Палітзняволенага фрэзероўніка МТЗ асудзілі на 1,5 года "хатняй хіміі"
Стала вядома, што 23 жніўня 2022 года суд Савецкага раёна Мінска вынес прысуд палітвязню Міраславу Сабчуку — сябру незалежнага прафсаюзу, які працаваў на Мінскім трактарным заводзе. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса і асудзілі на 1,5 года абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ — "хатняй хіміі". Палітвязня вызвалілі ў залі суда.
Вырак вынесла суддзя Вольга Емельянчанка.
За «Мінсктрансам» прызнанае права заявіць пазоў на пакрыццё шкоды ў памеры 373 рублі 98 капеек, які будзе разгледжаны ў межах грамадзянскай вытворчасці. Да гэтага часу тэлефон мужчыны пакінуты пад арыштам.
Яго прызналі вінаватым ва ўдзеле ў адным з Маршаў, падчас якога ён «дзейнічаў узгоднена з групай асобаў». Ягоныя дзеянні нібыта пацягнулі за сабой парушэнне работы транспарта. Знаходзячыся ў Мінску, палітвязень выкрыкваў лозунгі, дэманстраваў пратэсныя сімвалы і плакат.
Міраслаў прызнаў віну і распавёў, што прыняў удзел у Маршы з удзелам супрацоўнікаў МТЗ. Доказам па справе праходзілі відэа і фотаздымкі палітвязня, якія былі зробленыя падчас мерапрыемства.
Нагадаем, 24-гадовага Міраслава затрымлівалі 8 кастрычніка 2020 года на працы. Ён удзельнічаў у стварэнні звароту работнікаў МТЗ, у якім завадчане асудзілі гвалт і патрабавалі новых сумленных выбараў. Паводле калегаў, Міраслава Сабчука выклікалі да кіраўніцтва. Потым прыйшоў майстар, які забраў тэлефон Міраслава, а пасля стала вядома, што хлопца затрымалі. Пасля гэтага яго вызвалілі, аднак зноў затрымалі 19 красавіка 2022 года.