viasna on patreon

Жыхара Гродна асудзілі за абразу Лукашэнкі і выяву са свастыкай у зялёна-чырвоным колеры

2022 2022-09-26T09:58:27+0300 2022-10-01T16:11:39+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sud-leninski.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Суд Ленінскага раёна Гродна

Суд Ленінскага раёна Гродна

У судзе Ленінскага раёну Гродна 23 верасня вынесены прысуд 33-гадоваму Дзмітрыю Янушкевічу паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу за знявагу дзяржаўных сімвалаў (арт. 370) і абразу Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368).

Cудовы працэс, які распачаўся 9 верасня, вяла суддзя Наталля Козел, дзяржабвінаваўца – памочнік пракурора Лізавета Шышкіна.

Дзмітрыя Янушкевіча затрымалі  5 ліпеня 2022 года за каментары на адрас Лукашэнкі і дзяржаўнага сцяга ў сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі”.

Паводле матэрыялаў справы, Янушкевіч, знаходзячыся ў Польшы, з 11 лістапада 2020 да 2 лютага 2021 размясціў негатыўныя публікацыі ў «Аднакласніках» пра Аляксандра Лукашэнку і дзяржаўны сцяг Беларусі.

Мужчына ў “Аднакласніках” адрэагаваў на публікацыю ў пабліку “Стоп-Лука", пасля чаго на ягонай старонцы з'явілася выява Лукашэнкі са свастыкай ззаду.

Абвінавачванне расцаніла гэта дзеянне, як “непрымальнае з пункту гледжання сучаснай культуры, паколькі ў ім прысутнічаюць элементы скажэння грамадска-палітычнай рэчаіснасці” і што Лукашэнкам ў кіраванні краінай “ужываюцца фашысцкія метады”, піша MAYDAYMog.

Таксама на старонцы акаўнта змяшчаўся надпіс “Што творыць рэжым вусатага **** Лукашэнка”.

Акрамя таго, на думку абвінавачвання, Янушкевіч абразіў і дзяржаўны сцяг Беларусі, размясціўшы “абразлівую і блюзнерскую выяву са свастыкай, асноўнымі колерамі якой з'яўляюцца чырвоны і зялёны, якія паўтараюць колеры сцяга Рэспублікі Беларусь”.

Свастыка ж змяшчала арнамент, які адпавядае арнаменту на дзяржфлагу РБ, элементы якой сімвалізуюць «веліч і багацце».

Дзмітрый Янушкевіч сваю віну прызнаў, аднак зазначыў, што зрабіў публікацыі ненаўмысна, паколькі не ведаў, што за гэта надыходзіць крымінальная адказнасць.

Суддзя суда Ленінскага раёна Гродна Наталля Козел пакарала мужчыну да аднаго году калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства