілася экскрыментамі жывёл, не нясе нічога карыснага пры кампаставанні, толькі павялічвае аб'ём, таму ўсе цюкі знішчаны.
"Пры азнаямленні з матэрыяламі справы відаць, што ў паказаннях сведак прасочваецца безгаспадарлівасць і безадказнасць супрацоўнікаў ААТ "Крутагор'е-Петкавічы". Што і з'яўляецца падставай перакладання віны ў знішчэнні маёмасці на мяне і астатніх абвінавачаных", — робіць высновы Алена Дзядзюля.
Зранку пасля таго, як усіх затрыманых 1 верасня даставілі ў Дзяржынскі РАУС, паводле былой палітзняволенай, у аддзеле абураліся, што цюкі з "пратэснымі надпісамі" ўсё яшчэ знаходзяцца на полі:
"Там мы чакалі да раніцы. Чулі, як яны [супрацоўнікі] панікавалі і крычалі, што цюкі дагэтуль не прыбраны з поля. А там торф, мяккая зямля, таму тэхніка не магла пад'ехаць да іх".
Шэсць палітвязняў па "справе цюкоў" асудзілі да калоніі. На затрыманых сілавікі малявалі свастыку
Паказанні міліцыянтаў на судзе адрозніваюцца ад афіцыйнай версіі МУС
Год таму, уначы 1 верасня, на полі непадалёк ад Дзяржынска падчас размалёўвання "пратэснымі малюнкамі" цюкоў сена былі затрыманы сем чалавек. Алена распавядала, што сілавікі іх ўжо чакалі на полі і "тэхнікі было, як на праспекце, больш за дзесяць адзінак дакладна". Хоць паводле матэрыялаў справы, іх затрымлівалі ўсяго тры міліцыянты.
"Супергероі проста! Былі два віды супрацоўнікаў: хутчэй за ўсё, АМАП і САХР. Яны былі з аўтаматамі, над намі лёталі дроны. Каля цюкоў хлопцаў білі, на вопратцы малявалі крыжы нашымі балончыкамі, крычалі. Мне тапталі руку нагой… Дзякуй богу, што зямля была мяккая. Гэта было як у фільме жахаў — рука сыходзіць пад зямлю".
На судзе ў якасці сведак былі дапытаны оперупаўнаважаныя крымінальнага вышуку Дзяржынскага РАУС Д. А. Жыгала і Д. В. Круглік, а таксама оперупаўнаважаны ўпраўлення па процідзеянні кіберзлачыннасці УУС Мінаблвыканкама Д. М. Брухацкі. З дакументаў па справе вядома, што затрыманне таксама ажыццяўляў старэйшы оперупаўнаважаны аддзела крымінальнага вышуку Дзяржынскага РАУС маёр міліцыі М. Ю. Быстры. Пастанову аб затрыманні складаў следчы Дзяржынскага РАСК лейтэнант юстыцыі Я. Ю. Касіловіч, а часовы выканаўца абавязкаў начальніка Дзяржынскага РАСК падпалкоўнік юстыцыі У. В. Пушкарэвіч узгадніў гэта. Фігурантаў "справы цюкоў" дзесяць сутак трымалі ў ІЧУ Дзяржынскага РАУС у нечалавечых умовах — Алена распавядала пра гэта раней.
Брухацкі на працэсе расказаў, што "ўвечары 31 жніўня 2021 года ад начальніка Дзяржынскага РАУС яму паступіла інфармацыя, што невядомыя асобы збіраюцца здзейсніць супрацьпраўныя дзеянні на полі каля трасы "М1 Е30 Брэст — Мінск — мяжа Расійскай Федэрацыі", у сувязі з чым ён сумесна з оперупаўнаважанымі Дзяржынскага РАУС прыбылі на паказаны ўчастак". На судзе ён распавёў, што імі была заўважана група з шасці чалавек, якія рухаліся да мікрааўтобуса. Выявіўшы, што на цюках з сенажом ёсць розныя сімвалы, пачалі праводзіць затрыманне.
Д. А. Жыгала на судзе таксама сказаў, што 31 жніўня ад кіраўніцтва Дзяржынскага РАУС яму "паступіла ўказанне выбыць на поле", і калі яны ўжо прыехалі, то ўбачылі там групу. Д. В. Круглік на судзе сказаў, што яму таксама паступіла ўказанне выбыць з папярэднімі супрацоўнікамі на поле, "бо там здзяйсняліся супрацьпраўныя дзеянні".
Аднак пасля затрымання прэс-служба МУС паведамляла, што "1 верасня ў Дзяржынскі РАУС паступіла паведамленне ад відавочцаў, якія звярнулі ўвагу на кампанію ў полі каля трасы М1. Некалькі чалавек размалёўвалі спакаваныя цюкі саломы. Міліцыянты неадкладна выбылі на месца. Нягледзячы на спробу ўцячы, удзельнікаў перформансу затрымалі".
Такім чынам, нават паказанні дапытаных міліцыянтаў на судзе адрозніваюцца ад афіцыйнай версіі МУС.
"Гэтая цынічнасць суддзі мяне здзівіла". А суддзя што?
31 студзеня 2022 года суддзя Стоўбцаўскага раёна Вікторыя Суднік вынесла прысуды па рэзананснай "справе размаляваных цюкоў з саломай". Сем палітвязняў па справе прызнаны вінаватымі паводле ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства групай асобаў). Усім, акрамя Кацярыны Арыка, Суднік прызначыла год калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму – Андрэю Арыку, Максіму Дубешку, Аляксандру Бабко, Вользе Дубовік, Алене Дзядзюлі, Ігару Мысліўцу.
Кацярыну асудзілі на паўтара года "хатняй хіміі" і вызвалілі ў зале суда.
Вядома, што Вікторыя Суднік працуе ў судзе Стоўбцаўскага раёна з 2016 года. Што характэрна, 31 снежня 2021 года яна была перапрызначаная загадам Лукашэнкі на пасаду суддзі, а ўжо праз месяц Суднік вынесла палітычна матываваныя прысуды адразу сямі палітвязням.
Фігурантка "справы цюкоў" распавядае:
"Цяпер я разумею, што гэта верх цынізму: вывесці на судзе да таго, што справа сфальсіфікавана, і потым асудзіць людзей на год зняволення. Наколькі можна быць жорсткім і цынічным чалавекам? Слухаючы і разумеючы, што дакументы сфальсіфікаваны, што сведкі блытаюцца ў паказаннях і хлусяць, вынесці такі прысуд. Гэтая цынічнасць суддзі мяне здзівіла. Я не магу зразумець гэтае рашэнне суддзі…"
Былая палітзняволеная адзначае, што прысуд суддзя зачытала тэхнічна — эмоцый не было бачна праз супрацьвірусную маску на твары. Паводле Алены, пачала суддзя вывучаць справу вельмі падрабязна. Сведак у судзе дапытвалі два поўныя дні. З прычыны адпачынку дырэктара калгасу суд адклалі на тыдзень.
"Мне расказалі, што суды Дзяржынска, Жодзіна, Мінскі раённы суд адмовіліся нас судзіць. Але пагадзіўся Стоўбцаўскі суд. На першых днях суду сядзелі вельмі сур'ёзныя "палкоўнікі", якія абураліся, што вельмі доўга судзяць нас і што яны штодня будуць ездзіць з Мінска. Бліжэй да канца суд паскорыўся і хутка вынеслі прысуд. Мабыць, указ зверху прыйшоў. На апошніх працэсах гэтых "палкоўнікаў" ужо не было", — распавядае Алена.
"Мае дзеянні ніякім чынам не маглі пашкодзіць цюкі з сенажом". Падача апеляцыі
Усе супярэчнасці па справе Алена Дзядзюля выказала ў апеляцыйнай скарзе.
"Я яшчэ раз хачу заявіць, што мае дзеянні ніякім чынам не маглі пашкодзіць цюкі з сенажом, нанясучы фарбы на ўпаковачны матэрыял, а менавіта на аграстрэйч-плёнку ў 12 слаёў, прывесці да гніення і цвілі сянажу немагчыма. Усе доказы ў судзе грунтуюцца толькі на меркаваннях сведак і іх здагадках. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь меркаванні, здагадкі, сумнеўныя выказванні не могуць з'яўляцца доказамі", — пісала яна ў апеляцыі.
Але судовая калегія Мінскага абласнога суда пад старшынствам сумнавядомага суддзі Сяргея Епіхава пакінула яе без задавальнення.