Палітзняволеная Наталля Падлеўска: пра "сэлфі" ў камеры, наглядчыц у турме і "экстрэмісцкі" рапарт на трох мовах
56-гадовая Наталля Падлеўска паўгода знаходзілася ў СІЗА без суда. У траўні 2022-га ёй прызначылі год калоніі за некалькі каментароў, але пасля пераліку пакарання яна выйшла на волю ўжо ў ліпені. Пасля вызвалення яна распавяла нам пра ўмовы ўтрымання, стаўленне персанала да палітвязняў, а таксама пра людзей, якіх яна сустрэла за кратамі.
«У вялікага зла ёсць дробныя гадасці»
Пасля допыту ў Фрунзенскім СК пяць сутак Наталля знаходзілася ў ІЧУ на Акрэсціна. Яна распавядае, што была гатовая да таго, што ўмовы не будуць падобнымі да жыцця ў піянерскім лагеры.
«Праўда, я думала, за каментары будзе максімум адміністрацыйная адказнасць, — кажа Наталля. — Фізічныя катаванні да мяне не ўжываліся, у адрозненне ад маральнага ціску. Канваіры размаўлялі са мной мацюкамі: «С.ка, бля.ь, давай, старая! Што ты глядзіш? Не глядзі». І праз хвіліну — «Што ты не глядзіш? У вочы мне глядзі!» А там не было ўва што глядзець — там не было вачэй: была проста пустэча і адсутны погляд.
Пасля перавозкі ў «стакане» на Акрэсціна быў медыцынскі агляд і «голы шмон». Магчыма, для кагосьці гэта зневажальна, але я адразу абстрагавалася і сказала сабе: «Гэта толькі цела, гэта не закранае мяне ўнутры». Там была наглядчыца на Акрэсціна, якая выводзіла дзяўчынак у калідор, ставіла іх у «зорачку» (рукі і ногі шырэй за плечы, рукі на сцяну, галаву прыціскалі дубінкай да сцяны) і без эмоцый будзённа казала: «Ну што, с.кі, бэчэбэшныя пракладкі? Лёгка было пісаць на праперджаных канапах? Зараз адчуеце!» і гэтак далей. Ведаю, што ў адным з раённых ІЧУ ў студзені яшчэ прымушалі людзей выціраць ногі аб БЧБ-сцяг».
Наталля распавядае, што ў двухмясцовай камеры на Акрэсціна на пачатку лістапада 2021 года магло знаходзіцца і па 15 чалавек, але звычайна было 6-8. Жанчыны па чарзе спалі на «нарах» ці драўлянай падлозе. Круглыя суткі гарэла яркае электрычнае святло. У гонар «свята» 7 лістапада да яго дадалося бесперапыннае прайграванне гімна і іншых патрыятычных песень. «Палітычным» не выдавалі матрацы, супрацоўнікі ІЧУ забіралі вопратку і выкідалі яе ў калідор.
Псіхалагічная дапамога
Як перажыць ізаляцыю ў адзіночнай камеры і падчас вымушаных уцёкаў
«Ежа там скупая, але хлеб і вада былі — а што чалавеку яшчэ трэба, каб не памерці? — задаецца філасофскім пытаннем Наталля. — Калі 8 лістапада нас этапавалі ў жодзінскую турму, я выратавала ад сардэчнага прыступу падчас ломкі «крымінальную» дзяўчынку — яна казала мне, каб я не перажывала, што гэта турма: пасля Акрэсціна яна падасца санаторыем. І сапраўды: у Жодзіне мне адразу далі пасцельную бялізну — яе мянялі раз на тыдзень. Раз на тыдзень быў і душ. Кармілі тры разы на дзень: харчаванне было хоць вельмі прымітыўнае і вугляводнае, але не пратэрмінаванае».
На гэтым усе перавагі турмы заканчваюцца. Праз тры дні пасля прыбыцця ў Жодзіна дачка Наталлі перадала ёй дарагія антыдэпрэсанты: іх прынялі, але жанчыне не прынеслі ані вопіс, ані самі лекі. Колькасць таго, што перадавалася, часта не супадала з заяўленым сваякамі.
«Такое на крымінальным жаргоне называецца «крысятніцтва», — кажа Наталля. — Адміністрацыя на гэта ніяк не рэагавала. У вялікага зла заўсёды ёсць дробныя гадасці. Напрыклад, у туалетнай паперы даставаліся ўтулкі — і яна перадавалася раскручанай: скручваючы яе, мы трэніравалі дробную маторыку. Распакоўвалі нават жаночыя пракладкі. У такіх месцах, дарэчы, моцна заўважная сегрэгацыя паводле гендарнай прыкметы: мужчынам можна было перадаваць станкі, жанчынам — не. Нібыта «нейкія бэчэбэшніцы разрэзалі імі вены». Але мы ведалі, што гэта глупства, і калі спрабавалі знайсці логіку ў іх дзеяннях, асякалі сябе: «Яе тут няма і шукаць яе не трэба».
«За ўвесь гэты час я не бачыла нікога з цалкам прамытымі мазгамі»
Наталля адзначае, што за час яе знаходжання ў турме стаўленне да палітвязняў у супрацоўнікаў рабілася больш лаяльным, асабліва ў стараслужачых.
«Я бачу тлумачэнне ў тым, што да 2020 года гэта была турма строгага рэжыму, — разважае Наталля. — Там прызвычаіліся да злодзеяў і забойцаў, а тут прыходзяць «палітычныя», якія кажуць «добры дзень», «дзякуй» і здаюць «экстрэмісцкі» рапарт на трох мовах — так рабіла А.Б. Яна зачытвала гэты тэкст на беларускай, польскай і рускай. Мы казалі, што стаўленне спараджае стаўленне — хай і не адразу. Паўплывалі і падзеі ва Украіне: асабліва на тых, каму вось-вось сыходзіць на пенсію: яны не хацелі ехаць гінуць, яны хацелі даслужыць і пайсці на адпачынак. За ўвесь гэты час я не бачыла нікога з цалкам прамытымі мазгамі — «усе ўсё разумеюць». А некаторыя яшчэ кажуць: «Вы вось выйдзеце — а мы ж тут застанемся». Аднаму аператыўніку я адказала: «Прапануеце вас пашкадаваць?»
Жанчына заўважае, што галоўным чынам «жасціў маладняк»: маладыя кантрактнікі да 30 гадоў, якія імкнуліся зрабіць кар'еру і выслужыцца. Адным з цяжкіх момантаў Наталля называе жанчын-наглядчыц, якія паводзілі сябе гэтак жа, як і мужчыны: аднолькавыя хада і лексікон.
«Як я смяялася, там два горадаўтваральныя прадпрыемствы: «БЕЛАЗ» і турма, — усміхаецца Наталля. — З сур'ёзных трыгераў я адзначыла б радыё, якое не выключалася ніколі. Калі пачаліся падзеі ва Украіне, мы моцна перажывалі, А.Б. плакала. Мы па крупінках збіралі інфармацыю ў афіцыйнай прэсе, тэлевізары, штосьці дазнаваліся ад адвакатаў. Калі чалавек валодае крытычным мысленнем і правільным поглядам на жыццё, то заўважае, што прапагандысты воляй-няволяй праколваюцца».
«"Палітычныя" падтрымлівалі не толькі адна адну, але і астатніх»
З самага пачатку зняволення Наталля пастанавіла не плакаць, прытрымліваецца гэтага прынцыпу дагэтуль. Яна вырашыла: калі патрапіла ў «млын гэтай сістэмы», то трэба прайсці яго годна, каб не было сорамна перад дочкамі.
«Падтрымлівалі і дзяўчынкі ў камеры, — прыгадвае Наталля. — Канфліктаў у нас не ўзнікала — «палітычныя» падтрымлівалі не толькі адна адну, але і астатніх. У асноўным палітзняволеныя і дзяўчынкі па «эканамічных» артыкулах імкнуліся трымаць парадак у камеры, таму што, незалежна ад таго, хто пачынаў канфлікт, адбіцца гэта магло на ўсіх. Усе дзяліліся адна з адной і прадуктамі, і сродкамі гігіены, і лекамі. Я не ведаю, як бы пратрымалася без гэтай дапамогі: за ўвесь час мне перадалі толькі тры пасылкі, дзве з якіх — ад валанцёраў. Ужо потым я дазналася, колькі ўсяго мне дасылала дачка».
"Мама выхавала ўва мне чалавека"
Здаралася «палітычным» уласнаручна выводзіць паразітаў у жанчын, якіх змяшчалі ў камеру: у турме склалася практыка «падкідаць» чалавека, каб палітзняволеныя яго падлячылі. Бывала, усёй камерай жанчын пераводзілі ў закінутую і брудную, каб яе адмылі.
«Бывалі і «падсадныя» зняволеныя, — прыгадвае Наталля. — Часам яны самі ціхенька папярэджвалі, што супрацоўнічаюць, а часам у турме налёт цывілізацыі ідзе трэшчынкамі і ўключаецца інтуіцыя — «чуйка», калі турэмнай мовай. Вось за гэтым голасам трэба ісці. Адной, напрыклад, на Акрэсціна выдалі «Фенібут», дазволілі пагутарыць з мужам на ганку ІЧУ, далі спатканне з ім, а ў Жодзіне адразу далі пасцельны рэжым і ніжняе месца, увесь час мералі ціск. Яна прагаварылася, што ейны муж — былы падпалкоўнік міліцыі. Я кажу ёй: «На Акрэсціна нам давалі толькі піз..ю.ёў». А фельчар — зняволеныя называюць яго Доктар Смерць — там казаў, што хутчэй памерае ціск забойцу, чым нам, «бэчэбэшнікам». Калі завялі чарговую жанчыну з паразітамі, мы пачалі патрабаваць дадатковы флакон сродку ад педыкулёзу. Ён з крыўдай адказаў: «Няма гэтага сродку, скажыце дзякуй сваёй Украіне», — таму што сродак быў украінскім».
З прадузятым стаўленнем да палітвязняў Наталля сутыкнулася толькі двойчы: у абодвух выпадках жанчыны былі этнічнымі рускімі.
«Я сустрэла ў турме моцных людзей, — кажа былая палітзняволеная. — А.Б. — каталіцкая верніца. Яна прайшла праз шмат што, я казала ёй, што, мабыць, гэта ейная місія — дапамагаць людзям так, як яна дапамагала ўвесь свой практычна год у зняволенні. У камеры было шмат жанчын па «справе Зельцэра». Іх разам «паднялі» да нас пасля 45-дзённага карантыну з адрэзанымі капюшонамі на куртках і байках. Да іх увесь гэты час было асаблівае стаўленне — мне цяжка падабраць для гэтага цэнзурныя словы. Бывала, што хтосьці з супрацоўнікаў-мужчын прыносіў ім пракладкі, таму што ў жанчын было не дапрасіцца. Тое, што яны прайшлі, называецца «прэс-хата». І калі фізічна яны былі яшчэ больш-менш, сякія-такія лекі ім давалі, то маральна — як нацягнутая струна, гатовыя вось-вось сарвацца, трымаліся асабняком.
Дзевяць месяцаў пад следствам правяла Ю.Ч. — бібліятэкарка, вельмі рамантычная дзяўчына, тонкай душэўнай арганізацыі. На волі бацькі прыглядаюць за ейным 8-гадовым сынам. Л. Б. — выкладчыца замежнай мовы. Гэта жанчына-крамень са сваімі маральнымі прынцыпамі і нясхільнымі поглядамі. Яе адразу забралі ў лякарню, таму што і да гэтага былі праблемы з сэрцам. У М. К. падчас затрымання разграмілі ўсю кватэру — разбілі ўсё, што было шкляное і люстраное. Яе везлі на допыт з мяшком на галаве, а на сцягне нават праз 45 дзён быў велізарны чорны сіняк.
Часам жанчыны збіраліся за святочным сталом з перадачак і «рабілі сэлфі» на нататнік адпаведнага фармату. І хоць Наталля адзначае, што «ломкі» па тэлефоне не было, часам зняволеным мроіцца вібрасігнал.
«Важна ведаць, што ёсць простыя людзі з такім жа сумленнем, як у цябе»
На пытанне, што падтрымлівала ў турме, Наталля раіць перадаць усім зняволеным кнігу Віктара Франкла «Сказаць жыццю "Так!"»: спачатку жанчыне вельмі дапамагалі рукапісныя цытаты, якія даходзілі ад дачкі.
«Там нельга жыць мінулым і ўзгадваць, як было на волі, — кажа Наталля. — Нельга ўвесь час думаць, што ты будзеш рабіць, калі выйдзеш. Трэба жыць адным днём і лічыць не дні — яны цягнуцца неймаверна доўга, а тыдні. Мы з А. казалі: «Сёння панядзелак, штосьці будзе рухацца: адвакаты, перадачы, пасылкі, лісты. У аўторак вялікі абход — нібы прыходзяць выслухаць нашы скаргі. У сераду — лазня. У чацвер — пасылкі лекавыя. Пятніца, субота і нядзеля — выхадныя, усё ціха, спакойна. Вельмі добра, калі лаяльная змена, можна дзесьці паляжаць ці пасядзець задрамаць. А там ужо і новы тыдзень! Дзяўчынкі!» Гэта дапамагала. Яшчэ там нельга, каб шкадавалі цябе і шкадаваць кагосьці, таму што часта гэта штучнае пачуццё. Трэба проста дапамагаць адна адной у цяжкую хвіліну — падзяліцца чымсьці, што ў цябе ёсць, ці падтрымаць маральна. У габрэяў на гэты конт ёсць такая мудрая прымаўка: «Хай запацее міласціна ў тваім кулаку».
Але я ўсім казала, што самае страшнае з намі ўжо здарылася, а наперадзе ў нас — толькі шлях на волю, у кагосьці ён зойме больш часу, у кагосьці — менш».
Псіхалагічная дапамога
Акрамя гэтага, дапамагае адцягнуць увагу літаратура і лісты. За восем месяцаў пад следствам Наталлі прыйшло толькі 16 лістоў. Гэта потым яна зразумела, што яе «паставілі ў мароз» — заблакавалі перапіску. А спачатку жанчына думала, што або пра яе забыліся, або ейных дочак таксама затрымалі разам з ёй.
«Лісты — гэта вялікая падтрымка, — пераканана Наталля. — Калі б я магла плакаць, я б плакала. Аднойчы мне прыйшоў канверт без ліста, але з малітвай. Калі незнаёмыя людзі намагаюцца даслаць паштоўку да Новага года, дасылаюць хай дробязь — але такую прыемную. Ю. Ч. распавядала, як кранальна, што дасылаюць алоўкі, паштоўкі, гумачкі, і плакала ад усведамлення таго, што незнаёмы чалавек падумаў пра цябе і напісаў. Калі я кажу пра гэта, у мяне бягуць мурашкі.
Падтрымка ад незнаёмых людзей надае сілу і надзею на тое, што нішто не прайшло бясследна: што на волі не «дрыгва», а хаця б «тарфяное балота». Я хачу сказаць усім, хто мне пісаў, дзякуй! Я адказвала на ўсё, хоць не ведаю, ці даходзілі лісты. І кожны свой ліст заканчвала фразай: «І на камянях растуць дрэвы». Хай людзі не думаюць, што яны навязваюцца, — калі сядзіш у інфармацыйным вакууме, важна ведаць, што ёсць простыя людзі з такім жа сумленнем, як у цябе».
Падсумоўваючы, Наталля адзначае, што бачыць у зняволенні мноства плюсаў. Гэта суровая школа жыцця, якая падсвечвае людзей, нібы рэнтген.
«У мяне засталіся толькі дзве трыгерныя для мяне сітуацыі: што я не змагу знайсці працу і што мяне затрымаюць ізноў, — кажа жанчына. — Але мне не сорамна перад сабой і дочкамі за тое, як я там знаходзілася. Я пачала цаніць аблокі і траўку. Таму хачу адзначыць яшчэ адзін важны момант: не трэба ніякіх галадовак! Па-першае, кожнае чалавечае жыццё каштоўнае само па сабе, трэба захавацца як біялагічная асобіна дзеля сям'і і будучыні краіны. Па-другое, я зрабіла выснову, што ім усё адно: чым горш нам — тым лепш ім. І калі ісці на галадоўку — то ўжо да канца, але гэтага рабіць не трэба, таму што ваша жыццё для чагосьці патрэбна, вы ўплываеце на лёсы людзей, як эфект матылька. Значыць, трэба выжыць, выйсці і змагацца далей па меры сіл і магчымасцяў».