viasna on patreon

Мужчына, які правёў пяць сутак на Акрэсціна ў 2020-м: "Насамрэч мне пашанцавала"

2022 2022-09-12T13:16:10+0300 2022-09-12T13:16:34+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/acrescina_9w5_326.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Музыка Зміцер Бохан правёў на Акрэсціна амаль 5 сутак — з ночы 9 жніўня да вечара 14 жніўня 2020 года. Цяпер ён з'ехаў з краіны і знаходзіцца ў бяспецы. Малады чалавек распавёў "Вясне" пра затрыманне, умовы ў ізалятары ў той час, людзей, якія былі з ім побач, і пра тое, чаму ён наўрад ці вернецца жыць у Беларусь.

«У кожным двары бачылі "мусароў"»

«Я пайшоў на пратэсты мэтанакіравана. Думаю, усе загадзя ведалі, чым усё скончыцца, але гэтак жа ведалі, што трэба будзе выходзіць. Бо хацелася верыць «Голасу», а не тым вынікам, якія паказалі афіцыйна, — хацелася, каб галасы палічылі незалежна. Таму, калі мы ўбачылі афіцыйныя вынікі выбараў, запакавалі з сябрам заплечнікі, паклалі туды малачко, двухмятровыя сцягі з «Пагоняй» — і пагналі. Нам здавалася міфам, што нас «закрыюць», але, калі ішлі да «Стэлы», у кожным двары бачылі «мусароў» — ад іх колькасці рабілася не па сабе. Але мы бачылі такія ж кампаніі, якія сцякаліся да «Стэлы» — таму пачуваліся бяспечна. Мяне «скруцілі» яшчэ не падыходзе да яе і закінулі ў аўтазак. Я разумеў, што вінаваты для гэтых людзей: быў не проста «залётным» чалавекам, а ішоў баставаць».

«У шасцімясцовай камеры было 35-40 чалавек»

«Насамрэч мне пашанцавала. Я бачыў людзей, якія няблага пацярпелі ад дзеянняў праваахоўных органаў. Але як толькі я патрапіў у аўтазак, я сказаў, што ў мяне хворае сэрца, і назваў некалькі дыягназаў — мяне не чапалі. Плюс у «маім» аўтазаку працавалі чувакі з унутраных войскаў — яны былі не такімі жорсткімі, як амапаўцы. Пасля мяне перакінулі ў іншы транспарт — па дарозе я паскідваў белыя стужачкі з рук. Мой заплечнік быў набіты непрыстойнымі рэчамі, але з усяго забралі чамусьці толькі маю ўлюбёную бел-чырвона-белую кепку Supreme.

Камера на Акрэсціна
Камера на Акрэсціна

На Акрэсціна я прастаяў ва ўнутраным дворыку на каленях хвілінаў 40. Глядзеў, як людзям з белымі стужкамі прылятае па руках, і думаў: добра, што паспеў зняць свае. Мяне закінулі спачатку ў адну камеру, потым — у іншую. У шасцімясцовай камеры каля дзесяці гадзінаў знаходзіліся 35-40 чалавек. Мокрыя, потныя, смярдзючыя, пабітыя мужыкі сядзелі ў гэтай лазні. Гэта было жудасна. Некаторыя былі ў такім стане, што я дзівіўся, як яны могуць сядзець без медыцынскай дапамогі — гэта асабліва датычылася хлопцаў, якія траплялі ў аўтазакі з амапаўцамі. Калі мы прасілі медыцынскую дапамогу — нам нічога не адказвалі. Адзін мужчына стукаў у акно і дабіваўся інсуліну — яго таксама ігнаравалі.

Бясконцая ноч і згубленыя кросы

Маналог валанцёркі з-пад Акрэсціна — у падкасце "Вясна прыйдзе"

Там быў падлетак, які ішоў з музычнай школы. Быў дзядуля, які выносіў смецце і падышоў да аўтазака ў двары — спытаць, што амапаўцы робяць. Яго таксама «запакавалі». Але ён лёгка пераносіў зняволенне і расказваў нам анекдоты. Яшчэ з адным дзядулем была незразумелая гісторыя. Калі ён закашляўся, то ў яго пачаўся прыступ — магчыма, эпілепсіі. Два мужыкі вынеслі яго з камеры — і больш назад ніхто не вярнуўся. Незразумела, што з ім цяпер. Хацелася яму дапамагчы, а я не ведаў, як.

Пакармілі нас толькі пад канец другіх сутак — прынеслі хлеб. На трэція суткі далі не асабліва апетытную кашу. Але я быў у такім шоку, што было не моцна да ежы. Вада там увесь час была з-пад крана, туалетнай паперы не было».

«Мне пашанцавала»

«А пасля ва ўсіх пачаліся суды — паводле апісання хлопцаў, яны праходзілі дзесьці на акрэсцінскай кухні. Быў момант, калі я быў гатовы ўжо сядзець там усё жыццё: калі пару сутак з цябе здзекуюцца маральна, спрабуюць задушыць адсутнасцю інфармацыі і ежы, дэзарыентацыяй у часе, рэальна з'яўляюцца такія думкі. Я ўжо думаў, можа, сцяг знайшлі ці яшчэ штосьці. Разважаў, што не так ужо і складана спаць галавой на красоўку пад ложкам.

Псіхалагічная дапамога: Віды псіхалагічных цяжкасцяў, з якімі сутыкаюцца пацярпелыя ад рэпрэсій

Мы паразмаўлялі з дваімі героямі, якія перажылі посттраўматычны стрэсавы разлад, ды папрасілі псіхолага пракаментаваць сітуацыі і даць шэраг парадаў.

Але мяне проста амніставалі пад камерамі АНТ. У адзін момант проста дзверы адчыніліся — і нас усіх вывелі ў калідор, дзе стаялі ўжо ўсе тыя, у каго на той момант не прайшлі суды. Далі прачытаць нейкі кавалачак паперкі перад дзяржаўным тэлебачаннем. Я заўважыў, што вывелі ўсіх непабітых: ва ўсёй групе быў толькі адзін чалавек, па якім можна сказаць, што яму штосьці прыляцела. І ніводнага з тых, якія былі ў першыя дні — з сінімі тварамі і выцякаючымі вачыма. Я ўжо потым зразумеў, што, хутчэй за ўсё, гэтая здымачная група прыехала, каб зняць на камеру людзей, якія выглядаюць больш-менш цэла.

У мяне дагэтуль няма ніводнага дакумента, які пацвярджае, што я сядзеў у турме. У нас была толькі паперка, адрэзаная нажніцамі ад А4, што мы выходзім згодна з нейкім пракурорскім памілаваннем, — па факце, проста фанцік. Я пяць дзён сядзеў у палоне ў дзяржавы незразумела навошта».

«Моя родина — это сон»

«Праз два гады я ўжо астыў і разумею, што мне пашанцавала. Я атрымаў мала стратаў, можна было зняць на АНТ, як я ківаю галавой, — таму ўсё нармальна. Адразу пасля вызвалення я паехаў рабіць візу. Цяпер я ўжо два гады ў іншай краіне — мне спатрэбілася столькі часу, каб дамагчыся прыкладна такога ж узроўню, як і ў Беларусі. Я вывучыў новую мову, у мяне ёсць праца, на якой я зарабляю грошы, і ўлюбёная справа — музыка.

А ў Беларусі да мяне ўжо прыходзілі мянты каля года таму, а яшчэ ваенкамат прасіў прайсці паўторны агляд, хоць я не прыдатны. Як спяваюць у песні, «моя родина — это сон». Я еду далей, у мяне іншыя інтарэсы, на жаль. Калі ў Беларусі ўсё зменіцца, там трэба будзе ўсё пачынаць спачатку — а ў гэтым ужо не будзе ніякага сэнсу. Магчыма, да гэтага часу ў мяне ўжо будзе еўрапейскі пашпарт. Але я б хацеў з'ездзіць у Беларусь. Усё, што цяпер адбываецца ў краіне, нейкая вакханалія, я чую аднолькавую ацэнку сітуацыі ад людзей з рознымі пунктамі гледжання. Але старога Мінска больш няма, таму што ў першую чаргу гэта былі людзі».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства