У Гродне пачынаецца суд над "тэрарыстам" Юрыем Станеўскім
У Гродзенскім абласным судзе 27 верасня пачынаецца разгляд крымінальнай справы Юрыя Станеўскага, якога КДБ ўнес у спісы асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці.
Судовы працэс прызначаны весці суддзя Анатоль Заяц.
Станеўскага абвінавачваюць па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса:
- ч. 1 арт. 368 – абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
- ч. 370 – здзек над дзяржаўнымі сімваламі;
- ч. 2 арт. 366 – гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі;
- арт. 369 – знявага прадстаўніка ўлады;
- ч. 1 арт. 130 – распальванне іншай сацыяльнай варожасці;
- ч. 1 арт. 366 – гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак.
38-гадовага Юрыя Станеўскага затрымалі напрыканцы снежня 2021 года і даставілі ў Мінск, у СІЗА КДБ. Потым перавялі ў турму № 1 Гродна.
Напачатку студзеня 2022 года на праўладных тг-каналах з’явілася “пакаяльнае” відэа, дзе Станеўскі кажа аб тым, што пакінуў у сацыяльных сетках каментар аб загінулых на вучэннях у Беларусі ў лістападзе двух расійскіх дэсантніках. Маўляў, быў на эмоцыях.
На жаль, больш падрабязнай інфармацыі пра крымінальны пераслед Станеўскага па іншых артыкулах, пакуль няма.