viasna on patreon

Апраналі пакет на галаву, было не менш за 50 удараў: сталі вядомыя падрабязнасці збіцця палітвязня Анатоля Латушкі

2022 2022-09-26T09:05:58+0300 2022-09-26T09:08:37+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/latushko_90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суддзя Цэнтральнага раёна Мінска Дзмітрый Карсюк 20 верасня асудзіў палітвязня стрыечнага брата палітыка Паўла Латушку Анатоля Латушку да 6 гадоў калоніі і штрафу ў 300 базавых, Алену Маліноўскую — да 4 гадоў калоніі, Лілію Ананян — да 5 гадоў "хатняй хіміі". Агулам іх прызналі вінаватымі паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса за распаўсюд улётак да рэферэндуму, удзел у Маршы, маляванне "Пагоні", спаленне дзяржаўнага сцяга. Пасля затрымання Латушкі было вядома, што яго збівалі. Падчас суда, які праходзіў у адкрытым рэжыме, былі агучаныя падрабязнасці прымянення фізічнай сілы да яго ў Цэнтральным РУУС — "Вясна" публікуе іх.

Анатоль Латушка
Анатоль Латушка

Раней было вядома, што пасля затрымання Анатоль быў збіты. Падчас суда былі агучаныя падрабязнасці, бо палітвязень пісаў заяву аб правядзенні праверкі па факце прычынення яму цялесных пашкоджанняў і прызначэнні судова-медыцынскай экспертызы, а таксама падаваў хадайніцтва аб дадатковым допыце, у якім заяўляў, што паказанні з 31 студзеня па 2 лютага "не адпавядаюць рэчаіснасці, бо дадзены з ужываннем фізічнага і псіхалагічнага ціску, пры паступленні ў СІЗА зафіксаваныя цялесныя пашкоджанні".

Нагадаем, што 11 лютага МУС паведаміла пра затрыманне ў Мінску "групы радыкалаў". Гэтак жа прэс-служба ведамства апублікавала відэа, дзе, у тым ліку, утрымліваецца допыт затрыманага Латушкі з заблюраным тварам, дзе ён распавядае пра тое, што маляваў на паштовых скрынях у пад'ездах "Пагоню", раскідваў улёткі, зняў з крамы і спаліў у знак пратэсту чырвона-зялёны сцяг, і кажа, што раскайваецца ў зробленым. Аднак калі дакладна было запісана гэта відэа, невядома.

З матэрыялаў справы вядома, што Латушку былі прычыненыя цялесныя пашкоджанні супрацоўнікамі міліцыі ў будынку Цэнтральнага РУУС 31 студзеня 2022 года — адразу пасля затрымання.

З гэтай нагоды дапытвалі 3 лютага старэйшага ўпаўнаважанага ГУУС Мядзведскага, які паказаў, што фізічную сілу ён не ўжываў, пры ім фізічная сіла з боку супрацоўнікаў не ўжывалася, проста пагутарыў, склаў тлумачэнне і пратакол затрымання, пакінуў кабінет, больш з Латушкам не перасякаўся. Адзін на адзін ніколі не знаходзіўся, разам з імі былі іншыя супрацоўнікі, дзверы была практычна пастаянна адкрыта. Падобныя паказанні даў супрацоўнік РУУС Мясніцкі 23 лютага.

Сам жа Латушка падчас следства распавядаў, што "31 студзеня каля 01:00 я быў затрыманы паблізу дома, даставілі ў Цэнтральнае РУУС, правялі на чацвёрты паверх у адзін з кабінетаў, далей пачалі камунікваць супрацоўнікі, якія там знаходзіліся. Супрацоўнік апранаў мне два разы на галаву поліэтыленавы пакет, пры гэтым яны тлумачылі, што хочуць атрымаць ад мяне нейкія звесткі, пра якія я сам не ведаў. Хтосьці з супрацоўнікаў узяў у рукі дубінку, пачаў пагражаць ёй... " [суддзя Карсюк прапускае частку тэксту].

"Пра ўдары нейкія, не менш за 50 разоў...", — працягвае суддзя.

"Казалі аб тым, што хочуць атрымаць ад мяне інфармацыю, што датычыцца нейкіх телеграм-каналаў. Я не разумеў, што ад мяне хочуць. Ад таго, што на мяне аказваюць фізічны ціск, я пагадзіўся даваць паказанні, якія мне сказалі супрацоўнікі міліцыі. Пры гэтым па факце я названых злачынстваў не здзяйсняў. У далейгым, калі я пачаў даваць паказанні, фізічную сілу да мяне таксама супрацоўнікі міліцыі не ўжывалі. Далей мяне спусцілі ў дзяжурную частку, і на наступны дзень я працаваў са следчым. У далейшым фізічную сілу да мяне ніхто не ўжываў. Хачу ўдакладніць, што людзі, якія прадставіліся супрацоўнікамі ГУУС, пакінулі кабінет да пачатку прымянення да мяне фізічнай сілы", — сказана ў тлумачэнні Латушкі.

На судзе ён пацвердзіў гэтыя факты.

Паводле дадзеных медыцынскіх дакументаў СІЗА-1 ад 2 лютага, якія агучылі на працэсе, у Латушкі былі зафіксаваныя шырокія гематомы ягадзічнай вобласці з абодвух бакоў, задняй, унутранай і вонкавай паверхні сцёгнаў з абодвух бакоў, якія ўтварыліся ад кантакту з цвёрдым тупым прадметам/прадметамі, індывідуальныя следвастваральныя асаблівасці якога ў дакументах не зафіксаваныя.

"Вызначыць даўнасць гематом, колькасць траўматычных уздзеянняў не ўяўляецца магчымым", — гаворыцца ў дакуменце СІЗА.

Пры наступным аглядзе 4 лютага зафіксавана: сцягно ацёчна, гіперэмавана. У адсутнасць адпаведных аб'ектыўных клініка-інструментальных дадзеных нароўні з далейшым дынамічным наглядам не дазваляе даць судова-медыцынскую ацэнку паказанаму дыягназу. Як пазней стала вядома, у СІЗА не прыйшоў эксперт, таму не змаглі і вызначыць даўнасць і ступень цяжкасці пашкоджанняў.

Латушка на судзе растлумачыў, што гематомы ўтварыліся ад удараў дубінкамі супрацоўнікамі міліцыі.

Палітвязень падаваў заяву аб узбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў, якія яго збівалі, аднак 24 красавіка была вынесена пастанова аб адмове. У якасці доказаў, што супрацоўнікі нібыта не ўжывалі фізічную сілу, — кніга ўліку прымянення фізічнай сілы ў Цэнтральным РУУС, у якой адсутнічаюць такія дадзеныя. Таксама былі запатрабаваныя характарыстыкі на супрацоўнікаў — абодзве добрыя.

У пастанове аб адмове ад узбуджэння крымінальнай справы ад 24 красавіка пазначана, што адсутнічаюць дадзеныя, якія паказваюць на здзяйсненне супрацоўнікамі міліцыі якіх-небудзь крымінальна-каральных дзеянняў у дачыненні да Латушкі. Анатоль не абскардзіў пастанову. Суддзя пацікавіўся чаму, бо "ну калі Вы сцвярджалі, што было такое..."

"Ну так я накіраваў ліст, усе падставы былі для праверкі, нічога не адбылося, проста даслалі адмову", — адказаў Латушка, а потым удакладніў, што абскарджваць, на яго думку, было бессэнсоўна.

Да 6 гадоў калоніі. Вынеслі прысуды тром палітвязням, сярод якіх — Анатоль Латушка

У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 20 верасня вынеслі прысуды тром палітзняволеным — стрыечнаму брату палітыка Паўла Латушкі Анатолю Латушку, Ліліі Ананян, Алене Маліноўскай.

Падтрымайце палітзняволеных лістамі, пасылкамі, грашовымі пераводамі: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Алена Віктараўна МаліноўскаяАнатоль Віктаравіч Латушка, Лілія Лернікаўна Ананян

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства