Пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму палітвязню Алегу Канавалаву
У Гомельскім абласным судзе 7 верасня вынеслі прысуд 27-гадоваму палітвязню Алегу Канавалаву. Яго абвінавацілі адразу па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса:
- ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх);
- ч. 1 арт. 361-1 (Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім);
- арт. 369 (Знявага прадстаўніка ўлады);
- ч. 1 арт. 368 (Абраза прэзідэнта);
- ч. 1 арт. 130 (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы).
Справу разглядаў суддзя Алег Харошка.
Алег Канавалаў — уладальнік ютуб-канала "Третий регион Беларусь" быў затрыманы 10 студзеня 2022 года, калі вярнуўся ў Беларусь на святы.
Яго абвінавацілі ў тым, што ён дэананімізаваў сілавікоў і ўжо пасля ад'езду ва Украіну працягваў «размяшчаць у сацсетцы інфармацыю антыдзяржаўнага толку, прапагандаваць супраціў прадстаўнікам улады». Мужчына загружаў на свой канал відэа з акцый салідарнасці беларусаў у Кіеве. Таксама яму ў віну ставяць "цынічныя каментары" пра загінулага супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка.
У канцы лютага 2022 года на сем сутак быў змешчаны ў СІЗА №3 у карцар.
У выніку суд прызнаў маладога чалавека вінаватым у «кіраўніцтве экстрэмісцкім фарміраваннем, арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і актыўным удзеле ў такіх дзеяннях», а таксама ў публічнай абразе Лукашэнкі, прадстаўніка ўлады і распальванні сацыяльнай варожасці.
Прысуд – пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, штраф у памеры 3200 рублёў і кампенсацыя маральнай шкоды на карысць пацярпелага міліцыянта 5000 рублёў.