Выказваўся ў бок Лукашэнкі "з парушэннем этычных нормаў": мужчыну асудзілі на 2,5 года калоніі
У судзе Ленінскага раёна Гродна вынесены прысуд Аляксандру Ваўчку. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса — ч. 2 арт. 367 ("Паклёп у адносінах да Лукашэнкі") і ч. 1 арт. 368 ("Абраза Лукашэнкі"). Прысуд — 2,5 года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыма.
Таксама ў даход дзяржавы канфіскаваны камп'ютар мужчыны.
Згодна з пазіцыяй абвінавачання, 35-гадовы мужчына з лістапада па снежань 2020 года, а таксама з траўня па снежань 2021 года размяшчаў ў "Аднакласніках" публікацыі з абразамі Лукашэнкі, якія ўтрымлівалі "недакладныя сведчанні, спалучаныя з абвінавачаннем яго ў здзяйсненні цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў". Абвінавачанне было ўпэўненае, што гэтым Ваўчок зняважыў ягоныя гонар і годнасць.
Таксама ён размясціў у снежні 2020 года і сакавіку 2021 года ў сацсетцы "Вконтакте" тэкставы каментар і відэаролік, дзе выказваўся ў бок Лукашэнкі "з парушэннем этычных нормаў".
Прысуд вынесла суддзя Наталля Горбач.
Аляксандра затрымалі 28 чэрвеня 2021 года, у яго дома быў праведзены вобшук. Ён выйшаў на волю пасля сямі сутак адміністрацыйнага арышту, але быў затрыманы зноў паводле крымінальнага артыкула.