Затрыманні за падпіску на экстрэмісцкія каналы, блакаванне сайтаў: хроніка пераследу 15 верасня Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 15 верасня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Палітзняволенай Паліне Шарэндзе-Панасюк падоўжылі тэрмін у штрафным ізалятары
Пра гэта паведаміў ейны муж Андрэй Шарэнда. Па яго словах, палітзняволенай падоўжылі тэрмін утрымання ў ШІЗА на 10 сутак. Агулам Паліна правядзе ў ізалятары 60 сутак запар. Акрамя гэтага, адвакат жанчыны не можа да яе патрапіць ужо тры месяцы.
Нагадаем, у гомельскай калоніі 7 красавіка Паліну асудзілі па ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Суд прызначыў ёй у дадатак да двух гадоў зняволення яшчэ адзін год у калоніі.
Падтрымайце палітзняволеную: ПК № 24, 247526, вул. Вытворчая, 44, г. п. Зарэчча, Рэчыцкі раён, Гомельская вобласць, Паліне Сяргееўне Шарэндзе-Панасюк.
Доктара стаматалогіі затрымалі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў
Учора ў другой палове дня ў Ваўкавыску была затрымана стаматалагіня Нэла Саўчанка.
Пра гэта паведамляе @Grodno_grab. Паведамляецца, што затрымалі жанчыну паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).
У Менску затрымалі экскурсаводку Аксану Манкевіч
На праўладных тэлеграм-каналах з’явілася «пакаяльнае» відэа з Аксанай, на якім дзяўчына кажа, што «прымала ўдзел у масавых мерапрыемствах у 2020 годзе, а таксама выходзіла на дарогу з бел-чырвона-белым сцягам».
Аксану ўжо двойчы затрымлівалі па «народных» артыкулах у 2021 годзе. Апошні раз яе арыштоўвалі на 15 сутак у лістападзе 2021 года.
Пяцёра мінчукоў затрыманыя за вывешванне б-ч-б і ўкраінскага сцягоў
Менская міліцыя расказала пра затрыманне людзей, якія вывесілі БЧБ-сцяг і сцяг Украіны на жылым доме. Гэта адбылося напрыканцы жніўня на вуліцы Лесі Украінкі.
Паводле сілавікоў, затрымалі ўжо пяцярых датычных да акцыі мужчын і жанчын. Ім ад 35 да 51 года.
Міліцыя паказала відэа затрымання аднаго з іх: да мужчыны падыходзяць ззаду і кладуць на асфальт на вуліцы.
Па версіі міліцыі, «пратэстную акцыю» арганізавала мінчанка Вікторыя, якая пражывае за мяжой.
У Менску затрымалі экс-кіраўніка прэзідэнцкага пула журналістаў Дзмітрыя Семчанку і ягоную жонку Юлію.
"Нас сёння з Дзімам затрымалі. Я ўжо дома і без сувязі, тэлефон забралі, заўтра ў мяне суд па адміністрацыйным артыкуле за рэпост. Дзіму не адпусцілі", - распавяла Юлія Семчанка ў сацсетках.
За што менавіта затрымалі Дзмітрыя Семчанку — не паведамляецца.
Нагадаем, журналіст сышоў з тэлеканала АНТ пасля жорсткіх разгонаў акцый у жніўні 2020 года. 10 верасня таго ж года да яго прыйшла міліцыя. На наступны дзень яго асудзілі: высветлілася, Зміцер быў на пратэстным маршы яшчэ 16 жніўня, яшчэ падчас працы на дзяржканале — за гэта суд прызначыў яму 15 дзён арышту.
«Зялёны партал» перастаў адкрывацца ў Беларусі
З-за мяжы сайт пакуль яшчэ даступны для чытачоў. Пры спробе адкрыць сайт з'яўляецца заглушка, што доступ да інфармацыйнага рэсурса абмежаваны на падставе рашэння Міністэрства інфармацыі, піша БАЖ.
«Зялёны партал» — інфармацыйны рэсурс, які вырабляе і распаўсюджвае навінную і аналітычную інфармацыю з экалагічнай і прыродаахоўнай абласцей.
Уласніка "Кальяннай №1" Івана Мураўёва абінавачваюць ва "ўдзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні"
Яго затрымалі 1 верасня гэтага года. Супрацоўнікі Следчага камітэта прыйшлі наўпрост у "Кальянную №1", кіраўніком якой Мураўёў з’яўляецца. Да гэтага Івана ўжо затрымлівалі — 11 жніўня 2020 года выцягнулі з машыны, калі ён разам з сябрам ехаў здымаць матэрыялы для тэлеканала «Звезда».
Цяпер стала вядома, што яму інкрымінуюць ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса — удзел у экстрэмісцкім фарміраванні. Івану пагражае ад 2 да 6 гадоў калоніі.
Палітзняволенага Сцяпана Латыпава на два гады пераводзяць на турэмны рэжым
У судзе Івацэвіцкага раёна 15 верасня адбыўся суд па замене Сцяпану Латыпаву пакарання на больш жорсткае. На пасяджэнні, акрамя суддзі, пракуроркі і супрацоўніка папраўчай калоніі, прысутнічаў і прадстаўнік івацэвіцкага райвыканкама ў якасці назіральніка. Пры гэтым суд заслухоўваў ягонае меркаванне па кожным пытанні. Сцяпан адразу хадайнічаў, каб на працэсе ў якасці сведак выступілі начальнік прамысловай зоны і намеснік начальніка калоніі Свірыд, але суд адмовіў.
Вядома, што адміністрацыя калоніі патрабавала, каб Сцяпана перавялі ў турму на тры гады, але суддзя Аляксандр Кірыловіч пастанавіў перавесці яго на турэмны рэжым тэрмінам на два гады. Хутка палітвязня этапуюць у турму.
Нядаўна стала вядома, што Латыпаў у ліпені на знак пратэсту супраць дзеянняў адміністрацыі папраўчай калоніі № 22 глытаў лязо і рэзаў вену на руцэ. За гэта ён атрымаў 17 сутак у штрафным ізалятары.
У Беларусі будзе новая калонія-паселішча
Адпаведны ўказ з’явіўся на Нацыянальным прававым партале. Калонія з’явіцца на месцы хіміі ў Баранавічах.
Ліквідуюць папраўчую ўстанову адкрытага тыпу №52. На базе маёмасці, замацаванай за гэтыя ўстановай у Баранавічах па вуліцы Фралянкова ствараецца ПУ «Папраўчая калонія — паселішча №10» упраўлення Дэпартамента выканання пакаранняў МУС па Брэсцкай вобласці.