У Гродне мужчыну з псіхічным захворваннем асудзілі да шасці гадоў калоніі
19 верасня 2022 года ў Гродзенскім абласным судзе 26-гадовага Андрэя Сачэўку асудзілі да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, прызнаўшы яго вінаватым паводле ч. 1 арт. 130 і ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса. Вядома, што мужчына мае разлад асобы.
Прысуд вынес Васіль Скок. Бок дзяржабвінавачання падтрымала Галіна Войшаль. Судовымі засядальнікамі выступілі Мікалай Варанко і Крысціна Лобан.
Андрэй таксама ўключаны ў пералік арганізацый і фізічных асобаў, якія датычныя да тэрарыстычнай дзейнасці.
За што мужчыну пачалі пераследаваць?
Упершыню Андрэя на працы затрымаў ГУБАЗіК за размяшчэнне "экстрэмісцкіх" матэрыялаў на сваёй старонцы "ВКонтакте". Пад імі мелая на ўвазе відэа з прыняцця Лукашэнкам прысягі ў 1994 годзе пад бела-чырвона-белым сцягам, якім Сачэўка падзяліўся на старонцы. Затрыманне адбылося чацвёртага траўня 2022 года на працоўным месцы мужчыны. За гэта яго змясцілі ў ІЧУ Кастрычніцага РАУС Гродна, але праз трое сутак адпусцілі. Але ўжо 11 траўня Андрэй зноў быў затрыманы на працы, следчая Алена Яновіч, якая праводзіла першы допыт, выклікала на яго дзяжурнага адваката. Тады стала вядома, што Сачэўка мае псіхічнае захворванне. Яму выставілі абвінавачанні паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса і перавялі ў гродзенскую Турму № 1.
17 траўня справу Сачэўкі перадалі ў Следчы камітэт, дзе ёй заняўся следчы Руслан Рулько. 20 траўня ён разам з супрацоўнікамі ГУБАЗіК і панятымі, якімі выступілі студэнткі мясцовага юрфака, правялі вобшукі на здымнай кватэры Андрэя і ягоным месцы прапіскі. Падчас аператыўных мерапрыемстваў нічога не знайшлі. Тады 25 траўня суд Ленінскага раёна Гродна прызнаў Сачэўку вінаватым паводле адміністрацыйнага артыкула за "захоўванне з мэтай распаўсюду інфармацыі, якая ўтрымлівае экстрэмісцкую накіраванасць". Мужчыну быў прызначаны штраф у 25 базавых велічынь, а ягоны тэлефон арыштаваны як сродак здзяйснення злачынства, хаця ён быў набыты маці Андрэя.
Як адбываўся суд?
7, 8, 9 і 19 верасня 2022 года адбыліся судовыя пасяджэнні паводле крымінальнай справы, заведзенай на Андрэя Сачэўку за ўдзел у гарадзенскіх Маршах і каментары ў чаце.
Мужчына не прызнаў віну, а пацвердзіў толькі факт напісання каментароў 11 і 12 жніўня 2020 года. Удзел мужчыны ў гродзенскіх Маршах не пацвердзіўся пасля прагляду відэазапісаў з мерапрыемстваў у горадзе.
Стала вядома, што лабараторна-судовыя экспертыза была праведзеная ў чэрвені 2022 года. Яна пацвердзіла псіхічнае захворванне Андрэя.
На пасяджэнні 9 верасня Галіна Войшаль запрасіла для Сачэўкі пакаранне ў выглядзе сямі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыма. Адвакатка мужчыны была ўпэўненая ў невінаватасці свайго падабароннага і прапанавала апраўдаць яго і вызваліць у зале суда. Яна звярнула ўвагу, што ў справе адсутнічаюць прамыя доказы віны мужчыны, а следчыя сумняваліся пры вызначэнні склада злачынства. У дзень перадачы справы ў пракуратуру следчым Рулько ў справе з'явіліся новыя абвінавачанні. Таксама абаронца падкрэсліла, што Андрэй не прыцягваў людзей да "здзяйснення злачынстваў", не дзейнічаў у чаце актыўна пасля 12 жніўня 2020 года і нават цалкам спыніў там ліставанне. Таксама яна зрабіла акцэнт на тым, што з відэа ў матэрыялах справы не было атрымана ніякай інфармацыі для прадмета даследавання.
Аднак суддзя Васіль Скок не ўлічыў аргументацыю адвакаткі і падтрымаў пазіцыю абвінавачання. 19 верасня 2022 года ён асудзіў Андрэя Сачэўку да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Падтрымаць Андрэя лістамі салідарнасці і пасылкамі можна па адрасе:Турма № 1.230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1 Андрэй Сяргеевіч Сачэўка |