viasna on patreon

15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму — "рэйкаваму партызану" з Віцебску

2022 2022-09-16T17:14:57+0300 2022-09-16T17:54:36+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vicebsk_8q.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сяргей Канавалаў

Сяргей Канавалаў

Віцебскім абласным судом 16 верасня вынесены прысуд па крымінальнай справе аб наўмысных дзеяннях, накіраваных на ўзбуджэнне нацыянальнай і іншай сацыяльнай варожасці, аб падрыхтоўцы да здзяйснення акта тэрарызму і наўмыснаму прывядзенню ў непрыдатны стан сродкаў сувязі. Абвінавачаны — палітзняволены Сяргей Канавалаў.

Судовы працэс у закрытым рэжыме вёў суддзя Яўген Буруноў.

Сяргей Канавалаў з’яўляўся супрацоўнікам Віцебскай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі УП "Віцебскае аддзяленне Беларускай чыгункі". Быў затрыманы 6 сакавіка 2022 года за "падрыхтоўку акту тэрарызму". Згодна з дадзенымі МУС, мужчына нібыта планаваў вывядзенне са строю сістэм, якія забяспечваюць бяспеку чыгуначнага руху. 

"Напярэдадні затрымання Канавалаў уступіў у канфлікт з намеснікам начальніка дыстанцыі сігналізацыі і сувязі па ідэалогіі, былым начальнікам транспартнай міліцыі, Глячковым В. А. (з якім раней ужо канфліктаваў). Глячкоў з ведама начальніка дыстанцыі Селіёнава паведаміў у ГУБАЗіК і КДБ аб падрыхтоўцы работнікам дыверсіі, у выніку чаго Канавалава арыштавалі без якіх-небудзь на тое рэальных падставаў".

Па інфармацыі МУС Канавалаў меў доступ да ўказанага абсталявання, але як піша "Live. Сообщество железнодорожников Беларуси" Канавалаў не працаваў на перагонах, ён працаваў толькі ў будынку.

А 7 ліпеня 2022 года КДБ унёс Сяргея Канавалава ў "Спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці".

Судовы працэс распачаўся 24 жніўня ў закрытым рэжыме, таму акалічнасці справы пакуль невядомыя.

Сяргей Канавалаў прызнаны вінаватым у наўмысных дзеяннях, скіраваных на ўзбуджэнне нацыянальнай і іншай сацыяльнай варожасці па прыкмеце нацыянальнай і іншай сацыяльнай прыналежнасці, і па ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэксу яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін тры гады;

ён жа прызнаны вінаватым у падрыхтоўцы да здзяйснення іншых дзеянняў, якія ствараюць небяспеку гібелі людзей, прычынення ім цялесных пашкоджанняў і наступства іншых цяжкіх наступстваў у мэтах аказання ўздзеяння на прыняцце рашэнняў органамі ўлады, запалохвання насельніцтва, дэстабілізацыі грамадскага парадку (акта тэрарызму), учыненых групай асоб, і па ч.1 арт. 13,  ч. 2 арт. 289 Крымінальнага кодэкса яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 14 гадоў;

ён жа прызнаны вінаватым у падрыхтоўцы да наўмыснага прывядзення ў непрыдатны для эксплуатацыі стан сродкаў сувязі, калі гэтыя дзеянні маглі пацягнуць смерць чалавека, крушэнне, аварыю альбо іншыя цяжкія наступствы, учыненыя ў мэтах здзяйснення злачынства, прадугледжанага арт. 289, і ч. 4 арт. 309 Крымінальнага кодэкса яму прызначанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 12 гадоў са штрафам у памеры 300 базавых велічынь.

Па сукупнасці злачынстваў, шляхам частковага складання пакаранняў і далучэння дадатковага пакарання, канчаткова прызначана абвінавачанаму Канавалаву пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 15 гадоў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, са штрафам у памеры 300 базавых велічынь.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства