viasna on patreon

"Трымаецца годна!" — сябар адвакаткі Анастасіі Лазарэнка распавёў пра палітзняволеную

2022 2022-09-17T13:04:45+0300 2022-09-30T13:44:04+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/lazarenka_anastasia.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

За апошні год у Беларусі значна павялічыўся ціск на адвакатаў. Дзясяткі абаронцаў засталіся без ліцэнзій, іх выключаюць з калегій і пераследуюць па крымінальных і адміністрацыйных справах. Цяпер у няволі ўтрымліваюцца мінімум сем адвакатаў, сярод якіх — Анастасія Лазарэнка. Палітзняволеную адвакатку затрымалі 2 чэрвеня — праз два дні пасля яе 40-годдзя. Сілавікі прыехалі да жанчыны з аўтаматамі і ў бронекамізэльках, яны залезлі ў вокны і выламалі дзверы. Супраць яе ўзбудзілі крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса за "перадачу дадзеных сілавікоў і суддзяў у тэлеграм-каналы". Ужо больш за тры месяцы яна ўтрымліваецца ў СІЗА на Валадарскага. На волі ў яе засталіся сталы бацька і 19-гадовы сын, які з 16 год пакутуе на хваробу Крона. Праз два гады ён атрымае інваліднасць. Сябар Анастасіі распавёў "Вясне" пра ейныя захапленні, сям’ю і настрой пасля затрымання.

Анастасія Лазарэнка
Анастасія Лазарэнка

"Насця са сваім сумленнем не засталася ўбаку ад абароны пацярпелых ад гвалту беларусаў"

"У сваім жыцці адным з самых сваіх найвялікшых дасягненняў я лічу маё сяброўства з Анастасіяй Уладзіміраўнай Лазарэнка. Для тых, каго яна абараняла, яна — Анастасія Уладзіміраўна, для супрацоўнікаў і знаёмых — Насця, для сяброў — Насценька. Анастасія Лазарэнка — гэта, на мой погляд, найлепшы адвакат для таго, хто жадае, каб яго ўсёй душой падтрымалі і з найвялікшай карысцю правялі яго справу, пры тым не было б патрэбна аддаць адвакату апошнія порткі. Адвакатам яна з'яўляецца больш за 10 год і за гэты час не адна сотня людзей дзякуе ў душы за тое, што прыйшлі менавіта да Анастасіі Уладзіміраўны, каб атрымаць дапамогу ў сваіх жыццёвых цяжкасцях.

Калі надыйшоў 2020 год, Насця са сваім сумленнем не засталася ўбаку ад абароны пацярпелых ад гвалту беларусаў, і вельмі шмат людзей павінны падзякаваць гэтай прыгожай жанчыне за бясплатную і прафесійную дапамогу. Потым Насця таксама не склала рукі і ўсёй сваёй прафесійнасцю і абаяннем выцягвала людзей з-за кратаў, калі гэта была магчыма, змяншала тэрміны і сваёй цеплынёй адагравала душы тых, каго магла. Яна ўкладала ў кожнага, хто да яе звяртаўся, усю сваю душу, амаль забываючы, што дома чакае хворы сын, якога яна расціла адна да паўнагоддзя, ды стары бацька. Сваёй стараннасцю яна выратавала шмат людзей, якія зараз павінны падзякаваць ёй.

Але надышоў пракляты дзень, 2 чэрвеня, калі яна была затрымана і змешчана ў СІЗА-1, дзе таміцца да гэтага часу. І што я хачу данесці да вас, людзі, вы ствараеце вобраз пакутнікаў-палітвязняў з тых людзей, хто не зрабіў і маленечкай часткі для свайго народа ад таго, што зрабіла гэтая прыгожая маладая жанчына, якая ўсю сваю душу ўкладала ў тое, каб зменшыць пакуты нашых сяброў і тых, каго вы ўзнімаеце. А яна знаходзіцца ў СІЗА-1 і чакае хаця бы таго, каб ёй напісалі пару добрых словаў ды сказалі, што з яе сям'ёй усё будзе добра. На жаль, цяпер не шмат засталося каля яе людзей, якія павінны на яе маліцца і дзякаваць усім сілам, якія звялі іх з ёю, і дзякаваць ёй за яе бясконца добрую душу.

"Яна сама пабудавала сваю сядзібу"

На пытанне, чым у жыцці цікавіцца Насця, адказаць даволі складана, бо, як і большасці разумных ды высокаадукаваных людзей, кола яе захапленняў вельмі вялікае. Па-першае, можна адзначыць, што яна сама пабудавала сваю сядзібу, без якой-небудзь дапамогі ад іншых людзей. За бацькам, напрыклад, яна ўсё цішкам заўжды рабіла нанова, каб было прыгожа ды акуратна. Насця заўжды цікавілася тым, што жыве ды расце: расліны, сабакі, іншыя хатнія жывёлы, лес, грыбы, рыбацтва ды шмат іншага. Усёй душой яна ўкладвалася ў сваю працу, бо заўжды хацела, ды хоча цяпер, зрабіць гэты свет лепшым, дапамагчы хоць каму. Ёй падабаецца прыгожая музыка, Іглесіас, напрыклад, і Маргарыта Ляўчук ёй падабаецца. Таксама Насце падабаецца, калі вакол усё прыгожа: ежа, абстаноўка, людзі, ды да яе заўжды цягнецца прыгажосць.

"Ёй сказалі, што сыну засталіся год-два жыцця"

Калі ў Насці быў самы складаны момант у жыцці, захварэў сын на Крона (хранічнае неспецыфічнае гранулематознае запаленне страўнікава-кішачнага тракта — заўв.), яе пакінулі амаль усе сябры і адмовіліся сваякі. Але ў той чорны час, калі ёй сказалі, што сыну засталіся год-два жыцця пад нажом хірурга, яна не здалася. Нягледзячы на тое, што здаліся дактары, яна знайшла таго доктара, які змог ёй дапамагчы парадай і накіраваў яе у тым напрамку, які прывёў да добрых вынікаў. Але ўсё лекі, якія былі патрэбныя, шукала і пакупала яна сама, сачыла за аналізамі, выбівала ў дактароў кірункі на гэтыя аналізы, а калі не магла, то плаціла за іх з апошніх грошай. І вось прайшло тры гады — сын здаровы, толькі патрэбна здаваць аналізы і сачыць за імі, вырас моцны і прыгожы хлопец, як малады явар.

"За кратамі займаецца спортам па сваёй праграме, малюе і піша лісты"

За кратамі Насця вельмі схуднела, але і падцягнула ўсё цягліцы. Чытае шмат кніг: Рэмарка, Оруэла, "Кветкі для Элджэрнона" і шмат іншага. Трымаецца годна! Калі ёсць магчымасць, займаецца спортам па сваёй праграме, малюе і піша лісты тым, хто застаўся разам з ёю, але такіх людзей не так шмат, як павінна было б быць. З тых лістоў аб гэтым усім і вядома. Калі хто-небудзь мае патрэбу, то яна дапамагае сваімі ведамі і падтрымкай, аддае амаль апошняе тым, у каго нічога няма. Але ёй ужо вельмі складана аддаваць сваю душу іншым людзям, бо ёй самой патрэбна дапамога, каб хто-небудзь сагрэў ейную душу. Упершыню ў яе жыцці ёй патрэбна дапамога ад іншых людзей, але яна сама аб гэтым нікога і ніколі не папросіць, хаця ёй і вельмі цяжка".


Падтрымайце Анастасію лістамі салідарнасці, грашовымі пераводамі, пасылкамі, тэлеграмамі:

СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2

Лазарэнка Анастасія Уладзіміраўна

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства