viasna on patreon

Маці палітвязня Аляксея Галаўко: "Лёшаў сябра за магчымасць праз дзверы паглядзець на сына заплаціў 12 соднямі сваёй свабоды"

2022 2022-09-10T14:23:57+0300 2022-09-12T10:00:45+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/halauko_1.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

6 верасня палітзняволенага Аляксея Галаўко асудзілі да 12 гадоў калоніі. Праз дзень яму дазволілі спатканне з маці: яны бачылі адзін аднаго праз шкло і гутарылі гадзіну. Алена Галаўко распавяла "Вясне" пра настрой сына, ягоны фізічны стан і тое, як можна цяпер падтрымаць Лёшу.

"Атрымалася сустрэцца з Аляксеем у чацвер. Спатканне цягнулася гадзіну, гэта зусім няшмат. Толькі пачалося – ужо і скончылася. Выглядае Аляксей, як чалавек праз паўтара года зняволення – стомлена. Хварэе. Есць хранічныя праблемы з носам, якія патрабуюць хірургічнага ўмяшальніцтва. З ліста: “Ну, хварэць надакучыла. Ды ў мяне і на тым свеце нос закладзены будзе”. 

Нейкага аптымізму я не пабачыла. Падрыхтаваў спіс <неабходных рэчаў> – рыхтуецца да калоніі. Палову спаткання акурат яго і абмяркоўвалі. Ён пасміхаецца і жартуе – аднак гэта ягоныя рысы характару, супраць сваёй прыроды не пойдзеш. Калі спытала, як настрой, адказаў: дэпрэсіўна-пасіўны.

Пытаўся, чаму нікога з нас не было на апошнім пасяджэнні, таму другую палову спаткання распавядала пра тое, што тэатр абсурду адбываўся не толькі з іх боку, але і па другі бок дзвярэй таксама. Пра тое, што спецыяльна былі створаныя ўмовы, каб не ўсе ахвочыя патрапілі на пасяджэнне. А потым ужо прайшлі запланаваныя загадзя затрыманні запланаваных загадзя 15 чалавек. Дарэчы, з 15 затрыманых 8 чалавек прыйшлі менавіта Лёшу падтрымаць. Лёшаў сябра Даніла за магчымасць праз дзверы паглядзець на сына заплаціў 12 соднямі сваёй свабоды. Каб усе, хто стаяў ля дзвярэй, маглі хаця б краем вока пабачыць сваіх, мы мяняліся месцамі. Цяпер вельмі чакаем вызвалення Данілы (як і ўсіх палітвязняў).

З некаторых рэчаў пасмяяліся – такія прыгоды берасцейцаў у Мінскім гарадскім судзе і Фрунзенскім РАУС. “Суд” асабліва не абмяркоўвалі, “прысуд” таксама. Наогул мне падалося, што менавіта гэты “судовы працэс” прэтэндуе на самы трагікамічны за апошнія два гады. Як паставіліся да прысуду? Як можна паставіцца да несправядлівага жорсткага прысуду? Філасофскі. Праўда на нашым баку, гэта дае ўнутраную моц. Хоць адназначна нічога добрага ў цяперашняй сітуацыі няма.

Лістоў ад Лёшы апошні час было зусім мала. Не дзіўна, бо на суд хадзіў, як на працу. Такое сумнеўнае задавальненне. 

halauko_malunak.jpg
Малюнак, які Лёша даслаў у адным з лістоў

Падтрымаць Аляксея зараз можна грашовымі пераводамі, яны абавязкова дойдуць. Таксама лістамі – ну, тут ужо вялікае пытанне, дойдуць ці не. Казаў, што лісты толькі ад мяне прыходзяць. Прасіў адпраўляць фотаздымкі. Выявы з прыродай добра разыходзяцца замест паштовак. Пасылкі і бандэролі зараз лепей не дасылаць, на Валадарку ўсе адно не паспеюць дайсці. Тым больш там зараз нейкі чарговы аншлаг з пасылкамі, доўга чакаюць сваей чаргі: так было на Новы год і Вялікдзень.

Карыстаючыся момантам, скажу, што не трэба чакаць свята або прысуду, каб адправіць зняволенаму пасылку. Людзі сядзяць там месяцамі, а некаторыя і гадамі ў чаканні суда, таму зрабіць гэта можна ў любы дзень, не прымяркоўваючы да нейкай падзеі. А ў Берасцейскае СІЗА наогул не трэба дасылаць пасылкі без дазволу ад родных, бо там вага пасылкі залічваецца ў дазволеныя 30 кг.

Аляксей перадаваў падзякі ўсім, хто пераймаецца і падтрымлівае. Я таксама далучаюся, усім вялікі дзякуй". 

270070861_981347009132975_11848124343207

Маці палітвязня Аляксея Галаўко: "Ніякіх сумневаў, што гэта сфабрыкаваная палітычная справа, у мяне няма"

"Вясна" паразмаўляла з маці палітвязня Аляксея Галаўко — фігуранта нашумелай справы "Рэвалюцыйнага дзеяння".

Падтрымаць Аляксея лістамі салідарнасці, грашовымі пераводамі і пасылкамі можна па адрасе:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Аляксей Ігаравіч Галаўко

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства