Палітвязня Аляксандра Казакевіча асудзілі да двух гадоў "хатняй хіміі"
26 верасня ў судзе Маладзечна і Маладзечанскага раёна вынесены прысуд палітвязню Аляксандру Казакевічу. Суддзя Дзяніс Барэйка прызнаў яго вінаватым паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса ("Абраза прадстаўніка ўлады") і агучыў вырак: два гады абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ — "хатняй хіміі".
Верагодна, гэтае пакаранне атрыманае шляхам частковага складання з мінулым прысудам Аляксандра, калі яго па тым жа артыкуле асудзілі на паўтара года абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ — "хатняй хіміі"
Аляксандра вызвалілі ў залі суда.
Бок дзяржабвінавачання падтрымала памочніца пракурора Юлія Жук. Яна прасіла прызначыць Аляксандру два гады абмежавання волі з накіраваннем — "хіміі".
Палітвязня прызналі вінаватым у тым, што ў 2021 годзе ён пакінуў каментар у тэлеграм-канале "Каратели", які абразіў падпалкоўніка міліцыі Віталя Мурзіча, намесніка начальніка па ідэалагічнай рабоце і кадраваму забяспечанню Кастрычніцкага раёна Мінска. Каментар быў размешчаны пад фотаздымкам падпалкоўніка утрымліваў выраз: "37 лет, а уже выглядит, как (лаянка)".
Адвакат Казакевіча прасіў апраўдаць яго. Таксама ён падкрэсліваў шматлікія працэсуальныя парушэнні, тлумачыў, што каментар не звязаны з выкананнем Мурзічам службовых абавязкаў, а мае на ўвазе несуадноснасць узросту і знешнасці чалавека.
Нагадаем, палітвязня зноў затрымалі ўжо паводле новай крымінальнай справе праз тры тыдні пасля мінулага суда.