Новыя затрыманні: хроніка пераследу 5 кастрычніка
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 5 кастрычніка збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Сілавікі затрымалі 20 супрацоўнікаў «Белагра»
Пра гэта паведаміла прэс-служба МУС. Нагадаем, затрыманні ў кампаніі прайшлі 29 верасня.
Як паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы, супраць чатырох супрацоўнікаў кампаніі (іх прозвішчы не называюцца) распачатыя крымінальныя справы «звязаныя з наркотыкамі, распальваннем варожасці, удзелам у масавых беспарадках 2020 года, аказаннем садзейнічання экстрэмісцкім фарміраванням».
Праваабаронцам «Вясны» вядома, што над некаторымі адбыліся суды па арт. 19.11 КаАП за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» і па арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства). Адміністрацыйныя справы супраць іх разглядалі ў судах Маскоўскага і Заводскага раёнаў. Некаторыя затрыманыя выйшлі пасля суда са штрафам.
Сілавікі затрымалі жыхара Магілёва Сяргея Шыдлоўскага
Паводле іх, мужчына ўдзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту, а таксама быў сябрам ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі.
Затрыманы арганізатар квізаў «Футбольныя войны» Максім Чэрнікаў
На «пакаяльным відэа» мужчына кажа, што быў падпісаны на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы і дасылаў ім інфармацыю, а таксама, што пераможцам сваіх квізаў уручаў медалі і кубкі з гербам «Пагоня».
«Футбольныя войны» — інтэлектуальна-забаўляльная квіз-гульня, якая праходзіла ў Мінску. Яе ўдзельнікі адказвалі на пытанні футбольнай тэматыкі.
Затрыманы ў Баранавічах «афганец» Генадзь Борыс — фігурант крымінальнай справы
Які артыкул інкрымінаваны Генадзю — невядома.
У жніўні Борысу прызначылі 800 рублёў штрафу за тое, што ён «ацаніў публікацыю з «экстрэмісцкай» інтэрнэт-старонкі, чым распаўсюдзіў яе інфармацыйную прадукцыю».
Генадзь знаходзіцца ў ІЧУ Баранавічаў.
На беларускую спявачку Мэрыем Герасіменка, якую затрымалі з-за песні на ўкраінскай мове, завялі крымінальную справу па «народным» артыкуле
Па інфармацыі праваабаронцаў, супраць дзяўчыны распачалі крымінальную справу паводле арт. 342 КК. Мэрыем знаходзіцца ў СІЗА-1 на Валадарскага.
Нагадаем, спявачку затрымалі напачатку жніўня пасля выканання твораў украінскага гурта «Акіян Эльзы» на Зыбіцкай — той факт, што дзяўчына спявала песні на ўкраінскай мове, абурыў прапагандыстаў. Пазней Мэрыем прызначылі 30 сутак арышту.
Сёння дзяўчына была прызнаная палітычнай зняволенай.
Падтрымаць Мэрыем: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Герасіменка Мэрыем Рашыдаўна
Напісаць анлайн.
З'явілася новае «пакаяльнае відэа» з журналістам Дзмітрыем Семчанкам
На ім былы тэлевядучы і экс-кіраўнік прэзідэнцкага пула на АНТ кажа, што быў затрыманы з-за таго, што ў сацсетках размясціў запісы і фотаздымкі «якія лічацца экстрэмісцкімі», а ў каментарах да іх нібыта пакінуў тэкст, які распальваў варожасць у дачыненні да міліцыянтаў.
Журналіста разам з жонкай затрымалі 15 верасня ў Мінску. Праз дзень мужчыну арыштавалі на 15 сутак паводле арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства). Пасля «сутак» на волю Дзмітрый так і не выйшаў, пазней яму прызначылі яшчэ 13 сутак арышту.
Затрымалі 20-гадовага спартоўца Дзяніса Хатылёва — сябра затрыманага раней тыктокера-мільённіка
"Пакаяльнае відэа" з ім з'явілася ў тэлеграм-канале сілавікоў. У ім хлопец распавядае, як назіраў пратэсты 11 жніўня 2020 у Мінску і выходзіў на праезную частку. Дзяніс працуе ў дзяржустанове і вучыцца ў ВНУ.
Як паведамляе "Наша Ніва", Дзяніс Хатылёў гуляе ў хакей на траве на нацыянальным і міжнародным узроўні.