viasna on patreon

Здымаў відэаагляд дронаў на Нямізе, але быў затрыманы за ўдзел у Маршы. Гісторыя палітзняволенага студэнта і блогера

2022 2022-09-19T13:02:46+0300 2022-09-19T13:29:12+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/bondarik_90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Студэнта БДУ Уладзіслава Бандарыка затрымалі з сябрамі сёлета 19 студзеня, калі яны на Нямізе здымалі відэаагляд на дроны для свайго ютуб-блога Nick&Bon. Супрацоўнікі АМАПа адразу праверылі тэлефоны хлопцаў і знайшлі там фота і відэа з самага шматлікага ў гісторыі Беларусі Марша пратэсту 16 жніўня 2020 года. Уладзіслаў проста ішоў у натоўпе — за гэта яго засудзілі да 2,5 гадоў "хіміі". Але да суда яго арыштавалі на 15 сутак за "непадпарадкаванне" і ўтрымлівалі на "Валадарцы" яшчэ каля двух месяцаў. Уладзіслаў вучыўся на першым курсе ў БДУ — загад наконт яго адлічэння з'явіўся праз месяц пасля затрымання. 24-гадовы Уладзіслаў пакінуў Беларусь, каб "не губляць час на "хіміі", а паехаць далей развівацца". Былы палітвязень распавёў "Вясне" пра сваё затрыманне, збіванні на Акрэсціна і два месяцы ў СІЗА-1.

bondarik_90.jpeg
Уладзіслаў Бандарык

"Стрыгерылі вынікі выбараў і нахабства з боку ўладаў"

Уладзіслава затрымалі за ўдзел у Маршы 16 жніўня 2020 года. Цяпер хлопец распавядае, чаму ён далучыўся да пратэснага руху:

"У мяне шмат сваякоў і знаёмых жывуць у іншых краінах і распавядаюць нейкія банальныя рэчы, якія ў нас лічацца недасяжнымі. Напрыклад, умовы жыцця састарэлых людзей за мяжой у разы лепшыя. Таксама свабодна, без усялякай рызыкі, можна пачаць весці свой бізнэс і атрымаць дадатковую дапамогу ад краіны, заробкі ў некалькі разоў большыя, вандроўкі без межаў, цэны на ўсё меншыя, свабоднае выказванне свайго меркавання, правядзенне мірных маршаў у падтрымку Беларусі і не толькі, абсалютная салідарнасць з Украінай, дапамога, падтрымка ўцекачам і шмат што іншае, што для Беларусі з'яўляецца на гэты момант недасяжным.

Але больш за ўсё стрыгерылі вынікі выбараў і нахабства з боку ўладаў. Яны нават не зрабілі выгляд "выбараў", але яны нахабна намалявалі гэтыя лічбы. І вось гэтае нахабства больш за ўсё выбіла з каляіны.

І вось нібыта ўсё ішло добра, але трошкі не атрымалася. Магчыма, мы цяпер ідзём іншым шляхам. І, я ўпэўнены, даб'ёмся. Тады мне падказвала сэрца, што так трэба. Мы вырашылі далучыцца да мірных акцый пратэсту".

Уладзіслаў быў сведкам першага выбуху светлашумавой гранаты 9 жніўня каля Стэлы.

"Я тады быў шакаваны, калі ў дзясятку метраў ад нас падарвалася першая светлашумавая, канечне. Гэта было нечакана. Ніхто не папярэджваў нават. Мы тады зразумелі, што пачынаецца нейкі хаос… Страшныя рэчы былі. Людзі і ў раку скакалі, каб уцячы ад амапаўцаў, пагоні, збівання, пераследу аж да двароў і пад'ездаў".

"Іх не цікавілі відэа з дронаў — іх цікавіў матэрыял з 2020 года"

Затрымалі Уладзіслава сёлета 19 студзеня з сябрамі. У іх свой блог на ютубе Nick&Bon, дзе яны робяць агляды на тэхніку. У той вечар для блога яны запускалі дрон недалёка ад моста на Нямізе — трэба было зрабіць відэаагляд з двух дронаў. 

"Мы абралі даволі маляўнічае месца — Няміга. Мы абляцелі Траецкае прадмесце, палёталі над ракой — практычна ўсё знялі, і да нас падышлі двое супрацоўнікаў АМАПа. Яны сказалі нам неадкладна саджаць дроны і запатрабавалі тэлефоны. Амапаўцы правяралі галерэі ў тэлефонах нас усіх траіх. Іх не цікавілі відэа з дронаў — іх цікавіў матэрыял з 2020 года. Яны адразу маталі на той час, праглядаючы паралельна ўсё астатняе. Асабістыя межы былі парушаны ўжо на гэтым моманце. У мяне і яшчэ аднаго сябра знайшлі фота і відэа Марша 16 жніўня 2020 года. Мы не здзяйснялі ніякіх супрацьпраўных дзеянняў — мы проста ішлі ў калоне. Гэта быў мірны Марш, накіраваны на мірныя мэты".

Супрацоўнікі АМАПа забралі ў хлопцаў дроны і сказалі пайсці за імі. Сяброў адвялі ў вялікі белы намёт на Нямізе, дзе правялі поўны агляд рэчаў. Сілавікі яшчэ раз паглядзелі тэлефоны і сказалі, што "праз такі кантэнт хлопцы вымушаны паехаць з імі". Уладзіслава з сябрамі адвезлі ў Цэнтральнае РУУС.

"Мы паводзілі сябе спакойна і рабілі тое, што ад нас патрабавалася. Мы не перашкаджалі ім, але ўсё адно пачаўся маральны ціск, маўляў, "змагары, навошта вы гэта ўсё робіце, разумееце ж, што гэта ўсё марна". Гэта ўсё адбывалася ў жорсткай форме".

У Цэнтральным РУУС у затрыманых ізноў праверылі тэлефоны і пачалі допыты "на падвышаных тонах са знявагамі". 

"Мы спакойна адказвалі, магчыма, гэта іх і раз'юшвала".

Дроны забралі на экспертызу, рэчы ўсе апісалі, і пасля хлопцаў на ноч змясцілі ў камеру РУУС.

"Гэта была цалкам бетонная камера: падлога, сцены, столь. Там яшчэ былі тры п'яныя чалавекі — без вызначанага месца жыхарства, на першы погляд. Ад іх ішоў вельмі непрыемны смурод, а ў камеры ўсё было абсікана. Было вельмі халодна. Мы селі ў кут і проста чакалі. Нас часам падклікалі, казалі, што, магчыма, пасядзім да раніцы і нас адпусцяць. А мы, наіўныя, думалі, што так і будзе. Патэлефанаваць сваякам нам не далі — усё абяцалі пасля".

"Білі так, каб сінякоў не заставалася"

Зранку ізноў паглядзелі тэлефоны, зладзілі допыты і сказалі, што хлопцаў адпраўляюць на Акрэсціна. На іх надзелі кайданкі, змацавалі з іншымі затрыманымі і павезлі так ланцужком у ІЧУ. Ва ўсіх траіх, уключаючы Уладзіслава, забралі цёплыя курткі — так робяць з усімі палітвязнямі — і змясцілі ў камеру.

"Гэта была прадаўгаватая камера: метраў сем у даўжыню, два з паловай метры ў шырыню. Там было шэсць коек без матрацаў на нас 16 чалавек. Мы спалі, скруціўшыся абаранкам, таму што было вельмі халодна. Пачалі карміць толькі праз суткі, бо ў дзень заезду нам не належыла ежа. Дарэчы, яна была жахлівая, але елі, таму што трэба было есці. Нам давалі незразумелую нішчымную кашу — я нават не ведаю яе назву, складана наогул назваць гэта кашай, гарбата не асабліва запараная без цукру, хлеб — на той момант здаваўся нармальным, цяпер здаецца жудасным. У камеры быў туалет напаўадкрытага тыпу: па баках былі сценкі, а зверху ўсё праглядалася. Туалетнай паперы нам давалі зусім трошкі — увесь час прасілі.

Мы нармальна не спалі, бо ўначы і штораніцы нам гучна стукалі па камеры і мы павінны былі назваць свае прозвішчы. Святло не выключалі наогул, увесь час былі праверкі з вывадам з камеры: ставілі тварам да сценкі, білі па нагах, каб мы паставілі максімальна шырока ногі. Рукі былі за спінай і нас нахілялі максімальна нізка да падлогі — рукі паднімалі вышэй за галаву. Але нас маглі і проста так стукнуць: магло і ў бок прыляцець, і па спіне, і па нагах. Білі так, каб сінякоў не заставалася. Гэта ўсё суправаджалася гучнымі гукамі: яны самі гарлапанілі, білі дубінкамі аб сценку ці металічную канструкцыю. Было ўсялякае прыніжэнне з іх боку. Гэта былі супрацоўнікі ІЧУ, але, як мне хтосьці расказваў, яны часам працуюць яшчэ і ў АМАПе, таму яны часам прыязджаюць на "адпачынак" на Акрэсціна".

Паводле Уладзіслава, білі ўсіх увесь час — палічыць колькасць разоў ён не можа:

"Любілі біць пад бок, па нагах білі ўвесь час. Калі ты робіш усё правільна — усё адно білі. Гэта было непрадказальна".

"Да скайпу далучыўся супрацоўнік АМАПа і казаў, што ён усё бачыў, як мы супраціўляліся і біліся нагамі"

У гэтай камеры іх пратрымалі трое сутак. На Акрэсціна прыязджалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа, якія спрабавалі зайсці ў тэлеграм Уладзіслава, але ў іх нічога не атрымалася. Тады з ім запісалі "пакаяльнае" відэа, дзе ён сказаў, што з'яўляецца студэнтам і браў удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

"Мы намагаліся не маркоціцца і не дэпрэсаваць, таму што гэта бескарысна. Трэба было за штосьці трымацца — хоць за нейкую надзею. Мы з сябрамі былі тры дні ў адной камеры — ад гэтага было лягчэй, мы падтрымлівалі адзін аднаго".

Пасля хлопцаў асудзілі паводле арт. 24.3 КаАП — непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі пры затрыманні.

"Нас адвялі на чацвёрты паверх — там было шмат людзей і "палітычных" было мала. Нас судзілі праз скайп — заводзілі ў спецыяльны кабінет па адным. Нас абвінавацілі ў тым, што мы супраціўляліся падчас затрымання, біліся рукамі і нагамі, хоць такога не было. Я пачынаю казаць, што такога не было і і ў гэтым можна пераканацца, паглядзеўшы камеры кожнага супрацоўніка і ўсталяваныя ў будынку РУУС камеры. Потым да скайпу далучыўся нейкі супрацоўнік АМАПа і казаў, што ён нібы ўсё бачыў, як мы супраціўляліся і біліся нагамі. Калі я зноў сказаў паглядзець камеры, то яны сказалі, што камера каля Цэнтральнага РУУС не працуе, а ў супрацоўнікаў АМАПа не было пры сабе камер. Тады я зразумеў, што тут нічога не дакажаш і асабліва нічога не зробіш".

У выніку трох хлопцаў арыштавалі на 15 сутак кожнага.

"Яны гэта робяць дзеля таго, каб за гэты час больш накапаць інфармацыі", — кажа Уладзіслаў.

"Клаліся на падлозе "кількамі" максімальна шчыльна, каб хоць неяк змясціцца"

З ІЧУ іх перавялі ў ЦІП. Уладзіслава ўтрымлівалі ў камеры, у якой колькасць чалавек дасягнула дваццаці.

"Там было трохі лепш. Нядаўна быў рамонт, таму ён стаў трохі пасвяжэй. Але ў дачыненні да "палітычных" нічога не змянілася — усё было, як у ІЧУ: нам не давалі матрацы, будзілі ўначы, святло не выключалі. Але ў ЦІП не білі. Спалі мы, у асноўным, на падлозе, таму што падлога была драўляная, а койкі — з металічнымі прутамі. Яны ўпіваліся мне ў скуру і спаць было балюча на іх. Клаліся на падлозе "кількамі" максімальна шчыльна, каб хоць неяк змясціцца.

Там я сустракаў розных людзей самых розных кірункаў і спецыяльнасцяў — бізнэсоўцы, праграмісты, валанцёры. Было цікава з імі гутарыць і слухаць іх гісторыі. Я быў здзіўлены, якія людзі ў нас сядзяць! Здавалася, што там павінны быць людзі, якія сапраўды парушалі закон, а там разумныя і культурныя людзі. Гэта цалкам разарвала мой мозг — як гэта адбываецца ў Беларусі".

На 15-я суткі адміністрацыйнага арышту да хлопцаў прыйшоў супрацоўнік з дакументам на подпіс, дзе гаварылася, што яны абавязваюцца не здзяйсняць супрацьпраўных дзеянняў. 

"Там схема такая: калі цябе выклікаюць за 10-15 хвілінаў да пратакольнага часу затрымання — значыць, цябе рэальна выпусцяць. А калі за пяць-шэсць гадзін — значыць, што не выпусцяць. Мяне так паклікалі за некалькі гадзін. Я зразумеў, што яны штосьці знайшлі і мяне павязуць кудысьці далей. У суседняй камеры сядзелі мае сябры. Я пачуў, як называюць прозвішча аднаго з іх і яго таксама выводзяць, як і мяне. Другога сябра пакінулі — яго пасля выпусцілі пасля «сутак»".

"У карцары стаўленне было яшчэ горшым — адкрыта адрываліся на нас"

Двух сяброў на першым паверсе ЦІПа чакаў следчы, які заявіў, што іх падазраюць паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса — удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Пасля гэтага хлопцаў ізноў адправілі ў ІЧУ на Акрэсціна. Уладзіслава адразу змясцілі ў камеру, дзе былі матрацы.

"Я заваліўся і проста спаў як мага даўжэй".

Але на наступныя суткі Уладзіслава, ягонага сябра і яшчэ пяцярых чалавек змясцілі ў аднамясцовы карцар. Потым людзей дакідалі, максімальна колькасць даходзіла да дзевяці чалавек у аднамясцовым карцары.

"Нас туды змясцілі не праз парушэнні нейкія, а проста таму што мы "палітычныя". Там бетонныя падлогі, адзін ложак прышпілены да сцяны, які ніколі не адшпільваўся, адкрыты туалет — дзірка ў падлозе, у камеры было халодна. У карцары стаўленне было яшчэ горшым — адкрыта адрываліся на нас. Прыляталі ўвесь час удары, жорсткія праверкі…"

У карцары Уладзіслава і сябра ўтрымлівалі каля сямі сутак. За гэты час да іх прыходзіў следчы і адвакат. У сваякоў прымалі перадачы ў ЦІП і ІЧУ на Акрэсціна, але іх не перадавалі хлопцам. Аддалі, калі сяброў пераводзілі ў СІЗА-1.

"На "Валадарцы", галоўнае, не білі. У нашай камеры было 28 чалавек — гучыць страшна, але было нармальна. У нас быў вялікі стол, паміж ложкамі можна было хадзіць, нават быў тэлевізар. Нас вадзілі на шпацыры — можна было падыхаць і пагуляць у "Мафію", напрыклад. У параўнанні з Акрэсціна кармілі вельмі добра — нават можна без перадач пратрываць. Але мы ўсё адно іх прасілі, таму што хацелася салодкага".

"Гэта цікавы досвед, які не хацелася б паўтараць"

У 28-мясцовай камеры каля паловы былі "палітычныя". Сярод іх, напрыклад, Мікалай Бібліс — фігурант справы "Буслы ляцяць", Вячаслаў Дашкевіч, Аляксандр Сяргееўстудэнт Матвей Гранкевіч і шмат хто яшчэ.

"Там нейкай дэпрэсіі не было ні ў каго — усе трымаліся добра. Наогул, мы ўсе там трымаліся на пазітыве. Імкнуліся падтрымліваць адзін аднаго. Пісалі лісты, распавядалі розныя гісторыі, я там нават навучыўся рабіць ружанцы. Наогул, гэта цікавы досвед, які не хацелася б паўтараць.

На "Валадарцы" стаўленне было нармальнае. Здаецца, што большасці супрацоўнікаў не асабліва падабаецца, што адбываецца".

Уладзіслава з сябрам трымалі ў СІЗА-1 каля двух месяцаў. 19 красавіка над імі пачаўся суд, які скончыўся 2,5 гадамі "хіміі" кожнаму.

"На судзе ўсё, што мы ні казалі, ім было ўсё адно. Ніякія факты да справы не прыпісалі. На нейкія дасягненні ім было ўсё адно. Раскаяннем таксама не выйшла скарыстацца".

"Калі б я не верыў у перамогу, то я паехаў бы на "хімію" адбываць свой тэрмін"

Владислав Бондарик
Уладзіслаў Бандарык

Уладзіслаў вырашыў пакінуць Беларусь, а ягоны сябар паехаў на "хімію", дзе цяпер працуе ў калгасе. Хлопец кажа, што не шкадуе пра тое, што выходзіў на акцыі пратэсту, і яшчэ верыць ў надыход "Новай Беларусі":

"Я веру, што яна [Новая Беларусь] рана ці позна надыдзе. Гэта не можа доўжыцца вечна. Я ў гэтым упэўнены. Магчыма, людзі думаюць, што калі няма вулічнай актыўнасці, то значыць — усё. Але барацьба ж не заўжды бачная. Пратэсты, счэпкі — толькі верхавіна айсберга, а самая галоўная барацьба — яна ўсярэдзіне і схаваная ад вачэй. Менавіта гэта цяпер і адбываецца. Мне здаецца, што Лукашэнка хутка здасць пазіцыі. Калі б я не верыў у перамогу, то я б паехаў на "хімію" адбываць свой тэрмін. Але я паехаў развівацца і дапамагаць, чым магчыма. Цяпер я паступіў ва ўніверсітэт на факультэт "Сусветная палітыка і эканоміка", як бы гэта смешна цяпер ні гучала.

Людзі, калі і павінны сядзець, то за нейкія злачынствы: забойства, крадзеж і г. д. Але я не лічу сябе крымінальным злачынцам. Выйшаў на дарогу — дайце штраф, але прычым тут крымінальная адказнасць за ўдзел у мірным Маршы? Цяпер я вырашыў не марнаваць час на "хіміі", а паехаць далей развівацца. І я ганаруся ўсімі людзьмі, якія не пабаяліся і ўзялі ўдзел у мітынгах і пратэстах! Разам мы пераможам!"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства