viasna on patreon

Сцяпан Латыпаў у калоніі глытаў лязо і рэзаў вену на знак пратэсту супраць ціску адміністрацыі

2022 2022-09-12T17:40:11+0300 2022-09-12T18:18:06+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/latypau01.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Палітзняволены Сцяпан Латыпаў у ліпені на знак пратэсту супраць дзеянняў адміністрацыі папраўчай калоніі № 22 глытаў лязо і рэзаў вену на руцэ, паведамляецца на яго Instagram-старонцы. Палітвязень пратэставаў супраць блакавання ліставання і змяшчэння палітвязняў у ШІЗА. За гэта ён атрымаў 17 сутак у штрафным ізалятары. Вядома, што Сцяпана змяшчалі ў івацэвіцкую лякарню пасля таго, як эн праглынуў лязо, а пасля парэзу накладалі швы на руку. Стан здароўя палітвязня нармальны, але праблемы з адміністрацыяй не вырашыліся. Цяпер Латыпаў чакае суд па ўзмацненні рэжыму — яго могуць перавесці ў турму. «Вясна» распавядае пра пераслед палітвязня Сцяпана Латыпава ў «Воўчых норах».

Сцяпан Латыпаў 12 жніўня на акцыі салідарнасці калі Камароўскага рынку ў Мінску
Сцяпан Латыпаў 12 жніўня на акцыі салідарнасці калі Камароўскага рынку ў Мінску

Як паведамляюць родныя Сцяпана Латыпава, у ліпені, знаходзячыся ў памяшканні камернага тыпу, куды яго змясцілі ў сярэдзіне траўня, палітвязень глытаў лязо і рэзаў вену на руцэ на знак пратэсту супраць ціску з боку адміністрацыі папраўчай калоніі № 22. Прычынай сталі блакаванне ліставання і змяшчэнне вязняў у ШІЗА.

Паведамляецца, што аднойчы Сцяпан за месяц не атрымаў ніводнага ліста нават ад сваякоў. А сябры і знаёмыя Сцяпана цягам сямі месяцаў атрымліваюць ад яго адзінкавыя вестачкі. Акрамя гэтага, адміністрацыя калоніі змяшчае вязняў у штрафны ізалятар, Вядома, што ў адзін дзень з сямі вязняў у ізалятары было шэсць «палітычных».

«Сцяпан рабіў спробы вырашыць праблемы праз кантакт з намеснікам начальніка калоніі, напісаўшы заяву на сустрэчу з ім, але яна была праігнараваная», — пішуць блізкія Сцяпана.

Таму ў канцы ліпеня Сцяпан перад камерай назірання ў ПКТ праглынуў лязо і запіў яго гарбатай, каб супрацоўнікі пераканаліся, што ён не сімулюе. Супрацоўнікі калоніі былі вымушаныя адвезці палітвязня ў лякарню ў Івацэвічах. Такім чынам ён дамогся, каб яго ўчынак быў зафіксаваны ў дакументах лекараў. Праз некалькі гадзін палітвязня вярнулі ў калонію. Лязо не пашкодзіла стрававод і страўнік Сцяпана.

Акрамя гэтага, Латыпаў парэзаў сабе руку каля локця. Парэз быў глыбокім, таму на руку накладалі швы. Рана загаілася без ускладненняў. За гэта палітвязня пакаралі штрафным ізалятарам тэрмінам на 17 сутак, якія не залічваюцца ў тэрмін ПКТ, дзе палітвязень знаходзіцца ўжо чатыры месяцы. Пры гэтым сітуацыя з ліставаннем да гэтага часу не палепшылася.

Нагадаем, 16 жніўня мінулага году Латыпава асудзілі да 8,5 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і аштрафавалі на 300 базавых велічыняў. За пяць месяцаў у калоніі палітвязня змяшчалі ў ШІЗА агулам на 49 дзён. У сярэдзіне траўня Сцяпана перавялі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ) на пяць месяцаў. За першыя два тыдні ў ПКТ палітвязень атрымаў толькі два лісты.

29 жніўня ў судзе Івацэвіцкага раёна павінен быў адбыцца суд па замене палітвязню пакарання на больш жорсткае, але адвакатка не змагла трапіць на пасяджэнне. Сцяпан на судзе заявіў хадайніцтва аб тым, каб справу разглядалі толькі ў прысутнасці адвакаткі, таму суд перанесены на два тыдні. Вядома, што падчас суда па «скайпу» нават не падключалі відэа, а толькі гук. Наступны судовы працэс прызначаны на 15 верасня. Яго хочуць перавесці на турэмны рэжым.

У нядаўнім лісце на волю Сцяпан распавёў, што кошты ў мясцовай краме растуць, таму атрымліваецца купляць усё меней прадуктаў:

«Цяпер у ПКТ, тут тэмпература вышэй і даюць коўдры. П'ю смачны чай і каву, часам з малаком — расціраю сухое ў кубку. Кошты растуць: на ліміт у 32 рублі ў месяц атрымліваецца купіць усё менш і менш. На гэты месяц планую скрынку сухога малака 400 грамаў, банку падсаладжальніку і адзін кілаграм самых танных цукерак. Пакуль ёсць чай, кава — гэта дае магчымасць разнастаіць меню. Чытаю кнігі, часопісы. Здабыў з бібліятэкі «Загадкавую гісторыю Бенджаміна Баттана" Фіцджэральда. Падпісаўся на 15 выданняў, але іх не прынеслі і паловы, прасіў бацькі тэлефанаваць на пошту, разабрацца. Ён гэтую справу ўмее і любіць.

Лісты таксама амаль не прыходзяць: магчыма, людзі стаміліся пісаць. У гэтым і сутнасць вялікіх тэрмінаў зняволення: пра чалавека проста паступова забываюць, нібы хаваючы жыўцом. Ужо ўціхамірыўся і стаўлюся да гэтага з гумарам, у нечым так прасцей».

Сябры палітвязня просяць усіх, хто пісаў яму ў калонію, пазначыць у адмысловай google-форме свае пасланні.


Працягвайце пісаць Сцяпану:

ПК №22, 225295, Брэсцкая вобласць, Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20 

Сцяпан Сяргеевіч Латыпаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства