viasna on patreon

Жанчыну асудзілі да трох гадоў "хатняй хіміі" за ўдзел у Маршы

2022 2022-09-13T13:05:20+0300 2022-09-13T13:57:34+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/marsh_adzinstva.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Марш Адзінства, Мінск, 6 верасня 2020. Фота: spring96.org

Марш Адзінства, Мінск, 6 верасня 2020. Фота: spring96.org

18 жніўня 2022 года ў судзе Ленінскага раёна Мінска вынеслі прысуд Святлане Кіндзель. Яе прызналі вінаватай паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса і асудзілі да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ — «хатняй хіміі». Прысуд вынесла Юлія Інчына.

Святлана Львоўна была затрыманая 3 чэрвеня, пасля суда яе вызвалілі з-пад варты.

«Рухалася ў складзе калоны»

Жанчыну прызналі вінаватай у тым, што 6 верасня 2020 года яна прыняла ўдзел у адным з Маршаў у Мінску. Яна «далучылася да групы грамадзян», якія ўдзельнічалі ў «супрацьпраўных дзеяннях» з мэтай «публічнага выказвання незаконнымі спосабамі сваіх грамадска-палітычных поглядаў і пратэста, вядзення дэструктыўнай дзейнасці, накіраванай, у тым ліку, на абвастрэнне напружанасці ў грамадстве». Пры гэтым яна неаднаразова адмовілася выканаць патрабаванні прадстаўнікоў улады спыніць свае дзеянні.

Згодна з абвінавачаннем, Святлана Кіндзель рухалася ў складзе калоны «у тым ліку, у счэпцы лакцямі», блакавала рух транспартным сродкам.

Што казала абвінавачаная?

Святлана прызнала сваю віну. Яна распавяла, што не надзяляла ўвагі, ці санкцыянаванае мерапрыемства. 6 верасня яна выйшла з дома, каб пагуляць. З цікаўнасці яна пайшла ў цэнтр, бо ведала, што там можа быць шмат людзей. Каля «Макдональдса» на праспекце Незалежнасці яна ўбачыла натоўп, які часткова знаходзіўся на праезнай частцы. Там было шумна, Святлана чула гукі музыкі. Але яна не бачыла там супрацоўнікаў міліцыі і не чула іх просьбы спыніць дзеянні.

Яна не памятала свой маршрут, але пагадзілася, што магла выйсці на праезную частку каля ГУМа, калі ёй паказалі ейны фотаздымак там. Жанчына падкрэсліла, што не выкрыквала лозунгі, не пляскала ў далоні і не мела сімволікі: далей суд выключыў гэтыя абвінавачанні, бо яны нічым не пацвердзіліся. Святлана Кіндзель распавяла, што каля 18 гадзін яна знаходзілася каля Стэлы, пасля чаго рушыла ў бок прыпынку грамадскага транспарту, які працаваў, і прыехала дадому.

«Мінсктранс» заявіў грамадзянскі пазоў на суму 22 тысячы 500 рублёў і 66 капеек. Абвінавачаная прызнала яго часткова — прапарцыйна часу знаходжання на мерапрыемстве, які ёй ставяць у віну. Суд вырашыў, што пазоў трэба разглядаць у асобнай грамадзянскай вытворчасці, таму што маёмасная шкода мае «неканкрэтызаваны характар». У астатнім Юлія Інчына пагадзілася з дзяржабвінавачаннем і прызначыла Святлане пакаранне ў выглядзе трох гадоў «хатняй хіміі».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства