viasna on patreon

Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні Івана Мураўёва i Яўгена Меркіса палітычнымі зняволенымі

2022 2022-09-21T16:10:00+0300 2022-09-21T16:10:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/merkis_muraviev.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сумесная заява беларускіх праваабарончых арганізацый

21 верасня 2022 года

29 жніўня 2022 г. супрацоўнікі Следчага камітэта ў Мінску затрымалі журналіста Івана Мураўёва.

Івану Мураўёву выставілі абвінавачанне паводле ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (удзел у экстрэмісцкам фармаванні). Па дадзеным абвінавачанні журналісту пагражае абмежаванне волі на тэрмін да чатырох гадоў ці пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да шасці гадоў. На дадзены момант Іван Мураўёў знаходзіцца ў СІЗА №1 г. Мінска.

Іван Мураўёў – журналіст, аператар і фатограф, які раней ужо затрымаўся ў жніўні 2020 года.

13 верасня 2022 г. у Гомлі ў другой палове дня прайшоў ператрус у кватэры журналіста Яўгена Меркіса, пасля чаго ў яго канфіскавалі носьбіты інфармацыі, а потым Яўген быў затрыманы.

Яўгену Меркісу выставілі абвінавачанне паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Па дадзеным артыкуле журналіст можа быць пакараны абмежаваннем волі на тэрмін да чатырох гадоў ці пазбаўленнем волі на тэрмін ад двух да шасці гадоў.

Яўген Меркіс – журналіст, які асвятляў акцыі пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 г. Яга неаднаразова затрымлівала міліцыя, праз суды штрафавала і адпраўляла на суткі. Пасля прызнання шэрагу незалежных СМІ экстрэмісцкімі фармаваннямі, Яўген займаўся краязнаўчай дзейнасцю.

Празмерна шырокія і расплывістыя вызначэнні «экстрэмісцкай дзейнасці» і «экстрэмісцкага фармавання», прадугледжаныя беларускім заканадаўствам, дазваляюць уладам маніпуляваць дадзенымі фармулёўкамі дзеля неправамернага абмежавання права на інфармацыю, свабоды слова і свабоды асацыяцый. З 2021 года назіраецца масавая практыка адвольнага прызнання «экстрэмісцкімі матэрыяламі» публікацый незалежных СМІ, разам з абвешчаннем беларускіх СМІ «экстрэмісцкімі фармаваннямі». Адной з самых абуральных формаў пераследу зʼяўляецца прыцягненне журналістаў да крымінальнай адказнасці ў звязку з удзелам у экстрэмісцкім фармаванні ці садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці.

Мы, ніжэй падпісаныя арганізацыі, лічым, што гэтыя дзеянні ў дачыненні да Івана Мураўёва i Яўгена Меркіса з’яўляюцца працягам мэтанакіраванай палітыкі ўладаў па абмежаванні распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне і працягам наступу на свабоду слова. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі заблакаваныя дзясяткі грамадска-палітычных сайтаў і сайтаў медыя, шэраг друкаваных выданняў вымушаныя былі спыніць выхад, журналісты і супрацоўнікі медыясектара Беларусі знаходзяцца ў зняволенні.

Улічваючы дадзеныя акалічнасці, мы прыходзім да высновы, што рэальнымі падставамі крымінальнага пераследу Івана Мураўёва i Яўгена Меркіса з’яўляюцца палітычныя матывы, скіраваныя на спыненне ці змяненне характару ix публічнай дзейнасці дзеля законных мэтаў у сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды выказвання меркаванняў і распаўсюду інфармацыі.

На падставе гэтага, кіруючыся п. 2.1, 3.1 Кіраўніцтва аб вызначэння паняцця «палітычны зняволены», прынятага на ІІІ Беларускім праваабарончым форуме, мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацыяй, заяўляем аб прызнанні Івана Мураўёва i Яўгена Меркіса палітычнымі зняволенымі і патрабуем:

  • неадкладнага вызвалення Івана Мураўёва i Яўгена Меркіса і спынення ў дачыненні да ix крымінальнага пераследу;
  • адмовы ад выкарыстання метадаў крымінальнага пераследу як інструменту ціску на свабоду выказвання меркавання, ці іншыя правы і свабоды;
  • неадкладнага спынення рэпрэсій, а таксама вызвалення ўсіх палітычных зняволеных.

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Прававая ініцыятыва;

Human Constanta;

Lawtrend;

Беларускі ПЭН;

Беларускі Хельсінкскі камітэт;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства