viasna on patreon

Затрыманні айцішнікаў і таксіста: хроніка пераследу 12 верасня

2022 2022-09-12T15:20:00+0300 2022-09-12T17:48:43+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/lazarchyk-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі 12 верасня.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Тэлеграм-чат "Беларускія адвакаты" прызнаны "экстрэмісцкім фарміраваннем" у Беларусі

Адвакат Антон Гашынскі паведаміў Медыязоне, што ў гэтым чаце сапраўды ўдзельнічалі прадстаўнікі адвакацкай супольнасці. У розны час там прысутнічалі ад 150 да 170 чалавек.


Суд над палітзняволенай Аленай Лазарчык зрабілі закрытым

Першае пасяджэнне па справе палітзняволенай на чале з суддзём Паўлам Клімавым адбылося сёння ў Магілёўскім абласным судзе.

Нагадаем, актывістку «Еўрапейскай Беларусі» Алену Лазарчык затрымалі 30 снежня 2021 года. Канчаткова ёй прад’явілі абвінавачванне па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 368 (Абраза Лукашэнкі); арт. 361-1 (Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім); арт. 130 (Распальванне варожасці ці варажнечы); арт. 342 (Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). 22 ліпеня КДБ унёс Алену ў "спіс тэрарыстаў".


Арыштавалі на 15 сутак, наперадзе - крымінальная справа

У Гародні затрыманы айцішнік Аляксей Шкляр. Адзін з каналаў мясцовых сілавікоў паведаміў, што калі Аляксей катэгарычна адмовіўся ад наведвання міліцыі для гутаркі з нагоды яго пратэснай дзейнасці, за ім прыехалі аператыўнікі ГУБАЗ і байцы АМАПу.

Паведамляецца таксама што Шкляра арыштавалі на 15 сутак. Апроч гэтага, нібыта ўжо сабраныя матэрыялы для распачынання крымінальнай справы за ўдзел у масавых беспарадках.


ГУБАЗ “адсправаздачыўся” пра затрыманне чарговага айцішніка

Затрыманы – жыхар Бараўлян Алег Галубоўскі.

З відэа, размешчаным у праўладным тэлеграм-канале, вынікае, што ў 2020 годзе Галубоўскі “прыязджаў на мінскія пратэсты”. Яму пагражаюць крымінальнай справай.


Таксіст адмаўляўся падвозіць супрацоўніц СК, яго затрымалі

Сілавікі затрымалі 37-гадовага таксіста, які адмовіўся падвозіць дзвюх супрацоўніц Следчага камітэта, паведамляе тэлеграм-канал «Зводкі цэнтра». Які артыкул пагражае затрыманаму, невядома.

"Даведаўшыся, што кліент супрацоўнік праваахоўных органаў, дэманстратыўна разгортваўся і ад'язджаў. Адмаўляўся прадастаўляць ім паслугі", - кажа на "пакаяльным" відэа таксіст.

Акрамя таго, мужчына кажа, што прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце "План Перамога", у чатах заклікаў "біць  супрацоўнікаў міліцыі" і "пры сабе насіць зброю для абароны ад праваахоўнікаў".


Палітзняволеную Вольгу Маёраву змясцілі ў карцар

Праваабаронцы паведамляюць, што гэта адбылося сёння. Прычыны і тэрмін невядомыя.

Вольгу Маёраву судзяць па "справе Аўтуховіча" паводле пяці артыкулаў КК. Яна не прызнае сваю віну.

Палітзняволеная Вольга Маёрава на судзе 18 траўня

Неаднаразова яе змяшчалі ў карцар і выдалялі з суда.

Нядаўна Вольга паведаміла, што ў яе падазраюць цукровы дыябет, але яна спадзяецца, што хвароба толькі пачынаецца і яшчэ можна затармазіць яе развіццё.

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства