Пенсіянеру з Нясвіжа прысудзілі 6 гадоў калоніі і больш за 33 тысячы рублёў кампенсацый і штрафу
Судом Ленінскага раёна Гродна 1 верасня была разгледжаная крымінальная справа ў дачыненні 70-гадовага пенсіянера з Нясвіжа Васіля Дземідовіча, абвінавачанага ў абразах прадстаўніка ўлады, суддзі, Аляксандра Лукашэнкі і арганізацыі масавых беспарадкаў.
Крымінальныя артыкулы, па якіх судзілі Дземідовіча:
- арт. 369 – абраза прадстаўніка ўлады;
- арт. 391 – абраза суддзі або народнага засядацеля;
- ч. 1 арт. 293 – арганізацыя масавых беспарадкаў;
- ч. 1 арт. 368 – абраза прэзідэнта.
Справу разглядаў суддзя Юрый Казакевіч.
Паводле матэрыялаў абвінавачання, Дземідовіч, з'яўляючыся актыўным удзельнікам канала "Карнікі Беларусі" і групы "Чат групы Карнікі" ў перыяд з верасня 2021 года па студзень 2022 года, выкарыстоўваючы мабільны тэлефон, размяшчаў у Інтэрнэт-мэсэнджары "Telegram" у вольным доступе для публічнага прагляду дзясяткі паведамленняў і каментароў, якія змяшчаюць падбухторванні, жаданне, зацікаўленасць і гатоўнасць да стварэння ўзброеных аб'яднанняў, накіраваныя на прычыненне шкоды.
Ён жа, у публічным доступе ў сетцы Інтэрнэт, наўмысна, адкрыта размясціў выказванні ў дачыненні да прэзідэнта і прадстаўнікоў улады, суддзі, у сувязі з ажыццяўленнем імі сваіх службовых абавязкаў, непрыстойныя па форме і абразлівыя па змесце, якія прыніжаюць гонар і годнасць, якія змяшчаюць негатыўную ацэнку, у шэрагу выпадкаў маюць ненарматыўную форму маўленчага выказвання.
Вось некаторыя з ягоных каментароў: “Пакуль рабочага руху няма”, “Трэба ўсеагульная стачка ва ўсёй краіне”, “Чакаю на Беларусі ўзброеныя сілы НАТА”, “Зноў чарговы калхазан і ябацька, долбаны маскаль”.
Раней Дземідовіч прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у акцыях пратэсту.
Таксама стала вядома, што пенсіянер з’яўляецца самым пажылым беларусам, уключаным КДБ у спіс "тэрарыстаў".
Падчас допыту абвінавачаны распавёў, што раскайваецца і шкадуе аб зробленым. Таксама дадаў, што ўсяму віной лічыць эмоцыі, якім ён паддаўся, паверыўшы інфармацыі, размешчанай на "дэструктыўных" рэсурсах.
Прысудам суда Васіль Дземідовіч прызнаны вінаватым па ўсіх прад’яўленых абвінавачаннях і па сукупнасці пакаранняў яму прызначана пазбаўленне волі на тэрмін 6 гадоў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму са штрафам у памеры 50 базавых велічынь, што складае 1600 рублёў.
З абвінавачанага таксама на карысць пацярпелых спагнаная грашовая кампенсацыя маральнай шкоды на агульную суму 32 000 беларускіх рублёў.
70-гадоваму жыхару Нясвіжа пагражае вялікі тэрмін зняволення за падрыхтоўку да арганізацыі масавых беспарадкаў і абразы службовых асоб