Да трох гадоў калоніі і вялікага штрафу за "абразлівыя" каментары асудзілі жыхара Салігорска
У судзе Цэнтральнага раёна Менска 29 жніўня за каментары ў інтэрнэце да трох гадоў зняволення і 200 базавых велічыняў штрафу асудзілі 41-гадовага жыхара Салігорска Аляксандра Адзярыху. Яго абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса), старшыні КДБ Івана Церцеля, старшыні ЦВК Людмілы Ярмошынай, дэпутатаў, міністраў замежных спраў і па надзвычайных сітуацыях, а таксама пракурора (арт. 369 Крымінальнага кодэкса). Прысуд вынес суддзя Дзмітрый Карсюк.
Паводле версіі абвінавачвання, Аляксандр Адзярыха з траўня па лістапад 2021 года "размяшчаў на розных рэсурсах у сетцы інтэрнэт абразлівыя каментары ў адрас Лукашэнкі". Таксама мужчына пакінуў абразлівыя тэксты ў ненарматыўнай форме ў дачыненні да старшыні Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь Івана Церцеля, старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Людмілы Ярмошынай, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, міністраў замежных спраў і па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, а таксама пракурорскага работніка.
У судовым пасяджэнні Аляксандр сваю віну прызнаў цалкам. Не адмаўляў, што паказаныя каментары размешчаныя ім і носяць абразлівы характар.
Пракурор Цэнтральнага раёна Мінска запатрабаваў для Аляксандра Адзярыхі тры гады зняволення і 200 базавых велічыняў штрафу (6 400 беларускіх рублёў). Менавіта такое пакаранне і прызначыў суддзя Дзмітрый Карсюк. Акрамя таго, у мужчыны канфіскавалі мабільны тэлефон як сродак здзяйснення злачынства.
Згодна з арт. 46-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь сродак здзяйснення злачынства — мабільны тэлефон, які належаў абвінавачанаму — забралі ў даход дзяржавы ў парадку спецыяльнай канфіскацыі.