viasna on patreon

Алесь Бяляцкі: “Мы былі амбітнымі і не баяліся думаць за ўсю Беларусь”

2022 2022-09-26T10:19:11+0300 2022-09-27T08:11:11+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/ales_bialiacki_svaboda.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі. Фота: Bymedia.net

Алесь Бяляцкі. Фота: Bymedia.net

У межах 10-га Міжнароднага Канрэсу даследчыкаў Беларусі, які пройдзе ў Коўна з 30 верасня па 2 кастрычніка, адбудзецца прэзентацыя даследвання Таццяны Астроўскай “Культура і супраціў. Iнтэлігенцыя, іншадумства і самвыдат у савецкай Беларусі (1968-1988)".

Да выдання беларускай версіі манаграфіі доктаркі гістарычных навук, супрацоўніцы Інстытута гістарычных даследванняў Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы імя І.Г. Гердэра беларускай даследчыцы Таццяны Астроўскай спрычыніўся Праваабарончы цэнтр “Вясна”. Разам з тым выданне не з’яўляецца выключна перакладам дысертацыі беларускай даследчыцы, якую яна абараніла ў Нямечынне на ангельскай мове, а менавіта дапрацаваным даследваннем.

Праваабаронца, а найперш літаратуразнаўца і дырэктар Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў 90-х гадах, Алесь Бяляцкі ў 2000-х выкладаў на занятках праграмы Беларуская Правабарончая Школа тэмы “Дзеянні ў абарону правоў чалавека” і “Гісторыя праваабарончага руху”. Ён дзяліўся ўласным досведам удзельніка падзеяў канца 80-х-пачатку 90-х, адраджэння беларускага нацыянальнага руху, стварэння розных ініцыятываў і арганізацый, распаўсюду самвыдату.

На жаль, Алесь не зможа прыняць удзел у прэзентацыі кнігі, нават патрымаць яе у руках, бо друкаваныя выданні на Валадарцы цяпер дазволены толькі з турэмнай бібліятэкі і толькі тыя, што адобраны цэнзарам.

Аўтарка даследвання Таццяна Астроўская падзялілася сваім меркаваннем наконт ролі Бяляцкага ў тым, што яе навуковая праца стала даступнай для шырокага кола зацікаўленых нацыянальнай гісторыяй чытачоў:

“Яшчэ напачатку 2010-х шукаючы тэму для дысертацыі, я была захопленая дзейнасцю невялікіх нефармальных колаў у савецкай Беларусі, невялікіх групаў мужчын і жанчын, што ўкладалі свае сілы і энергію ў тое, як прыдумаць і стварць альтэрнатыўную Беларусь. І гэта неглядзечаны на тое, што, як ўсё тады былі ўпэўненныя, Савецкі Саюз мусіў існаваць вечна.  Алесь Бяляцкі быў адным з іх, ён быў і застаецца адным з найбольш яркіх, сумленных і паслядоўных стваральнікаў альтэрнатыўнай Беларусі, якая, як мы гэта дакладна ведаем, прынамсі, з 2020 года – існуе і пашыраецца.

Алесь Бяляцкі быў не толькі актыўным выдаўцом самвыдату і дзеячом культурнага і палітычнага андэрграўнду канца 1980-х, ён быў яшчэ адным з першых, хто зразумеў, як важна захаваць памяць пра гэтыя падзеі і працаваць над іх асэнсаваннем. Менавіта таму, як мне падаецца, яму была цікавая мая праца. Ён уважліва чытаў перакладзены тэксты, зрабіў вялікую колькасць заўваг – найперш факталагічных, але ў прынцыпе, як мне думаецца, яму падалася пераканаўчай мая інтэрпрэтацыя. Ён не баяўся складанасці пытанняў, бо мая праца пазбягае гераічнага наратыву дысідэнства і кажа пра незаўсёдную магчымасць адзназначна і адразу выбраць паміж супрацаю і супрацівам.

Пакуль быў на волі, Алесь Бяляцкі быў сапраўдным рухавіком гэтага праекту, ён не шкадаваў часы на ўважлівае чытанне і абмеркаванне.  Найперш, дзякуючы яму кніжку ўдалося так хутка перакласці  – і, калі ён быў арыштаваны – ужо дзякуючы намаганням яго цудоўных калег падрыхтаваць да друку і надрукаваць. Гэта здаецца, наогул, амаль рэкордныя тэрміны, калі іншамоўная навуковая праца выходзіць па-беларуску ўсяго праз два з паловай гады пасля арыгінальнага выдання.

Пішучы гэтую кнігу, рыхтуючы пераклад і вось зараз яе прэзентацыю ў Коўне, на 10-ым Кангрэссе даследчыкаў Беларусі, я, зразумела, не магу не думаць аб паралелях паміж перыядам позняга сацыялізму, у якім жылі і працавалі героі маёй кнігі, і сённяшняй (ўсё яшчэ) постсавецкай, аўтарытарнай Беларуссю.  Пытанне (не) магчымасці непадцэнзурнага выказвання зноў аказваецца ў Беларусі як ніколі актуальным, а тыя хто выказвае нязгоду рызыкуюць свабодай і нават жыццём. У Беларусі ніколі не было столькі палітычных зняволеных, і я не магу не думаць, як зменніцца краіна пасля таго, як яны апынуцца на волі. Цікава таксама, што самвыдат – непадцэнзурныя друкаваныя тэксты – апынуўся зноў актуальнымі і запатрабаваныммі, і гэта ў эпоху дыгітальных медыя. Даследвання патрабуе і дыгітальнае дыссідэнства.  Тут ёсць і свае цяжкасці, і рызыкі – праявы нязгоды, калі не архіваваныя, знікаюць для даследчыкаў, як толькі публікацыя выдалена, а магчымасці адсочвання і пераследу таксама значна ўзраслі.  Ўсе гэты феномены (і шмат якія іншыя) патрабуюць пільнай увагі даследчыкаў, уключаючы гісторыкаў. Ці гэта буду я – хто зоймецца іх даследваннем, ці, магчыма, хтосці іншы – пакажа час. Галоўнае, што гэтая гісторыя павінна быць абавязкова напісаная, не аказацца белай плямай.”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства