Да 14 гадоў калоніі: агучаны прысуды па "справе БелаПАН" Дапоўнена
У Мінскім абласным судзе 6 кастрычніка агучылі прысуды па рэзананснай "справе БелаПАН". Сёння асудзілі адразу чатырох палітзняволеных: журналісту і медыяменеджару Андрэю Аляксандраву прызначылі 14 гадоў калоніі, ягонай жонцы Ірыне Злобінай — 9 гадоў калоніі, галоўнай рэдактарцы і дырэктарцы "БелаПАН" Ірыне Леўшынай — 4 гады калоніі, былому дырэктару агенцтва Дзмітрыю Наважылаву — 6 гадоў калоніі. Акрамя таго, палітвязням прызначылі буйныя штрафы: Аляксандраву — 1000 базавых велічыняў (32 000 рублёў), Злобінай – 800 базавых (25 600 рублёў), Наважылаву – 700 базавых (22 400 рублёў). Таксама ім забаронена займаць пэўныя пасады на працягу пяці гадоў. Такія прысуды вынес суддзя Вячаслаў Тулейка. Суд цягнуўся ў закрытым рэжыме роўна чатыры месяцы.
"Гэта расправа з БелаПАН За сумленную журналістыку," — у апошнім слове Ірына Леўшына
У распараджэнні "Позірку" апынулася копія ліста, адпраўленага Ірынай Леўшынай калегам, з апошнім словам, якое яна збіралася зачытаць на працэсе:
"Найперш хачу падзякаваць свайму абаронцу, які аргументаваў маю невінаватасць з юрыдычнага пункту гледжання. Я ж хачу выказаць сваё чыста чалавечае стаўленне да таго, што адбываецца.
Ужо больш за год я жыву ў следчым ізалятары. Ужо больш за год я назіраю, як рэдакцыю, у якой я прапрацавала амаль 30 гадоў, спрабуюць выставіць экстрэмісцкім фармаваннем, а мяне — яго стваральнікам і кіраўніком. Гэта поўнае трызненне, але гэта не дзіўна.
За апошнія паўтара года ў Беларусі знішчаны дзясяткі сродкаў масавай інфармацыі, сотні журналістаў пазбавіліся працы або вымушаны былі з'ехаць з краіны, баючыся крымінальнага пераследу.
Зачысткі на інфармацыйным полі беспрэцэдэнтныя і неймаверныя для цывілізаванай дзяржавы ў XXI стагоддзі. Нехта відавочна пераблытаў прычынна-выніковыя сувязі, вырашыўшы зрабіць журналістаў адказнымі за падзеі, якія адбыліся ў нашай краіне ў 20-м годзе.
Вось толькі мы ні да чаго не заклікалі, мы нічога не скажалі і не выдумлялі — рэальнасць была круцейшай за любую выдумку. Упершыню за ўсе гады маёй працы нашыя журналісты вымушаныя былі працаваць у бронекамізэльках — таму што ў іх прыцэльна стралялі гумовымі кулямі і кідалі светлашумавыя гранаты, гэтаму ёсць дакументальныя пацверджанні.
Мы асвятлялі ўсё, што адбывалася на вуліцах нашых гарадоў, прычым асвятлялі аб'ектыўна — расказвалі як пра збіццё мірных дэманстрантаў, так і пра траўміраваных сілавікоў, як пра шматтысячныя мітынгі Святланы Ціханоўскай, так і пра шматлікія публічныя выступленні Лукашэнкі.
Мне ставіцца ў віну публікацыя на сайтах БелаПАН артыкулаў аўтараў, чые меркаванні не адпавядалі афіцыйным устаноўкам. Але хачу звярнуць вашу ўвагу на тое, што згодна з законам Рэспублікі Беларусь аб СМІ разнастайнасць меркаванняў — гэта адзін з асноўных прынцыпаў дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі. Цытую арт. 4 закона: "Сродкі масавай інфармацыі забяспечваюць свабоднае выказванне і распаўсюджванне меркаванняў і поглядаў у грамадстве", цэнзура СМІ з боку дзяржорганаў не дапускаецца.
Ва ўсім свеце прэсу называюць "чацвёртай уладай", таму што яна дапамагае выяўляць праблемы і слабыя месцы ў грамадстве, а значыць — садзейнічае іх вырашэнню і ў выніку робіць жыццё людзей лепшым.
Але ў Беларусі, мяркуючы па ўсім, з журналістаў вырашылі зрабіць абслуговы персанал. Струмень дэзінфармацыі, нянавісці, абраз, нізкапробнага падхалімажа, які льецца сёння з дзяржаўных тэлеканалаў і друкаваных СМІ, зашкальвае і не вытрымлівае ніякай крытыкі.
Раю праваахоўнікам паглядзець хаця б аўтарскую перадачу таго ж Рыгора Азаронка — там па кожным выпуску можна заводзіць справы адразу па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: за паклёп, абразу, распальванне нянавісці.
Але не. У турмах сядзяць дзясяткі журналістаў менавіта недзяржаўных СМІ. Як быццам праўда бывае дзяржаўнай ці недзяржаўнай. Праўда — яна адна.
Я не прашу суд аб паблажлівасці, яна мне не патрэбна. Бо я лічу сябе невінаватай. Я ганаруся тым, што столькі гадоў працавала ў крутой камандзе журналістаў і была іх галоўным рэдактарам. Я ганаруся тым, што тут і цяпер знаходжуся са сваімі так званымі саўдзельнікамі — сумленнымі, годнымі, разумнымі людзьмі: Андрэем Аляксандравым, Дзімам Наважылавым, Ірай Злобінай.
Яшчэ частку маіх калегаў вы маглі бачыць у судовым працэсе, яны выступалі ў якасці сведкаў. Яны былі падобныя да злачынцаў? Усе яны заяўлялі, што БелаПАН — гэта калектыў журналістаў, а не экстрэмістаў. Верыць ці не — гэта сфера вашай адказнасці, службовай і чалавечай.
Пра час, у які мы жывем, прынята казаць: лес сякуць — трэскі ляцяць. Толькі мы не трэскі, мы жывыя людзі. Заклікаю вас задумацца над гэтым. А БелаПАН — ён вернецца ў Беларусь. Як і іншыя разгромленыя прафесійныя СМІ. Перыяд цемрашальства пройдзе, як праходзіць усё благое.
Хваля барацьбы з іншадумствам схлыне, таму што ніхто не мае права прымусіць мільёны людзей скакаць пад адну дудку, нават з дапамогай дубін ГУБАЗ і сфабрыкаваных крымінальных спраў.
Запыт грамадства на годнае, бяспечнае жыццё, як і на якасную прафесійную журналістыку, быў, ёсць і будзе.
Дзяржабвінаваўца прапануе мне пажыць яшчэ некалькі гадоў у турме. Ну ок :) Сёння там можна сустрэць мноства найгодных людзей: журналістаў, сацыёлагаў, філосафаў, праваабаронцаў, лекараў, настаўнікаў, банкіраў, адвакатаў, былых следчых і нават пракурораў. А, скажам так, традыцыйныя крымінальнікі, гледзячы на нас, пачынаюць чытаць Салжаніцына і цікавіцца тэмай сталінскіх рэпрэсій. Вельмі своечасова і правільна, я лічу. Так што, па сутнасці, я працягну працаваць журналістам: распаўсюджваць інфармацыю вусна. У любых умовах. Краты мяне не спыняць, гэта дакладна. Як і маіх калег".
Падводзячы вынік, хачу сказаць: усё, што тут адбываецца, — гэта расправа з БелаПАН за сумленную журналістыку, якая ў момант гістарычных перамен у нашай краіне раптам прыйшлася некаму не да спадобы".
Фінансаванне "пратэснай дзейнасці", здрада дзяржаве, нясплата падаткаў і стварэнне экстрэмісцкага фарміравання. У чым іх абвінавацілі?
Палітвязняў прызналі вінаватымі па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- ч. 2 арт. 342 (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і падрыхтоўка альбо навучанне такой дзейнасці) — Аляксандраў, Злобіна;
- ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве) — Аляксандраў, Злобіна;
- ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне і кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем) — Аляксандраў, Наважылаў, Леўшына;
- ч. 2 арт. 243 (ухіленні ад выплаты падаткаў і збораў) — Аляксандраў, Наважылаў.
Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна ўтрымліваюцца за кратамі ўжо адзін год і амаль дзевяць месяцаў. Іх затрымалі разам 12 студзеня 2021 года. Праз некалькі дзён у афіцыйным паведамленні намеснік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч заявіў, што Аляксандраў і Злобіна былі затрыманыя “па падазрэнні ў фінансаванні пратэснай дзейнасці”. Па ягоных словах, Аляксандраў і Злобіна са жніўня 2020 года займаліся фінансаваннем асобаў, якія бралі ўдзел у пратэстах у Мінску, у тым ліку шляхам аплаты штрафаў і кампенсавання сродкаў на ўтрыманне ў ЦІП і ІЧУ. Паводле паведамлення МУС, Аляксандраў с 22 жніўня па 9 лістапада аплаціў 250 штрафаў. Спісы і грошы на аплату штрафаў Аляксандраву перадаваў фонд BY_help.
30 чэрвеня мінулага году Аляксандраву і Злобінай выставілі новыя абвінавачанні — паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу (здрада дзяржаве). Верагодна, падставай для гэтага стала супрацоўніцтва з фондам BY_help і яе прадстаўнікам у "дзейнасці, накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі".
18 жніўня 2021 году ў межах крымінальнай справы былі затрыманыя Дзмітрый Наважылаў і Ірына Леўшына пасля ператрусу і допыту ў Следчым камітэце. Іх справу аб'ядналі з Аляксандравым і Злобінай. 27 жніўня Следчы камітэт заявіў, што распачаў крымінальную справу паводле часткі 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленні ад выплаты падаткаў) ў адносінах да Андрэя Аляксандрава, Дзмітрыя Наважылава, Ірыны Леўшынай, "а таксама іншых асобаў".
У выніку, па гэтым артыкуле абвінавачанне выставілі Андрэю Аляксандраву і Дзмітрыю Наважылаву. Іх абвінавацілі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў за люты 2015 года – красавік 2021 года. Шкоду ацанілі ў 449 тысяч рублёў.
"Падчас аналізу фінансавай дзейнасці агенцтва ўстаноўлена, што не менш за 18 замежных арганізацый пачынаючы яшчэ з 2014 года ажыццяўлялі яго схаванае фінансаванне на суму не менш за 1 600 000 даляраў ЗША. Акрамя таго, у мінулым годзе замежнымі аб'яднаннямі выдзелены сотні тысяч даляраў на стварэнне YouTube-канала, які спецыялізуецца на ўмацаванні дэструктыўнага і экстрэмісцкага настрояў у краіне, а таксама дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь на міжнароднай арэне, што следствам была своечасова выяўлена і спынена", — заяўлялі ў СК.
У лістападзе 2021 года КДБ прызнаў "БелаПАН" экстрэмісцкім фармаваннем. Аляксандраву, Наважылаву і Леўшынай выставілі новыя абвінавачванні па ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса — стварэнне і кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем. Ірына Злобіна — адзіная фігурантка справы, якая ніколі не працавала ў "БелаПАНе".
8 красавіка гэтага году Следчы камітэт заявіў, што па "справе БелаПАН" выяўленае фінансаванне "экстрэмісцкай дзейнасці" на агульную суму не менш як чатыры мільёны долараў ЗША.
"Захоп дзяржаўнай улады ў Беларусі ў 2020 годзе рэалізоўваўся шляхам аб'яднання прадстаўнікоў "пратэснага" руху ў мэтах фарміравання кіраванага натоўпу і радыкальнага настрою сярод грамадзян краіны. Для гэтага было наладжана ўзаемадзеянне з прадстаўнікамі "праваабарончых" і іншых, у тым ліку замежных, арганізацый.
Сталічнымі следчымі сабраныя доказы аб датычнасці Аляксандрава і Злобінай да злачыннай дзейнасці замежнай арганізацыі "BY_help", накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь. Абвінавачаныя прымалі актыўны ўдзел у арганізацыі яе працы, выкананні індывідуальных задач па зборы, перамяшчэнні, захоўванні і размеркаванні грашовых сродкаў", — заяўлялі ў ведамстве.
Што вядома пра суд?
Справа разглядаецца ў закрытым рэжыме Мінскім абласным судом у будынку Мінскага раённага суда. Але, нягледзячы на гэта, на працэс патрапілі праўладныя журналісты і зрабілі фота і відэа палітвязняў. Палітзняволены Андрэй Аляксандраў напярэдадні працэсу па "справе БелаПАН" перадаў з няволі запіску, якую прасіў апублікаваць у дзень суда. Яе апублікаваў "Белсат":
"Я ведаю, што шмат хто з сяброў і калегаў збіраўся наведаць мяне ў судзе, але суд над намі будзе закрытым "в целях неразглашения охраняемой законом тайны".
Што гэта за таямніца, я пакуль не ведаю, вельмі ўжо яна ахоўваецца, а я прабыў у СІЗА пад следствам нават менш за 1,5 года, адкуль мне ведаць.
Магчыма, таямніца ў тым, што людзі, якіх будуць судзіць, ні ў чым не вінаватыя; прынамсі, я не вызнаю сябе вінаватым у тым, што мне інкрымінуюць. На суд еду без залішніх ілюзій, затое з чыстым сумленнем, і нават з прыемным хваляваннем.
Нарэшце пабачу дарагіх мне людзей, шкада, вядома, што пабачу іх на лаве падсудных, але гэта цяпер папулярнае месца сустрэчы добрых людзей; а буду я на гэтым месцы побач з добрымі людзьмі, сяброўствам з якімі ганаруся".
Падтрымайце палітзняволеных пасылкамі, грашовымі пераводамі і тэлеграмамі: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2 (Ірына Алегаўна Леўшына, Андрэй Валер'евіч Аляксандраў, Ірына Віктараўна Злобіна, Дзмітрый Уладзіміравіч Наважылаў)