Андрэй Чапюк у апошнім слове: "Праўда, аб'ектыўнасць і справядлівасць мацнейшыя за бандыцкія метады МУС і КДБ"
У Мінскім гарадскім судзе 6 верасня вынеслі прысуд адразу дзесяці палітзняволеным: каардынатарцы Валанцёрскай службы "Вясны" Марфе Рабковай — 15 гадоў калоніі, валанцёру Андрэю Чапюку — 6 гадоў калоніі, актывістам анархісцкага руху Аляксандру Францкевічу— 17 гадоў калоніі, Акіхіру Гаеўскаму-Ханаду — 16 гадоў калоніі, Аляксею Галаўко — 12 гадоў калоніі, Аляксандру Казлянку, Паўлу Шпетнаму, Мікіту Дранцу — па 6 гадоў калоніі, Андрэю Марачу, Данілу Чулю — па 5 гадоў калоніі. Суд у закрытым рэжыме цягнуўся чатыры з паловай месяцы — агулам прайшло 70 працэсаў па 158 тамах матэрыялаў крымінальнай справы. Суддзя Сяргей Хрыпач прызначыў фігурантам справы менавіта такія тэрміны, якія запатрабаваў пракурор Раман Бізюк. Праваабаронцам перадалі прамову, якую 26-гадовы палітвязень Андрэй Чапюк падрыхтаваў да апошняга слова.
«У сваім апошнім слове я хацеў бы сказаць, што мне вельмі сорамна за беларускую судовую сістэму, за следчыя органы, якія ўмеюць пісаць якасны гумар! Цягам ўсяго працэсу мы вельмі часта смяяліся з працы пракурора, следства. Загатоўка (меркавана ад ГУБАЗа) для спрэчак пракурора — гэта найлепшае, што гучала ў залі. Гумар якасны! Я не ўяўляю, хто, будучы ў здароўі, можа сур'ёзна ўспрымаць гэты працэс і канкрэтна абвінавачанне. Пра тое, што справа палітычна матываваная, кажа і колькасць артыкулаў, і само абвінавачанне.
Я ведаю, што кожны ў хуткім часе адкажа за свае дзеянні, за свае рашэнні перад грамадствам. Не трэба гэта расцэньваць як пагрозу. Рэальнасць паказвае, што праўда, аб'ектыўнасць і справядлівасць мацнейшыя за бандыцкія метады МУС і КДБ. Людзі не палохаюцца ўстаць на шлях барацьбы за правы! Бо законы, працэсуальныя нормы можна трактаваць у зручны сабе бок. А можна і зусім на іх не звяртаць увагі, бо «высокі суд» сам дае ацэнку чаму-небудзь. Падчас затрымання ў дачыненні да мяне і іншых абвінавачаных ужываўся гвалт, як фізічны, так і псіхалагічны. Пацверджанне маіх словаў маецца ў матэрыялах справы. У цяперашні час гэта з'яўляецца нормай палітычна матываваных спраў.
За без малога два гады майго ўтрымання ў СІЗА я пераканаўся, што следчым органам складана зламаць волю беларуса/беларускі без змяшчэння ў перапоўнены карцар ІЧУ, без пастаноўкі на прафулік, унясення ў спіс асоб, нібыта датычных да тэрарыстычнай дзейнасці, без усялякага гвалту цягам усіх этапаў працы рэпрэсіўнай машыны. Беларусы губляюць здароўе праз гэтыя дзеянні, беларускія сем'і бурацца. Навошта органу, які надзялілі ўладай і паўнамоцтвамі, трэба здзяйсняць вышэйзгаданыя дзеянні, кожны вырашае для сябе сам.
Я хачу, падсумаваўшы, сказаць дзякуй усім беларусам! І асобны дзякуй тым, хто аказваў дапамогу людзям, якія апынуліся ў бядзе, у гэты неспакойны час. Беларусь будзе вольнай!»