viasna on patreon

Вынесены прысуд палітзняволеным, якіх абвінавацілі ў спальванні пудзіла Лукашэнкі

2022 2022-09-15T14:05:43+0300 2022-09-15T16:13:48+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/pudzila_luk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Маскоўскага раёна 15 верасня вынесены прысуд пяці зняволеным — у тым ліку, чатырох палітвязняў. Суддзя Сяргей Кацэр вынес тэрміны, звязаныя з пазбаўленнем волі, якія запрасіў пракурор. Ён асудзіў на тры гады калоніі Іллю Давыдзенку, на 2,5 гады калоніі — Марыну Маркевіч, на паўтара года калоніі — Ганну Кісялёву, Віктару Хімароду і Максіма Мацулевіча. Таксама вядома, што "Мінсктранс" падаў пазоў на 15 тысяч беларускіх рублёў. На абвяшчэнні прысуда палітзняволеныя былі ў кайданках, іх суправаджалі шасцёра канваіраў.

Іх усіх прызналі вінаватымі паводле арт. 368 за спальванне пудзіла Лукашэнкі, а Іллю і Марыну таксама — паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса за ўдзел у Маршы.

Усе абвінавачаныя ў выніку прызналі віну, але на першых допытах ніхто з іх не прызнаваў сваю вінаватасць. У межах справы ў тэхніцы знайшлі здымкі з асабістых сустрэч, таксама былі далучаныя скрыншоты з тэлеграм-каналаў, дзе былі апублікаваныя фотаздымкі з мерапрыемства.

Вядома, што дзяржабвінаваўца падчас апытання абвінавачаных павышаў на іх голас і давёў да слёз Ганну Кісялёву. Суддзя Кацэр пытаўся, чаму яны, дарослыя людзі, хадзілі на падобныя мерапрыемствы, навошта пілі гарбату на дварэ, хаця іх папярэджвалі, што нельга.

Хто такія абвінавачаныя?

У Віктара, Максіма і Ганны ёсць дзеці, яны прасілі вярнуць іх у сем’і. Для сем’яў усіх пяці абвінавачаных затрыманне блізкіх стала вялікім шокам: тады ў адзін дзень кропкава прыйшлі па кожнага з іх.

Вядома, што Ілля Давыдзенка захапляецца фотаздымкай.

Марына — дызайнер і творчая асоба. Знаёмыя распавядаюць, што яна добрая і спагадлівая дзяўчына і любіць катоў: дома яны з матуляй маюць шмат хатніх жывёлаў. Да затрымання яна працавала ў гандлёвай сетцы «Карона» — афармляе банэры і іншую друкаваную прадукцыю.Віктар Хімарода — «цудоўны сем’янін, які вельмі любіць сваіх дзяцей». Знаёмыя кажуць, што калі ягоная жонка на працы, ён з ахвотай застаецца з імі і можа прыгатаваць піражкі, выпечку і гэтак далей. Ён вясёлы, добры і спагадлівы чалавек. Да пратэстаў у 2020 годзе ён працаваў у банку, а потым сыйшоў у замежную фірму і пачаў працаваць у наглядзе за фінансамі. Пасля ўтрымання на Акрэсціна яму была неабходная псіхалагічная дапамога.

Максім Марцулевіч таксама вельмі любіць сына, таксама мае цудоўнае пачуццё гумару. Да затрымання ён працаваў у «Еўраторгу».

Ганна Кісялёва — мастачка, захапляецца рознымі накірункамі. Яна любіць паэзію і вышыўку. «Творчая, свабодалюбівая, з выдатным пачуццём гумару», — так апісваюць яе знаёмыя. Да затрымання яна працавала дызайнеркай у прыватнай друкарні.

Палітзняволеным бракуе падтрымкі, таму напісаць ім лісты салідарнасці, падтрымаць грашовымі пераводамі і бандэролямі можна па адрасе СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства