За некалькі каментароў ў тэлеграме палітзняволенага шматдзетнага бацьку асудзілі да 1,5 года калоніі
У судзе Маскоўскага раёна Мінска 22 верасня да паўтара года калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму асудзілі 48-гадовага шматдзетнага бацьку Паўла Ларына. За каментары ў тэлеграм-чатах і каналах яго абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады і Лукашэнкі (артыкулы 369 і 368 Крымінальнага кодэкса). Прысуд вынесла суддзя Таццяна Пірожнікава.
Паўла асудзілі па трох эпізодах. Напрыканцы 2020 года ён у тэлеграм-канале пакінуў каментар, які "зняважаў годнасць" тады яшчэ міністра ўнутраных справаў Юрыя Караева. Таксама, згодна версіі абвінавачвання, Ларын пакінуў каментар у адносінах да Лукашэнкі — допіс прызнаны абразлівым. І 24 лютага 2022 года ў дваровым тэлеграм-чаце мікрараёна "Малінаўка" Ларын выказаўся пра "спецыяльную ваенную аперацыю". Самі каментары на судзе не агучваліся.
На працэсе палітвязень прызнаў віну і падцвердзіў, што ён сапраўды пакідаў каментары.
Павел — шматдзетны бацька, на волі яго чакаюць чацвёра дзетак, двое з якіх — малалетнія. У апошнім слове ён прасіў суддзю не пазбаўляць яго волі, таму што дзеці маюць патрэбу ў бацьку побач з сабой. Пракурор 21 верасня запрасіў для Паўла паводле ч. 1 арт. 369 і 368 КК паўтара года калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Менавіта такі прысуд вынесла на наступны дзень суддзя Пірожнікава.
Пад вартай Павел утрымліваецца з 14 чэрвеня 2022 года. У лютым яго арыштоўвалі на 15 сутак за паведамленне ў раённым чаце, дзе ён выказаўся супраць вайны.
Адрас для лістоў: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Павел Віктаравіч Ларын