viasna on patreon

"Ён сядзіць, справа яго жыве, а імя яго гучыць". Праваабаронцу "Вясны" Леаніду Судаленка споўнілася 56 гадоў

2022 2022-09-23T14:08:03+0300 2022-10-10T16:31:22+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sudalenka_levinau_2017-zheneva.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёння, 23 верасня, палітзняволенаму праваабаронцу "Вясны" з Гомеля Леаніду Судаленку спаўняецца 56 гадоў. Свой Дзень нараджэння ён сустракае ў папраўчай калоніі №3 у Віцебскай вобласці. З Віцебска родам і блізкі сябар Леаніда — Павел Левінаў, праваабаронца Беларускага Хельсінкскага камітэта. Адзін аднаго яны называюць "братамі", а аб'ядноўваюць іх не толькі праваабарончая дзейнасць, але і незвычайныя традыцыі. "Вясна" распавядае пра сяброўства двух праваабаронцаў.

levinau-sudalenka.jpg
Павел Левінаў і Леанід Судаленка. Фота размешана Леанідам на старонцы ў Фэйсбук

Браты па праваабароне

Леанід Судаленка і Павел Левінаў пасябравалі ў далёкім 2006-м годзе:

"Мы зблізіліся ў праваабарончым асяроддзі і ішлі ў адным кірунку для таго, каб палепшыць сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, — успамінае Павел Левінаў.  — Ён мяне лічым сваім братам, а я яго – сваім. Не ведаю, на колькі мы падобныя, але часам нас з ім блыталі І адзін да аднаго мы заўсёды звяртаемся: “Прывітанне, брат”. Вядома, мы не родныя браты — мы браты па праваабароне. Мы заўсёды дзяліліся адзін з адным поспехамі і няўдачамі".

Незвычайныя канверты

У 2017 годзе Паўла Левінава пасадзілі на 15 сутак за маніторынг пратэсных Маршаў недармаедаў А Леанід Судаленка пісаў яму цёплыя лісты. Так і пачалася традыцыя перапісвацца з выкарыстаннем незвычайных канвертаў, успамінае Павел Левінаў:

"На канвертах была надрукаваная мая фатаграфія. Леанід, мабыць, на кампутары яе рабіў, а потым хадзіў раздрукоўваць яе на канверце. У той час лісты ніхто не краў — яны ўручаліся [даходзілі да зняволенага — заўв.]. Апошні ліст ад Леаніда тады дайсці да мяне не паспеў — і вярнуўся да Леаніда. Ён мне яго і перадаў".

Гэты момант зафіксаваны на фатаграфіі, якую ў 2017-м годзе Леанід выклаў на сваёй старонцы ў Фэйсбук. Павел Левінаў, які на той момант нядаўна выйшаў з сутак, трымае ў руках той самы канверт ад Леаніда.

levinau_sudalenka_kanvert-screen.jpg
Пад чырвонай налепкай аб вяртанні ліста, які трымае Павел Левінаў — яго фатаграфія

Цяпер жа, падчас крымінальнай зняволення Леаніда, лісты яму пасылае Павел Левінаў. Канверты — таксама незвычайныя. Напрыклад, віншаванне з Новым годам-2022, якое Павел дасылаў з Украіны:

kanvert-sudalenku_novygod.png
У якасці Дзеда Мароза — сам Павел Левінаў

А на 55-годдзе Леаніда, якое праваабаронца адзначыў у Гомельскім СІЗА ў 2021 годзе, Павел Левінаў вырабіў святочны канверт, на якім была намаляваная азалочаная лічба 55 і раздрукаваная фатаграфія Леаніда. Усярэдзіне ляжала віншавальная паштоўка — "брату ад брата".

Усё гэта Леаніду не ўручылі.

"У цяперашняй сітуацыі ніводнае маё пасланне да Леаніда не дайшло, — адзначае Павел Левінаў. — Леанід можа падумаць: «Што здарылася з братам, куды ён знік?» Але ўсё ж, я ўпэўнены, ён выдатна разумее: гэта здарылася не з братам, гэта здарылася з краінай".

Жэнева і фота праз 10 гадоў

Левінаў і Судаленка не раз разам наведвалі ў складзе беларускіх няўрадавых дэлегацый Жэнеўскі офіс Упраўлення Вярхоўнага Камісара па правах чалавека. Гэта было ў рамках працэдуры Універсальнага перыядычнага агляду (УПА).

"Мы слухалі з першых вуснаў даклады ўрада Беларусі аб тым, як  «у нашай краіне выконваюцца правы чалавека і няма ніякіх парушэнняў» — і падавалі свае альтэрнатыўныя даклады".

Гэта фота зроблена з апошняй сумеснай паездцы праваабаронцаў у Жэневу ў 2017 годзе.

"І падчас візіту мы знайшлі з Леанідам фатаграфію, дзе была наша самая першая паездка ў Жэневу — у 2007 годзе, у Офісе прадстаўніцтва сеткі Дамоў правоў чалавека. І мы паспрабавалі паўтарыць гэта фота ў тых жа позах".

sudalenka_levinau_2007-zheneva.jpg.jpg
Леанід Судаленка і Павел Левінаў падчас паездкі ў Жэневу ў 2007 годзе

Павел Левінаў нагадвае, што Камітэт ААН правоў чалавека вывучае не толькі альтэрнатыўныя даклады праваабаронцаў, але і звяртае ўвагу на колькасць індывідуальных зваротаў, якія паступаюць у КПЧ ААН з краіны: там грамадзяне краіны выступаюць супраць сваёй дзяржавы, якая парушыла тое ці іншае права, замацаванае ў Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах.

З Беларусі такіх зваротаў больш за 300, а па 153 з іх ужо прынятыя станоўчыя рашэнні: КПЧ ААН прызнаў, што Рэспубліка Беларусь парушае палажэнні міжнародных пагадненняў і тым самым парушае правы сваіх грамадзян. Вялікі ўклад тут унёс Леанід: ён выступаў адвакатам грамадзян, якія туды звярталіся. Напрыклад, адно з такіх станоўчых рашэнняў было вынесена на летняй сесіі КПЧ ААН. Камітэт прызнаў парушэнне Беларуссю правоў Гомельскай журналісткі Ларысы Шчыраковай, а яе зварот рыхтаваў Леанід Судаленка.

"Леанід Судаленка сядзіць, а справа яго жыве, — кажа Павел Левінаў. — І крымінальная справа ў дачыненні да Леаніда — гэта помста ўладаў Леаніду за яго праваабарончую дзейнасць. За тое, што ён праўдзіва паказваў Беларусь на міжнароднай арэне".

*Нядаўна беларускі парламент выступаў з прапановай дэнансаваць для Беларусі Факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Менавіта гэты пратакол дае магчымасць беларусам скардзіцца на сваю дзяржаву ў КПЧ ААН.

Беларуская Праваабарончая Школа

Сваімі ведамі Леанід Судаленка дзяліўся з вучнямі курсаў Беларускай Праваабарончай Школы. У рамках Паглыбленага тэматычнага курса па правах чалавека Леанід выступаў трэнерам і экспертам па тэме абароны правоў чалавека на міжнародным узроўні з практыкай зваротаў у Камітэт па правах чалавека ААН. Дзяліўся і канкрэтнымі ведамі: напрыклад, як запоўніць фармуляр Камітэта, каб зарэгістраваць і падаць індывідуальны зварот.

Адзін з навучальных цыклаў распачаўся зусім нядаўна у сярэдзіне верасня 2022. Там выкладае і Павел Левінаў:

"Цяпер сярод навучэнцаў БПШ прозвішча Леаніда гучала неаднаразова. Не толькі як трэнера, але і палітвязня. А адна з груп, напрыклад, вывучала рашэнне КПЧ ААН, якое рыхтаваў Судаленка. А калі ўдзельнікі даведаліся, што мы з Леанідам знаёмыя, то задавалі пытанні асабістага характару: «Што гэта за чалавек? Дзе вы пазнаёміліся? А чаму вы сталі братамі?»

Таму Леанід сядзіць, справа яго жыве, а імя яго гучыць".

Каманда Беларускай Праваабарончай Школы адзначае, што Леанід вельмі натхняў маладых людзей сваім досведам і безупыннай працай на карысць справядлівасці і правоў чалавека.

"Зняволенне Леаніда Леанідавіча стала моцным ударам для ўсёй нашай каманды, для выпускнікоў і выпускніц — многія пісалі яму лісты, дасылалі пасылкі", — кажа каманда БПШ.

А ў адным сваіх лістоў на волю палітзняволены Леанід Судаленка напісаў:

"Атрымаў днямі натхняльны ліст дзяўчыны з Мінска, піша што вучылася на курсах правоў чалавека і слухала маю лекцыю. Цытата: «Яшчэ тады, шмат гадоў таму Ваш прафесіяналізм і падыход да справы мяне вельмі захапілі і нават натхнілі. Менавіта таму я зараз хачу вас падтрымаць і падбадзёрыць. Не толькі ваша юрыдычная, але і адукацыйная дзейнасць маюць велізарны сэнс і карысць. Я вельмі рада, што ў маладым узросце мне трапіліся Вы, школа Правоў Чалавека і ўсё, што звязана з абаронай правоў чалавека! Вашы прыклад вельмі натхняе, дзякуй вам!»"

Вяртанне

На адной з фатаграфій, размешчаных Леанідам у Фэйсбуку, можна пабачыць абодвух праваабаронцаў  — каля мяжы Беларусі і Украіны.

Павел Левінаў згадвае, як быў зроблены гэты здымак:

"Я вяртаўся на аўтамабілі з Украіны, а Леанід быў у сваёй маці ў вёсцы Бабовічы (Гомельская вобласць — заўв.). Праязджаючы міма брата, я не мог з ім не сустрэцца. Мы перасекліся на трасе — ён пад'ехаў, мы абняліся і абмяняліся інфармацыяй. І кожны потым зноў паехаў у свой бок, каб абараняць правы чалавека".

Сёння, 23 верасня 2022 года, праваабаронца Леанід Судаленка адзначае свой дзень нараджэння, знаходзячыся ў калоніі.

"Я хачу яму пажадаць, перш за ўсё, здароўя, — кажа Павел Левінаў. — А яшчэ, каб Леанід заставаўся такім жа стойкім і мужным. Я веру ў яго, што ён годна пройдзе угатаваны яму лёсам шлях. І жадаю — не толькі яму, а і сабе — як мага хутчэй абняць свайго брата па праваабароне".

Павіншуйце палітзяволенага праваабаронцу "Вясны" з Днём Нараджэння і падтрымайце яго лістамі салідарнасці!

Адрас для лістоў: ВК № 3. 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба. Леаніду Леанідавічу Судаленку

Таксама можна напісаць і онлайн — праз Майстэрню паштовак салідарнасці.

«Правы нам дае не дзяржава». Вялікае інтэрв'ю з Леанідам Судаленкам за два тыдні да яго затрымання

За два тыдні да затрымання кіраўніка Гомельскага аддзялення “Вясны” Леаніда Судаленкі, на сайце Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава выйшла вялікае інтэрв’ю з ім.

Праваабаронца за кратамі: дармаеды, КПЧ ААН, агуркі і РЭП — знаёмімся з Леанідам Судаленкам у падкасце “Вясна прыйдзе”

У 23-м выпуску праваабарончага падкаста “Вясна прыйдзе” прапануем вам даведацца больш пра асобу і дзейнасць Леаніда Леанідавіча Судаленкі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства