viasna on patreon

Затрыманні і папаўненне "спіса тэрарыстаў" палітвязнямі: хроніка пераследу 16 верасня Дапоўнена

2022 2022-09-16T16:46:00+0300 2022-09-17T11:48:30+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/celiapun2020.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 16 верасня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Мазырскага праваабаронцу Уладзіміра Целяпуна ізноў затрымалі 

Праваабаронца

16 верасня а 18-й гадзіне праваабаронцу выклікалі ў мясцовы РУУС. Але дагэтуль ён так і не выйшаў.

Вядома, што праваабаронцу выклікалі для "падпісання выпраўленых адміністрацыйных пратаколаў". Справа ў тым, што над праваабаронцам 12 і 13 верасня праходзіў суд, падчас якога высветліліся нестыкоўкі ў пратаколах: да прыкладу, пратакол апытання быў датаваны днём раней, чым пратакол аб самім адміністрацыйным правапарушэнні. Таму суддзя накіраваў адміністрацыйную справу ў дачыненні да Целяпуна на дапрацоўку, а пасля рашэння суда праваабаронцу выпусцілі. На тым пасяджэнні праваабаронцу стала дрэнна — і яму выклікалі хуткую дапамогу.

Агулам супраць Уладзіміра раней склалі чатыры пратаколы па ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). За рэпосты ў сацсетках з рэгіянальнага праваабарончага сайта «Палеская Вясна». Целяпуна затрымалі 3 верасня і затым асудзілі на 10 сутак арышту.


Палітвязня, які адбывае тэрмін на «хіміі» па «справе карагодаў», асудзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»

Палітвязня Сяргея Ярошкіна 5 верасня перавялі з ПУАТ-39 у гомельскую «хімію». Прычыну не паведамілі, а проста раніцай звольнілі з працы і далі паўгадзіны, каб сабраць рэчы, а потым на машыне перавезлі ў новы ПУАТ. Аднак праз 10 дзён у судзе Савецкага раёна Гомеля над ім адбыўся суд паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў), паведамляе @viasna_brest. Справу разглядаў суддзя Аляксандр Мохараў. Вынік і прычыны невядомыя.

Нагадаем, 23 жніўня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу № 39 у Крупках, дзе Сяргей да верасня адбываў тэрмін, прыязджалі супрацоўнікі АМАПу і збівалі «палітычных» кулакамі і дубінкамі. Прычыны такой увагі да людзей, асуджаных да «хіміі» па палітычных матывах, невядомыя.

Падтрымайце палітвязня лістамі салідарнасці: Папраўчая ўстанова адкрытага тыпу № 17, 246020, г. Гомель, вул. Барысенкі, 13, к. 2, Сяргей Міхайлавіч Ярошкін


Пасля першага судовага пасяджэння ў камеры Дзяніса Івашына правялі ператрус

Журналіст Дзяніс Івашын перад першым працэсам

Верагоднай прычынай стала ўвага СМІ да цішоткі "Jaśka Haspadar / 1863", піша телеграм-канала Дзяніса Івашын. Супрацоўнікі гродзенскай турмы забралі ў Івашына гэтую цішотку, малюнкі, напрыклад, сланечнікавага поля на фоне блакітных нябёсаў, фатаграфію жонкі. Раней яго пазбавілі ручніка жоўта-блакітны расфарбоўкі з бел-чырвонымі кветкамі, якім ён да гэтага карыстаўся каля года.

«У яго таксама без якіх-кольвек тлумачэньняў адабралі нават верхнюю вопратку (паліто), таму зараз ён вымушаны выходзіць на штодзённыя шпацыры ў швэдрах ці байках».


Галоўнага рэдактара анлайн-газеты “Бобруйский курьер” Анатоля Санаценку арыштавалі на 15 сутак

Як стала вядома БАЖ, яго арыштавалі на 15 сутак. Падрабязнасці і прычыны затрымання невядомыя. Інфармацыі пра тое, дзе і калі быў суд, таксама няма.

Сваякі затрыманага ўскосна пацвердзілі, што не ўсё ў парадку, але не сталі нічога распавядаць — асцерагаюцца праслухоўвання.


Палітвязня Арцёма Сакава змясцілі ў ПКТ на чатыры месяцы

Фота: сацсеткі

Фігуранта «справы Ціханоўскага» Арцёма Сакава адміністрацыя шклоўскай калоніі 19 жніўня змясціла ў ПКТ тэрмінам на чатыры месяцы, паведамляюць блізкія палітвязня. Падставай стала «парушэнне правілаў унутраннага распарадку».

Арцём — былы памежнік, сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай і адзін з відэааператараў Youtube-каналу «Страна для жизни». Палітычнай актыўнасці як такой не вёў — толькі здымаў відэаролікі для Ціханоўскага. Быў затрыманы 31 траўня ва ўласнай кватэры — пры тым, што быў на пікеце 29 траўня падчас правакацыі супраць Ціханоўскага, але тады яго не чапалі. 

Вядома, што яго абвінавацілі па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса. 14 снежня ў Гомелі Арцёму прысудзілі 16 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Падтрымайце палітвязня: ПК № 17, 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8, Арцём Мікалаевіч Сакаў


«Прасілі, каб вяртаўся»: да маці Кастуся Шыталя прыходзілі сілавікі

Кастусь Шыталь, архіўнае фота

Пра гэта краязнавец з Паазер'я напісаў у сябе ў фэйсбуку.

«Сёння да маці прыходзілі сілавікі. Яна жыве ў Крулеўшчыне Докшыцкага раёна. Я ў яе доме прапісаны, але не жыву там з 2008 года і ніякіх маіх рэчаў там няма.

Прыехалі пяць чалавек, двое з іх у бронекамізэльках, на танаваным бусе. Паклікалі суседзяў у якасці панятых. Паказалі нейкую паперу (відаць, пастанову на агляд або ператрус), але маці не запомніла, што там было напісана. Што хацелі — незразумела. Нічога з хаты не забралі. Маці не затрымлівалі. Ніякіх папер не пакінулі.

Прасілі перадаць, каб я вяртаўся ў Беларусь — маўляў, «мы з ім проста пагаворым».

З якой структуры былі няпрошаныя госці — незразумела», — напісаў Кастусь Шыталь.

Краязавец і журналіст Шыталь год таму пакінуў Беларусь. Ëн выехаў пасля таго, як яго сталі цягаць на допыты па крымінальнай справе пра докшыцкія лакальныя чаты. 


Дзмітрыя Семчанку адправілі за краты, а ягоную жонку аштрафавалі 

Дзмітрый Семчанка.

Былога тэлевядучага і экс-кіраўніка прэзідэнцкага пула на АНТ Дзмітрыя Семчанку разам з жонкай затрымалі ўчора ў Мінску. Юлію пазней адпусцілі, а Дзмітрыя пакінулі за кратамі да суда. Сёння мужчыну арыштавалі на 15 сутак паводле арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства), а Юліі прызначылі штраф у памеры 960 рублёў (30 базавых велічыняў) за рэпосты з «экстрэмісцкіх» каналаў.

Нагадаем, у верасні 2020 года Семчанку арыштоўвалі на 15 сутак. Тады яго затрымалі дома «людзі ў масках».


БАЖ паведамляе пра допыты і ператрусы ў рэгіянальных журналістаў

Па інфармацыі @bajby, за апошнія тры дні да рэгіянальных журналістаў ізноў пачалі прыходзіць сілавікі. Як мінімум у трох гарадах Беларусі адбылося не менш пяці ператрусаў, а некаторыя атрымалі выклікі ў міліцыю.


У Гомелі затрымалі інжынера па тэхніцы бяспекі

Як паведамляе "Гомельская Вясна", Аляксандра Прахарэнку інкрымінуюць арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) і арт. 391 КК (абраза суддзі).


Затрымалі мінскага бізнэсоўца — уладальніка клуба «Мулен Руж»

Ён адкрыў рэстаран 10 год таму, быў таксама актывістам азербайджанскай дыяспары ў Беларусі. Мужчыну клічуць Бахшы Ганбараў, і яму 55 гадоў. 

На праўладных тэлеграм-каналах з'явілася "пакаяльнае відэа" з ім. Сілавікі абвіначваюць яго ў галасаванні за Ціханоўскую і ўдзеле ў зборы завадчан каля прахадной МТЗ у сярэдзіне жніўня 2020-га, адразу пасля вялікага маршу 16 жніўня. Што менавіта яму інкрымінуюць сілавікі і ці заведзеная супраць яго крымінальная справа — невядома.


Кніга "Кароткі курс гісторыі Беларусі IX-XXI стст." аўтара Анатоля Тараса і выдавецтва "Харвест" прызнана "экстрэмісцкай". Такое рашэнне прыняў суд Кастрычніцкага раёна Віцебска ад 12 верасня 2022 года.

У траўні ўлады таксама знайшлі «экстрэмізм» у яшчэ адной кнізе аўтара — зборнік артыкулаў “Беларусь на раздарожжы”.

Таксама сёлета ўлады прызналі “экстрэмісцкімі”: кнігу Віктара Ляхора “Ваенная гісторыя Беларусі. Героі. Сімвалы. Колеры”, выданне Дзмітрыя Лукашука і Максіма Гарунова “Беларуская нацыянальная ідэя” і кнігу Альгерда Бахарэвіча “Сабакі Еўропы”.


Затрымалі журналіста «Прэсбола» Андрэя Ільеню 

Андрэй Ільеня
Андрэй Ільеня

Пра гэта паведаміў у сваім тэлеграм-канале спартовы аглядальнік Мікалай Іваноў.

Па яго словах, Ільеню затрымалі 14 верасня і арыштавалі на 10 сутак. За што — не паведамляецца.

Ільеня працуе каментатарам на матчах чэмпіянату Беларусі і працуе на беларускай мове.


КДБ унёс у «спіс тэрарыстаў» яшчэ 15 чалавек, большасць з якіх — палітвязні

У «тэрарыстычны» спіс дадалі адразу 15 беларусаў:

  • Матвея Гранкевіча, якога абвінавачваюць паводле арт. 342 КК (Удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і арт. 130 КК (Распальванне сацыяльнай варожасці ці варажнечы);
  • Алега Бірулю, Таццяну Бірулю, Алега Гаўрылава і Сяргея Пасюка, якіх абвінавачваюць адразу па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 361, ч. 3 арт. 130, ч. 2 арт. 367 і арт. 341;
  • Аляксея Шышкаўца, якога абвінавачваюць у «акце тэрарызму» (ч. 2 арт. 289 КК) і ў «падрыхтоўцы да ўдзелу ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі іншай краіны» (ч. 1 арт. 361-3 КК);
  • Сяргея Рабцава і Іллю Краўчэўскага, якіх абвінавачваюць паводле арт. 130 КК (Распальванне сацыяльнай варожасці ці варажнечы) і арт. 293 КК (Масавыя беспарадкі);
  • Віталя Жылінскага, асуджанага да трох гадоў калоніі за ўдзел у акцыях пратэсту і каментары аб вайскоўцах, якія «ажыццяўлялі міратворчую дзейнасць у Рэспубліцы Казахстан»;
  • Івана Паршына, асуджанага да двух гадоў калоніі за пасты ў «Вконтакте»;
  • Яўгена Клімава, асуджанага дапяці гадоў калоніі за кіраўніцтва тг-каналам «Петрыкаў 97%», а таксама за рэпост паведамлення пра АМАП з тэлеграм-канала «Nexta»;
  • Сяргея Нялепку, якога абвінавачваюць паводле арт. 130 КК, арт. 293 КК і арт. 361 КК;
  • Роберта Кузняцова, асуджанага да пяці гадоў калоніі па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса;
  • Яўгена Люльковіча, асуджанага на восем гадоў калоніі за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе і за кіраванне тг-чатам.
  • Мікіту Палеонка, асуджанага да чатырох гадоў калоніі за каментары ў тэлеграме.

Цяпер у «тэрарыстычным» спісе КДБ 905 чалавек.


Святара, які ў 2020 годзе праводзіў службу на «Плошчы Перамен» па Раману Бандарэнку, зноў асудзілі 

Уладзіслаў Багамольнікаў
Уладзіслаў Багамольнікаў

31 жніўня супрацоўнікі ГУБАЗіК выламалі дзверы ў кватэру праваслаўнага святара Уладзіслава Багамольнікава і затрымалі яго. На наступны дзень святара асудзілі на 14 сутак арышту. Як паведамляе @christianvision, 14 верасня яго перазатрымалі па новым пратаколе і ўчора зноў асудзілі на 15 сутак паводле арт. 19.11 КаАП. Падставай стаў рэпост з «экстрэмісцкага» канала.

Нагадаем, Багамольнікаў — выкладнік Мінскай духоўнай акадэміі, абвяшчаў галадоўку ў падтрымку палітвязня Ігара Лосіка, а таксама служыў літыю па забітым сілавікамі Раману Бандарэнку.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства