viasna on patreon

19 жанчын, студэнты і пенсіянеры: распавядаем усё пра "пратэсных тэрарыстаў" па версіі КДБ

2022 2022-09-28T09:40:10+0300 2022-09-28T11:47:58+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/bialorus_protesty_gettyimages_9.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У "Пералік фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці" Камітэт дзяржаўнай бяспекі амаль за два гады ўключыў 172 асобы, якія "маюць дачыненне да пратэснай дзейнасці". Сярод іх 70-гадовы пенсіянер з Нясвіжа і 21-гадовы студэнт педагагічнага факультэта, настаўніца музыкі з Ліды і сківічны хірург з Мінска, былы памочнік пракурора і хворая на эпілепсію маці маленькай дзяўчынкі. КДБ лічыць тэрарыстамі тых, хто пакідаў каментары ў сацсетках пра міліцыянтаў і прадстаўнікоў улады, з’яўляўся адміністратарам тэлеграм-каналаў, удзельнічаў у акцыях пратэсту, а таксама тых, хто адкрыта выступае супраць дзеючай улады за мяжой. "Вясна" распавядае пра сярэднестатыстычнага "пратэснага тэрарыста" па версіі КДБ, пра 19 жанчын, якія патрапілі ў Пералік, самых старэйшых і малодшых "тэрарыстаў", а юрыст Павел Сапелка каментуе, якія могуць быць наступствы пры злоўжыванні беларускімі ўладамі ў рэпрэсіўных мэтах такога інструмента.

Фота Бэата Заўжэль
Ілюстрацыйнае фота Бэата Заўжэль

"Беларускія ўлады цынічна эксплуатуюць намаганні сусветнай супольнасці па барацьбе з тэрарызмам"

Першых асобаў, якія "маюць дачыненне да пратэснай дзейнасці", Камітэт дзяржаўнай бяспекі ўнёс у Пералік 19 лістапада 2020 года. Гэта заснавальнік і рэдактар тэлеграм-канала Nexta Сцяпан Пуціла і Раман Пратасевіч. З тых часоў спіс пачаў нястрымана расці і цяпер туды ўключаны 172 асобы, "датычныя да пратэснай дзейнасці".

Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка адзначае, што такім чынам улады маніпулююць міжнароднымі стандартамі ў сферы барацьбы з тэрарызмам у сваіх рэпрэсіўных мэтах:

"Гэта адвольны пераслед нашых грамадзян за цалкам або ў асноўным мірную і легітымную рэалізацыю правоў чалавека і асноўных свабод і іх абарону. Беларускія ўлады цынічна эксплуатуюць намаганні сусветнай супольнасці па барацьбе з тэрарызмам, падганяючы пад гэта вызначэнне тыя выпадкі, якія такім не з'яўляюцца. У выніку ў нацыянальны спіс, сфармаваны першапачаткова на аснове міжнародных дакументаў, які змяшчае імёны міжнародных тэрарыстаў ўзроўню ІГІЛ, "Аль-Каіды" і іншых звязаных з імі суб'ектаў, патрапілі асобы, якія нічога не маюць агульнага з тэрарызмам".

У "спісе тэрарыстаў" — не толькі па "тэрарыстычных артыкулах"

Дзмітрый Дубоўскі, Ігар Аліневіч, Дзмітрый Рэзановіч і Сяргей Раманаў у судзе. Фота з тэлеграм-каналу
Дзмітрый Дубоўскі, Ігар Аліневіч, Дзмітрый Рэзановіч і Сяргей Раманаў у судзе. Фота з тэлеграм-каналу "Права на паўстанне"

Нягледзячы на тое, што гэты спіс мае назву "Пералік асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці", не ўсе беларусы ўнесены туды на падставе "тэрарыстычнага артыкула" (арт. 289 КК) — такіх там 52. Гэта фігуранты "справы Аўтуховіча", "справы анарха-партызанаў", "АГСБ", прадстаўнікі ByPOL, палітыкі Святлана Ціханоўская, Павел Латушка, блогер Антон Матолька, палітзняволеныя жыхар Баранавіч Дзмітрый Нешта, мінчук Ягор Міхайлаў, гамяльчук Андрэй Паднябенны, "рэйкавыя партызаны" і іншыя.

Парадак вызначэння пераліку арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці, змяшчаецца ў Палажэнні, зацверджаным Саветам Міністраў (Пастанова Савета Міністраў ад 30 снежня 2014 № 1256 "Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку вызначэння пераліку арганізацый і фізічных асоб, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці, абскарджання рашэння аб уключэнні арганізацыі, фізічнай асобы, у тым ліку індывідуальнага прадпрымальніка, у такі пералік, у тым ліку індывідуальнага прадпрымальніка, давядзення гэтага пераліку да ведама асоб, якія ажыццяўляюць фінансавыя аперацыі, і органа фінансавага маніторынгу"). Пункт 5 Палажэння прадугледжвае канкрэтныя падставы для ўключэння асоб у пералік, сярод якіх:

  • прысуд суда Рэспублікі Беларусь, які ўступіў у законную сілу, аб прызнанні фізічнай асобы вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных у артыкулах 124-131, 134, 287, 289-293, частцы 4 артыкула 294, часткі 4 артыкула 295, частцы 4 артыкула 309, часткай 3 артыкула 311, артыкулы 322-324, 359, 360, 361 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь;
  • пастанова аб прыцягненні асобы ў якасці абвінавачанага па тых жа артыкулах.

"Гэта Пастанова празмерна пашырыла кола асобаў, якія могуць быць уключаны ў Пералік. Гэта не толькі тыя, хто датычны да здзяйснення "тэрарыстычных" злачынстваў, але і тыя, хто абвінавачваецца ў здзяйсненні злачынстваў, якія нічога не маюць агульнага з тэрарызмам, напрыклад арт. 361 —  заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншым дзеянням, накіраваным на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь.

Пастанова ўжываецца выбарча, і далёка не ўсе з тых, хто можа быць унесены ў пералік туды трапляюць. Таксама гэта хаатычна адбываецца на розных этапах",—  адзначае юрыст Павел Сапелка.

Большасць тых, хто ўключаны ў Пералік абвінавачваецца ці ўжо асуджаны па арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) — такіх 92 чалавекі.

35 чалавек абвінавачваецца па арт. 293 Крымінальнага кодэкса —  удзел у масавых беспарадках. За ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту і асуджаных толькі па гэтым артыкуле ўнеслі палітвязняў Ягора Лянкевіча і Віталя Барысевіча.

egor_lenkevich.jpg
Ягор Лянкевіч

"Пратэсны тэрарыст" у Беларусі — гэта хто?

Сярэднестатыстычны "пратэсны тэрарыст" па версіі КДБ з’яўляецца мужчынам з Міншчыны 38 гадоў і пераследуецца па арт. 130 Крымінальнага кодэкса —  распальванне іншай сацыяльнай варожасці.

У Пералік уключаныя трое 20-гадовых: Яўген Трушко, Данута Пярэдня, Сяргей Рабцаў. Усіх пераследуюць за каментары і рэпосты ў сацсетках.

Сярод "пратэсных тэрарыстаў" таксама тры 21-гадовыя хлопцы: Ягор Лянкевіч, асуджаны да 5,5 гадоў калоніі за ўдзел у акцыях пратэсту ў жніўні 2020 года, Аляксей Багдзей, асуджаны да 6 гадоў калоніі за заклікі ў сацсетках да "масавых беспарадкаў", Дзмітрый Мелянчук з Гродзеншчыны, які абвінавачваецца па арт. 130 Крымінальнага кодэкса. Нядаўна статус "тэрарыста" атрымаў і 21-гадовы студэнт педагагічнага ўніверсітэта Мацвей Гранкевіч, асуджаны да 2 гадоў і 2 месяцаў зняволення.

Самым старэйшым "тэрарыстам" з’яўляецца 70-гадовы пенсіянер з Нясвіжа Васіль Дземідовіч, якога суд Ленінскага раёна Гродна 1 верасня асудзіў да шасці гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму са штрафам у памеры 50 базавых велічыняў (1600 рублёў). Яго абвінавацілі ў абразах прадстаўніка ўлады, суддзі, Лукашэнкі і арганізацыі масавых беспарадкаў.

Таксама КДБ уключыў у Пералік пенсіянерак-фігурантак "справы Аўтуховіча": 67-гадовую Ірыну Мельхер, 61-гадовую Галіну Дзербыш, 58-гадовую Любоў Рэзановіч, 56-гадовую Вольгу Маёраву.

Статус "тэрарыста" таксама атрымаў 67-гадовы асуджаны фігурант "справы Зельцэра" Яўген Івончык.

ivonchik.jpg
Яўген Івончык

Калеснікава, бібліятэкарка, студэнтка, настаўніца: хто тыя 19 жанчын з Пераліку

Апошнія змены ў "Пералік фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці" ўносіліся 16 верасня. КДБ дадаў туды яшчэ восем беларусаў, абвінавачаных і асуджаных па "пратэсных артыкулах".

З 172 фігурантаў "палітычных справаў" у Пералік уключаныя 19 жанчын. Гэта палітзняволеныя пенсіянеркі і фігуранткі гучнай "справы Аўтуховіча" Ірына МельхерГаліна Дзербыш, Любоў Рэзановіч, Вольга Маёрава.

КДБ унёс у Пералік ужо асуджаных жанчын па "справе Зельцэра". Гэта бібліятэкарка з Крупак Юлія Чамлай, хворая на эпілепсію Аліна Забаштанская і настаўніца музыкі з Ліды Аксана Каспяровіч. Аліну і Юлію асудзілі да двух гадоў зняволення кожную, а Аксану — да года і двух месяцаў калоніі. Апошнюю, калі яна была на волі ўжо другі месяц, унеслі ў "спіс грамадзян, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці". 

Нядаўна ў Пералік была ўнесеная і асуджаная за каментары ў інтэрнэце да 7 гадоў калоніі Марына Санкевіч са Старых Дарог. 5 верасня яе асудзіў Гродзенскі абласны суд.

У Пералік унеслі таксама асуджаную да 5,5 гадоў калоніі з мужам па справе "Арміі з народам" Антаніну Канавалаву з Сяргеем Ярашэвічам. Іх абвінавацілі ў "падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках". У Антаніны і Сяргея на волі засталіся двое маленькіх дзяцей: Ваня і Насця.

"Пратэснай тэрарысткай" па версіі КДБ з’яўляецца і Марыя Калеснікава, асуджаная да 10 гадоў калоніі. Такі ж статус атрымаў і яе былы адвакат Максім Знак, якога асудзілі разам з ёй да 11 гадоў калоніі.

Калі тата Марыі паведаміў ёй пра гэта па тэлефоне ў калонію напрыканцы траўня, яна толькі сказала:

"Знак якасці".

У Пералік уключылі таксама прадстаўніцу ByPOL Святлану Хілько (па абвінавачванні паводле арт. 289 КК (акт тэрарызма) і прадстаўніцу "КіберПартызан" Юліяну Шаметавец (арт. 290-4 КК (стварэнне арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці або ўдзел у ёй) і арт. 290-5 КК (арганізацыя дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзел у дзейнасці такой арганізацыі) — яны знаходзяцца за межамі Беларусі.

У Пераліку апынулася ўдзельніца тэлеграм-чата "Атрады грамадзянскай самаабароны Беларусі" Наталля Мацвеева, якая, паводле праўладных СМІ "мела намер зладзіць дыверсію на лясгасе". Яна ўтрымліваецца за кратамі і абвінавачваецца паводле ч. 2 арт. 290-4, ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 289, ч. 2 арт. 295-3 КК. Крымінальную справу супраць яе, Вадзіма Гулевіча, Кірыла Ашурка, Дзмітрыя Сасноўскага і Аляксея Глотава, якія таксама ўнесены ў гэты Пералік, КДБ перадаў напрыканцы жніўня ў Генпракуратуру для перадачы ў суд.

КДБ унёс у спіс і палітычных апанентак, якія пакінулі Беларусь: Святлану Ціханоўскую, кіраўніцу грамадскай кампаніі "Наш дом" Вольгу Карач.

10 чэрвеня статус тэрарысткі ад КДБ атрымала і 20-гадовая студэнтка з Кіраўска Данута Перадня. Суд Кіраўскага раёна 1 ліпеня прысудзіў ёй 6,5 гадоў калоніі. У віну дзяўчыне паставілі тое, што яна перапосціла ў адзін з чатаў тэкст, у якім у рэзкай форме крытыкаваліся дзеянні Пуціна і Лукашэнкі па развязванні вайны ва Украіне. Таксама там змяшчаўся заклік да вулічных выступаў і канстатавалася адсутнасць перспектыў у беларускай арміі ў выпадку яе далучэння да вайны. 

Данута Перадня
Данута Перадня

КДБ палічыў "тэрарысткай" таксама палітзняволеную актывістку "Еўрапейскай Беларусі" Алену Лазарчык, якую асудзілі да 8 гадоў калоніі. Яе абвінавацілі адразу па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 368 (абраза Лукашэнкі); арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім); арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці); арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Суд зрабілі закрытым, таму падрабязнасці невядомыя.

У "тэрарыстычны спіс" патрапіла і палітзняволеная жыхарка Салігорска Таццяна Біруля. Мінскі абласны суд цяпер разглядае справу супраць Таццяны, яе мужа Аляксандра Бірулі, Алега Гаўрылава і Сяргея Пасюка, якіх таксама ўнеслі ў Пералік. Па дадзеных следства, у студзені і лютым мінулага года ў Салігорску на сценах дамоў, гаражах і прыпынках яны пакідалі "экстрэмісцкія" надпісы і выявы, у тым ліку надпіс, які ўтрымліваў паклёп у дачыненні да Лукашэнкі.

КДБ палічыў "тэрарысткай" яшчэ да суда 42-гадовую жыхарку Мінска Вольгу Цыбульскую, якая абвінавачваецца паводле арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці). Яна ўтрымліваецца ў СІЗА-1 сем месяцаў.

"Дзяржава нівелюе значнасць сваіх намаганняў па барацьбе з рэальным тэрарызмам". Якія наступствы?

На дадзены момант мінімум два былыя палітвязні з гэтага Пераліку знаходзяцца на волі — гэта настаўніца музыкі з Ліды Аксана Каспяровіч і жыхар Навагрудка Дзяніс Кірэшчанка. Патрапіўшы у Пералік, цяпер ім, як іншым, да пагашэння судзімасці і пяць гадоў пасля гэтага забараняецца займацца педагагічнай і выдавецкай дзейнасцю, займаць дзяржаўныя пасады, праходзіць ваенную службу, іх фінансавыя аперацыі падлягаюць асабліваму кантролю.

Юрыст "Вясны" тлумачыць наступствы для людзей, уключаных у такі спіс, і наогул грамадства:

"Для людзей, якія ўключылі ў гэты спіс, істотна абмяжоўваюцца або блакуюцца магчымасці здзяйснення фінансавых аперацый, могуць быць замарожаныя сродкі на рахунках, можа быць адмоўлена ў рэгістрацыі здзелак з маёмасцю.

З іншага боку, такога роду адвольным пашырэннем санкцый на людзей, якія не з'яўляюцца тэрарыстамі, дзяржава нівелюе значнасць сваіх намаганняў па барацьбе з рэальным тэрарызмам, і гэта падрывае яе ранейшыя намаганні і дасягненні ў галіне процідзеяння тэрарызму ў тых рамках, якія вызначаны міжнароднымі арганізацыямі і іх дакументамі. Гэта пазбаўляе беларускія антытэрарыстычныя падраздзяленні даверу з боку ўрадаў і спецслужбаў дэмакратычных краін і падрывае магчымасці супрацоўніцтва з імі ў барацьбе з рэальным тэрарызмам".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства