viasna on patreon

Марфа ў апошнім слове: "Калі мы дапамагаем адно аднаму, выказваем салідарнасць — мы набліжаем надыход нашай Беларусі"

2022 2022-09-08T10:38:47+0300 2022-09-08T11:49:45+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/rabkova_na_sudze.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Мінскім гарадскім судзе 6 верасня палітзняволеную каардынатарку Валанцёрскай службы "Вясны" Марфу Рабкову асудзілі да 15 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыма і штрафу ў памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў ці больш за 8 800 даляраў). Яна не прызнала віну ні па адным з дзесяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса, па якіх яе абвінавацілі. Цяпер Марфа — палітзняволеная, якой прызначаны самы вялікі тэрмін па "палітычнай справе" сярод жанчын і праваабаронцаў у Беларусі. 17 верасня будзе два гады, як 27-гадовую дзяўчыну ўтрымліваюць за кратамі ў СІЗА-1. За гэты час у яе памерлі бацька і бабуля, пачаліся моцныя праблемы са здароўем. Праваабаронцам "Вясны" перадалі прамову, якую Марфа Рабкова рыхтавала да апошняга слова — публікуем яе цалкам. 

Марфа Рабкова на судзе 25 красавіка
Марфа Рабкова на судзе 25 красавіка

Мы жывём у эпоху перакручаных ісцін: дабро караецца, зло праслаўляецца, паняцце свабоды звужаецца да межаў уласнай свядомасці, пры гэтым урываюцца і ў гэтую зону, выкарыстоўваючы арт. 13 Крымінальнага кодэкса, так званы "намер". Думказлачынства цяпер не існуе дзесьці ў антыўтопіях, а квітнее ў беларускай рэчаіснасці.

Усё сваё жыццё я пражыла пры кіраванні Лукашэнкі. Я нарадзілася і вырасла ў межах гэтай сістэмы. Вы навешваеце на мяне бірку экстрэміста, сцвярджаеце, што я з'яўляюся "дэструктыўным элементам", "азлобленай", што я "згубіла свае карані". Але я такая ж частка грамадства, як і вы ўсе. Маё адрозненне толькі ў тым, што я называю рэчы сваімі імёнамі і не магу на іх не рэагаваць. Гвалт — гэта гвалт, рэпрэсіі — гэта рэпрэсіі, а вайна — гэта вайна. І іначай быць не можа. Мне сорамна, калі дарослыя і адукаваныя людзі закрываюць свае вочы і вушы, супакойваюць сваё сумленне, не ўдумваюцца ў тую дзейнасць, якой займаюцца. Колькі трэба адвагі, каб не рабіць дрэннага? Колькі трэба мужнасці, каб у межах сваёй сферы ўплыву дзейнічаць паводле агульначалавечых канонаў? Што трэба для таго, каб спыніць ланцуг распачатага зла? З чым мы ўсе застанемся, калі ўсё скончыцца? Што мы будзем казаць сваім дзецям і ўнукам? Што вы пакінеце пасля сябе ў гэтым свеце? Пытанні, адказы на якія вы трымаеце перад самімі сабой і будучыняй, а яна кожную секунду прымінае нас да сябе.

Я не прызнаю віну ні па адным прад'яўленым абвінавачванні. Лічу іх цалкам сфабрыкаванымі, абсурднымі, выдуманымі супрацоўнікамі ГУБАЗіК. Калі ў краіне няма арганізаванай злачыннасці, відаць, яе трэба стварыць. Дзеля таго, каб апраўдаць існаванне цэлага ўпраўлення, якое ў апошняе дзесяцігоддзе маштабна пашырылася і дазваляе сабе такія метады працы, якія хутчэй нагадваюць дзеянні Гестапа, а не супрацоўнікаў, пакліканых абараняць людзей.

Я таксама не лічу вінаватымі тысячы людзей, якія пакутуюць у турмах нашай краіны. Кожны чалавек мае правы, кожны чалавек з'яўляецца асобай, кожнае меркаванне павінна паважацца, а жыццё і свабода з'яўляюцца найвышэйшымі і абсалютнымі каштоўнасцямі. Гуманізм, справядлівасць, эмпатыя, развіццё, адказнасць за тое, што адбываецца вакол нас, — гэта вехі, на якіх стаіць будучыня. Адмаўляючы іх, вы адмаўляеце саму будучыню, якая ў кожным разе надыходзіць, яна непазбежная. Будучыня — гэта змены, бо прагрэс — гэта заўжды рух і імкненне наперад. Беларускі народ заслугоўвае годнага ўзроўню жыцця, паважлівага стаўлення да сябе, захавання правоў кожнага чальца грамадства, дзяржавы, якая будзе працаваць дзеля народа, а не насуперак яму.

Хачу падзякаваць свайму цудоўнаму мужу, сваёй маме, усёй сваёй сям'і, сябрам і блізкім, калегам, адвакатам, а таксама ўсім неабыякавым беларусам і беларускам за дапамогу і салідарнасць на гэтым цярністым шляху зняволення. Дзякуй, што не забываеце мяне і застаяцеся са мной.

Я бачыла столькі добрых і светлых твараў, я бачыла столькі сапраўдных людзей, што ўпэўненая — мы абавязкова ўсё пераадолеем, па-іншаму проста быць не можа. Штораз, калі мы дапамагаем адно аднаму, клапоцімся, працягваем руку ўзаемадапамогі, выказваем салідарнасць, калі наша сэрца не глухое да чужога болю — мы набліжаем надыход нашай будучыні, нашай Беларусі. Не адчайвайцеся і верце ў сябе, у свае сілы! Праўда на нашым баку!

Жыве Беларусь і Слава Украіне!

Марфа Рабкова. Жнівень 2022


Апошнія словы іншых палітвязняў па гэтай справе:

"Я ведаю і веру — мы ўбачым увасабленне дэмакратыі", — у апошнім слове Францкевіч

Моцнае апошняе слова 32-гадовага палітзняволенага анархіста Аляксандра Францкевіча, асуджанага ўчора да рэкорднага турэмнага тэрміну па гэтай справе.

Андрэй Чапюк у апошнім слове: "Праўда, аб'ектыўнасць і справядлівасць мацнейшыя за бандыцкія метады МУС і КДБ"

Праваабаронцам перадалі прамову, якую 26-гадовы палітвязень Андрэй Чапюк падрыхтаваў да апошняга слова.

"Такое прадстаўленне не вартае нават пухавіцкага палаца культуры", — Акіхіра Гаеўскі-Ханада ў апошнім слове

Праваабаронцам перадалі прамову, якую 22-гадовы палітвязень Акіхіра Гаеўскі-Ханада падрыхтаваў да апошняга слова.

"158 тамоў кажуць не пра нашу вінаватасць, а пра палітычную матываванасць працэсу", — Аляксандр Казлянка ў апошнім слове

Апошняе слова палітзняволенага Аляксандра Казлянкі.

Падтрымайце палітвязняў лістамі салідарнасці, грашовымі пераводамі, пасылкамі і тэлеграмамі па адрасе:

СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

  1. Марыя Аляксандраўна Рабкова
  2. Андрэй Сяргеевіч Чапюк
  3. Акіхіра Святаслававіч Гаеўскі-Ханада
  4. Аляксандр Уладзіміравіч Францкевіч
  5. Мікіта Вадзімавіч Дранец
  6. Аляксандр Аляксандравіч Казлянка
  7. Даніла Раманавіч Чуль
  8. Аляксей Ігаравіч Галаўко
  9. Андрэй Ігаравіч Марач 
  10. Павел Аляксандравіч Шпетны

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства