Палітзняволенага берасцейца асудзілі да двух гадоў калоніі па "справе Зельцэра"
12 верасня ў судзе Іванаўскага раёна вынесены прысуд палітвязню Івану Кузюру. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса паводле "справы Зельцэра" і асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Таксама ён мусіць выплаціць штраф: 100 базавых велічынь. Мабільны тэлефон палітвязня канфіскаваны. Прысуд вынес суддзя Мікалай Стасевіч.
Івана Кузюра прызналі вінаватым у тым, што 30 верасня 2021 года пасля прагляду інфармацыі пра абставіны смерці супрацоўніка КДБ Федасюка ён пакінуў у сацсетцы "ВКонтакте" каментар. Згодна з абвінавачаннем, выказванне "супярэчыла агульначалавечай маралі, вызначаным правілам зносін паміж людзьмі, а таксама змяшчаў выказванне ў непрыстойнай форме, якое прыніжала гонар і годнасць пацярпелага".
Іван Кузюр быў затрыманы 30 верасня 2021 года ў Іванаўскім раёне Берасцейскай вобласці і адвезлі на Акрэсціна. Потым зноў перавезлі ў Брэст (у СІЗА №7). .