Заява аб прызнанні 10 новых палітычных зняволеных
Заява праваабарончай супольнасці Беларусі
3 кастрычніка 2022 г.
Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, ізноў адзначаем, што прыцягненне да крымінальнай адказнасці за распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы (арт. 130 КК) следствам і судамі селектыўна і дыскрымінацыйна ўжываецца выключна дзеля абароны інстытутаў улады, прычым вылучэнне прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, вайскоўцаў і г. д. у якасці сацыяльных груп, якія падпадаюць пад абарону ў гэтым кантэксце, нам падаецца неабгрунтаваным.
Мы настойваем на недапушчальнасці ўжывання закона, які абараняе прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў правапарадку і суддзяў ад пагрозаў у сувязі з правамерным выкананнем імі сваіх службовых абавязкаў, дзеля пакарання тых грамадзян, якія выказаліся ў сувязі з відавочным парушэннем прадстаўнікамі дзяржаўных інстытутаў Канстытуцыі і закона, залучэннем прадстаўнікоў улады, пракурораў і суддзяў у працэс катаванняў і ў стварэнне атмасферы беспакаранасці за катаванні і іншыя парушэнні правоў чалавека, якія часта маюць прыкметы злачынстваў супраць чалавечнасці.
Разгляд такіх спраў у закрытым судовым пасяджэнні груба парушае працэсуальныя правы абвінавачаных і зводзіць да мінімальнай ацэнку праўдзівасці, дастатковасці і дапушчальнасці якіх бы там ні было доказаў абвінавачвання.
Нам вядома аб асуджэнні:
Іллі Верамеева паводле ч. 1 арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы) і ч. 1 арт. 14, ч. 1 арт. 293 КК (замах на арганізацыю масавых беспарадкаў) да пазбаўлення волі тэрмінам на 6 гадоў і 6 месяцаў у папраўчай калоніі за каментары ў сацыяльных сетках у дачыненні да "сацыяльнай групы" — супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і заклікі да супраціву ў якасці рэакцыі на агрэсію РФ у дачыненні да Украіны з тэрыторыі Беларусі;
Марыны Санкевіч паводле ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы), ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка групавых дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак), ч. 1 арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі) да сямі гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі за публікацыі ў тэлеграм-каналах;
Валянціна Музыкіна ў закрытым судовым пасяджэнні паводле ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы), арт. 369 КК (абраза службовай асобы) да двух гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Станіслава Пугачова ў закрытым судовым пасяджэнні паводле ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы), ч. 1 арт. 179 КК (незаконны збор інфармацыі пра асабістае жыццё), ч. 1 арт. 203-1 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі і персанальных дадзеных) за перадачу звестак сілавікоў у тэлеграм-канал да сямі гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Анатоля Міхайлава паводле ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы), ч. 3 арт. 361-1 КК (уваходжанне ў экстрэмісцкае фармаванне), ч. 1 арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі) і арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі за публікацыі ў тэлеграм-каналах і рэгістрацыю ў забароненай уладамі тэлеграм-супольнасці;
Паўла Мякіша паводле ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы), ч. 1 арт. 179 КК (незаконны збор інфармацыі пра асабістае жыццё), за перадачу дадзеных сілавікоў у тэлеграм-канал да пяці з паловай гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму;
Сяргей Шамецька змешчаны пад варту па справе "Рабочага Руху" паводле адвольнага абвінавачвання ў здрадзе дзяржаве і стварэнні экстрэмісцкага фармавання; характар меры стрымання і працягласць яе ўжывання не адпавядаюць акалічнасцям спраў, ужыты выбарча паводле палітычных матываў;
Яна Пінчук змешчана пад варту згодна з абвінавачваннем у паклёпе, незаконных дзеяннях з персанальнымі дадзенымі, распальванні сацыяльнай варожасці і варажнечы, стварэнні і кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваннем, заклікам да абмежавальных мер (санкцый); насуперак закліку Камітэта па правах чалавека ААН перададзена беларускім уладам з РФ;
Сяргей Пасюк змешчаны пад варту паводле абвінавачвання ў распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы, здзейсненай групай асобаў (ч. 3 арт. 130), апаганьванні збудаванняў і псаванні маёмасці (арт. 341). Таксама яму паставілі ў віну ч. 1 арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспубліцы Беларусь), ч. 1 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), арт. 367 (паклёп на Лукашэнку);
Ілля Трубін у закрытым судовым пасяджэнні асуджаны да 16 гадоў пазбаўлення волі паводле абвінавачвання ў актах тэрарызму, незаконных дзеяннях з боепрыпасамі і гаручымі рэчывамі за падпал двух парталаў сістэмы аплаты за праезд на аўтадарогах. Кваліфікацыя ягоных дзеянняў празмерная, у іх адсутнічаюць прыкметы тэрарызму.
У чарговы раз падкрэсліваем, што ў шэрагу пералічаных выпадкаў характар дзеянняў абвінавачаных былі вынікам сістэматычных шырока распаўсюджаных парушэнняў правоў чалавека, адсутнасці магчымасці свабоднага выказвання меркавання, былі выкліканыя адсутнасцю расследавання злачынстваў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў і іншых ахвяраў жорсткага абыходжання і катаванняў, расчараваннем у здольнасці ўладаў выкарыстоўваць сілу закона для абароны парушаных правоў грамадзян, адсутнасцю справядлівага суда і ўмоваў для дэмакратычнай і канстытуцыйнай змены ўлады на сапраўдных выбарах.
Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, мы прыходзім да высновы пра існаванне ў кожным з іх палітычнага матыву пераследу абвінавачаных.
У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая волі, калі пры наяўнасці палітычных матываў яе пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:
- a) пазбаўленне волі было ўжыта ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных пактам або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
- d) асоба пазбаўленая волі выбарча ў параўнанні з іншымі асобамі.
Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем, што далейшае пазбаўленне волі Іллі Верамеева, Марыны Санкевіч, Валянціна Музыкіна, Станіслава Пугачова, Анатоля Міхайлава, Паўла Мякіша, Сяргея Шамецькі, Яны Пінчук, Сяргея Пасюка, Іллі Трубіна з'яўляецца палітычна матываваным, а яны самі — палітычнымі зняволенымі. З гэтай прычыны мы патрабуем ад уладаў Беларусі:
- перагледзець вынесеныя ў дачыненні да згаданых палітвязняў прысуды і меры стрымання пры выкананні права на справядлівы разгляд і ўхіленні фактараў, якія паўплывалі на кваліфікацыю дзеянняў, від і памер пакарання;
- вызваліць згаданых палітзняволеных, ужыўшы іншыя меры для забеспячэння іх яўкі ў суд;
- неадкладна вызваліць усіх палітычных вязняў, пераглядзець палітычна матываваныя прысуды і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
Прававая ініцыятыва;
Беларускі ПЭН;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
Беларускі Хельсінкскі камітэт;
Human Constanta;
Lawtrend.