viasna on patreon

Чарговы працэс над сілавікамі ў Мінску: абвінавачваюць у незаконных дзеяннях са зброяй і боепрыпасамі

2022 2022-09-12T09:04:17+0300 2022-09-12T11:32:46+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/mankurty-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Мінскі гарадскі суд у пятніцу, 9 верасня, пачаў разгляд адразу некалькіх крымінальных спраў у дачыненні да былога супрацоўніка КДБ Юрыя Гаркача, былога супрацоўніка падраздзялення “Алмаз” Вячаслава Сідаракіна і Сяргея Старчанкі. Судовыя працэсы праходзяць паралельна і ў закрытым рэжыме.

Усе абвінавачаныя – героі дакументальнай стужкі "Манкурты": сакрэтная аперацыя КДБ", які быў паказаны на АНТ яшчэ вясной мінулага года. У фільме КДБ вінаваціць іх у спробе вывазу з Беларусі падпалкоўніка Камітэта дзяржбяспекі Аляксея Храловіча.

У чым абвінавачваюцца былыя сілавікі?

Вячаслаў Сідаракін і Сяргей Старчанка:

ч. 3 арт 295 Крымінальнага кодэкса (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў);

ч. 1 і ч. 2 арт. 333-1 Крымінальнага кодэкса (Незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу ЕЭС або дзяржаўную мяжу РБ атрутных рэчываў, радыёактыўных матэрыялаў, агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў);

Юрый Гаркач:

ч. 2 арт. 295 Крымінальнага кодэкса (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў)

Вячаслаў Сідаракін з'яўляўся спецыялістам па падрыўной дзейнасці. У фільме “Манкурты” гаварылася, што ён супрацоўнічаў з Ігарам Макарам і ўдзельнічаў у падрыхтоўцы магчымых тэрактаў, сабраў дома ў свайго сваяка велізарны арсенал зброі і боепрыпасаў. Як паведамлялася ў фільме, ён быў затрыманы разам са сваім саўдзельнікам Юрыем Гаркачом і сваяком — Сяргеем Старчанка.

“Справа Храловіча”

38-гадовага экс-падпалкоўніка КДБ Аляксея Храловіча асудзілі 30 сакавіка ў Мінскім гарадскім судзе да 10 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафу ў памеры 500 базавых велічыняў па ч. 2 арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве, здзейсненая службовай асобай, якая займае адказнае становішча).

Пра крымінальную справу супраць падпалкоўніка вядома толькі з дзяржаўных СМІ. Год таму на тэлеканале АНТ паказалі фільм «Аперацыя КДБ “Манкурты“», у якім паведамілі пра затрыманне падпалкоўніка КДБ Аляксея Храловіча. Гэта значыць, што пад вартай сілавік знаходзіўся прыкладна з сярэдзіны сакавіка 2021 года.

За "зліў" тэлефонных размоваў Эйсмант экс-падпалкоўніка КДБ асудзілі да 10 гадоў калоніі

Аляксея затрымалі і далучылі да аператыўнай гульні, каб выявіць шляхі эвакуацыі беларусаў, якіх могуць пераследаваць па палітычных матывах. У выніку, сілавікі затрымалі групу людзей, якая яму мусіла дапамагчы.

Згодна з інфармацыяй, агучанай у фільме, Храловіч меў дачыненне да перадачы Сцяпану Пуцілу ў лістападзе 2020 аўдыя размоваў прэс-сакратаркі Лукашэнкі Наталлі Эйсмант з рознымі службовымі асобамі. Менавіта ў гэтых аўдыя вялася размова пра абставіны гібелі Рамана Бандарэнкі. Але ў гэтым жа фільме сцвярджалася, што размовы — інсцэніроўка, пра якую Храловіч не ведаў.

Што вядома пра падпалкоўніка КДБ Храловіча?

Палітвязень Аляксей Храловіч са звычайнай мінскай сям'і. У школе вельмі добра вучыўся, найлепей ведаў матэматычныя навукі. Пасля атрымання атэстата ў Мінску – паступіў у акадэмію ФСБ у Маскве і паспяхова яе скончыў.

Заўсёды спрабаваў дапамагчы сябрам і блізкім, якіх у яго было шмат. Напрыклад, у выходныя дні дапамагаў будаваць загарадны дом знаёмым. Аляксей быў заўсёды вельмі адказным, усё старанна абдумваў і ўзважваў.

У жніўні 2020 года было прыкметна заўважна, што Аляксей стаў больш засяроджаным, перажываў за тое, што адбываецца ў краіне.

Аляксей Храловіч у СІЗА КДБ
Аляксей Храловіч у СІЗА КДБ

Улетку 2020 года Храловіч нарэшце ажаніўся.

“Многія не вераць, што ён змог здзейсніць такое злачынства.Так, ягоная праца ў КДБ была звязаная з кампутарнымі тэхналогіямі. Ён вывучаў усе навінкі, і калі б адважыўся на такое, то зрабіў бы гэта пісьменна, ня пакідаючы слядоў”, — лічаць ягоныя знаёмыя.

Па гэтай жа справе быў затрыманы і ўжо асуджаны да 18 гадоў калоніі палітзняволены спецсувязіст Генштаба Узброеных сіл Дзяніс Урад.

Судовы працэс па справе былых сілавікоў працягваецца.

Як дзяржава пераследуе экс-сілавікоў і вайскоўцаў, якія выступілі супраць рэжыму Лукашэнкі

У большасці выпадкаў іх пераслед носіць яўна палітычна матываваны характар, а пра некаторыя вядома толькі з дзяржаўных медыя.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства