Дайджэст "Вясны": 13 палітвязняў у верасні цалкам адбылі тэрміны, яшчэ чатыры выйшлі на волю па памілаванні
Колькасць палітвязняў у Беларусі павялічваецца кожны тыдзень. На цяперашні момант у нашай краіне налічваецца 1 348 палітвязняў, 44 з якіх былі прызнаныя ў верасні. Палітзняволеныя беларусы, асуджаныя па палітычна матываваных справах, працягваюць выходзіць на волю па заканчэнні тэрміну. Акрамя гэтага, у верасні былі вызваленыя тры палітвязні па памілаванні, а яшчэ аднаму змянілі пакаранне і перавялі на "хатні арышт". Па дадзеных "Вясны", у верасні з месцаў зняволення выйшлі мінімум 29 палітвязняў, 13 з якіх — адбылі свае тэрміны. За што палітзняволеныя адбывалі тэрміны і як яны апынуліся на волі — распавядае "Вясна".
13 палітвязняў у жніўні цалкам адбылі тэрміны і выйшлі на волю
Палітзняволеная Дар’я Чульцова 3 верасня выйшла на волю
Журналісткі Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева былі асуджаныя за прамы эфір з месца жорсткага разгону сілавікамі дэманстрантаў на «Плошчы пераменаў» у Мінску 15 лістапада. За кратамі яе ўтрымлівалі амаль 22 месяцы. Былая палітзняволеная кранальна падзякавала ўсім за падтрымку:
«Трэці дзень я ўжо дома і хачу сказаць усім вялікі дзякуй, што пісалі мне, што не забываліся. Дзякуй усім, хто піша зараз — прабачце, калі камусьці не магу адказаць. Гэта праўда вельмі цяжка. Проста хачу сказаць усім дзякуй.
Я да гэтага часу не магу паверыць у тое, што адбываецца і ў тое, што адбываецца з Кацяй. Я спадзяюся, што ўсё ж хутка скончыцца.
Вы — неверагодныя людзі. Проста столькі падтрымкі — я не думала, што калі-небудзь у жыцці ў мяне будзе такая падтрымка. Дзякуй усім вялікі!»
Палітзняволеная грамадзянка РФ цалкам адбыла свой тэрмін і выйшла на волю — яе адразу дэпартавалі ў Расію
Ірына Вікхольм — грамадзянка Расіі, асуджаная на паўтара года калоніі за паклёп у дачыненні да Лукашэнкі. Яе затрымалі за твіт, напісаны пра інцыдэнт з самалётам Ryanair, на якім ляцеў Раман Пратасевіч. Вікхольм напісала: «Чарговае злачынства Лукашэнкі: акт дзяржаўнага авіяпірацтва». На пачатку верасня Ірына цалкам адбыла тэрмін і выйшла на волю. Яе адразу дэпартавалі ў Расію і забаранілі ўезд у Беларусь на 10 гадоў.
Палітзняволены студэнт Ілля Тананка выйшаў з "хіміі"
21-гадовы Ілля Тананка — студэнт МДЛУ, асуджаны на паўтара года "хіміі" за абразу палкоўніка міліцыі, начальніка АМАПу Мінска Дзмітрыя Балабы (арт. 369 Крымінальнага кодэкса).
Хлопца абвінавацілі ў тым, што ён напісаў на сцяне дома, дзе пражывае пацярпелы, "Балаба-забойца", чым публічна абразіў прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў. Сам Ілля на судзе адзначаў, што пакінуў надпісы на аб'явах, размешчаных на інфармацыйных стэндах каля пад'ездаў: ён разумеў, што гэта абраза, але хацеў выказаць сваё меркаванне.
З 13 сакавіка 2021 года Ілля адбываў тэрмін у папраўчай установе адкрытага тыпу № 9 у Віцебску. 8 верасня палітвязень выйшаў на волю.
Палітзняволеная Сафія Малашэвіч цалкам адбыла тэрмін і выйшла з гомельскай калоніі
Нагадаем, Сафію затрымалі 6 верасня на акцыі пратэсту «Марш адзінства», падчас якой яна балончыкам з фарбай малявала на паверхні шчытоў спецыяльных сродкаў загароджы. Ёй прад’явілі абвінавачванне адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч.1 арт.368, ч.1 арт. 342, ч.1 арт. 339. Суд пакараў яе 2 гадамі калоніі.
Дзяўчына 6 верасня была вызвалена з ПК-4 у Гомелі па сканчэнні свайго тэрміну.
Палітвязень Мікалай Слёз — на волі
22-гадовага Мікалая Слёза абвінавацілі ў тым, што ён разам з сябрам намаляваў на закінутым будынку дома культуры ў аграгарадку Кішчына Слабада два бчб-сцяга, а таксама размаляваў чырвонай і белай фарбамі два дрэвы і слуп. 8 снежня Слёзу прысудзілі 1 год «хіміі». Да суда амаль тры месяцы хлопец утрымліваўся ў СІЗА. Вядома, што шкоду ад малюнкаў ацанілі ў 51 рубель.
У красавіку Мікалай быў накіраваны ў папраўчую ўстанову №9 у Віцебску, а 28 верасня ў яго скончыўся тэрмін.
Палітвязень Віктар Пархімчык выйшаў на волю
Палітзняволены Віктар Пархімчык 14 верасня скончыў адбываць тэрмін у папраўчай калоніі № 17 і выйшаў на волю.
Нагадаем, у канцы красавіка Пархімчыку ўзмацнілі рэжым і перавялі з ПУАТ у папраўчую калонію. 15 студзеня 2021 года Віктара асудзілі на два гады «хіміі» па ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (Хуліганства). У віну Пархімчыку ставілася тое, што ў перыяд з 12 па 16 лістапада ў некалькі этапаў з хуліганскіх меркаванняў ён раскідаў 510 самарэзаў на праезнай частцы каля адміністрацыйнага будынку Памежнага камітэта. Аднак не давёў злачынства да канца, так як супрацоўнікі ведамства збіралі раскіданыя самарэзы з праезнай часткі да таго, як па ёй праязджаў аўтатранспарт.
Палітвязень Павел Бераснёў вызвалены, цалкам адбыўшы тэрмін
Маладзечанец Павел Бераснёў быў асуджаны па артыкуле 369 КК за абразу начальніка РАУС Маладзечна Вадзіма Прыгары на адзін год і шэсць месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую установу ("хімія").
Пры гэтым Прыгара папрасіў пакараць Бераснёва пазбаўленнем волі, а ў якасці сваёй маральнай кампенсацыі ён папрасіў перавесці дзесяць тысяч рублёў у Радашковіцкі дзіцячы дом.
Тэрмін Павел адбываў у віцебскай папраўчай установе № 9. 26 верасня ён выйшаў на волю.
Палітвязень Канстанцін Дудзікаў адбыў цалкам тэрмін, падчас якога схуднеў на 26 кілаграмаў
Палітзняволенага Канстанціна Дудзікава 18 красавіка замест працы ў ПУАТ №36 адвезлі ў суд. У выніку, яму замянілі «хімію» на калонію ўзмоцненага рэжыму. Канстанцін быў асуджаны судом Быхаўскага раёна на 1 год і 6 месяцаў «хіміі» паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса за абразу прадстаўніка ўлады.
Тэрмін Канстанцін адбываў у наваполацкай калоніі № 1. 24 верасня Дудзікаў выйшаў на волю па заканчэнні тэрміну.
За час зняволення палітвязень схуднеў на 26 кілаграмаў, а таксама ў яго з’явіліся сур’ёзныя праблемы з зубамі.
Палітвязень Алег Кулеша выйшаў з бабруйскай калоніі
50-гадовага пружанца Алега Кулешу асудзілі да 19 месяцаў калоніі па брэсцкай «справе карагодаў». Палітвязня абвінавацілі па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса за падзеі 13 верасня 2020 на Маршы герояў у Брэсце, калі пратэстоўцы на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава вадзілі карагод, спявалі песні і танчылі.
У пачатку лютага Алег даслаў на волю вялікі ліст, у якім распавёў, што адміністрацыя калоніі фактычна забараняе яму размаўляць на беларускай мове. За гэта яго нават выклікалі на размову, падчас якой казалі, што ў папраўчай установе трэба размаўляць выключна па-расейску.
Палітвязень цалкам адбыў тэрмін і выйшаў з бабруйскай калоніі.
З "хіміі" выйшаў на волю Андрэй Чарнеўскі
Андрэй Чарнеўскі быў затрыманы 30 траўня 2021 года. Яго абвінавацілі ў тым, што ён падсадзіў чалавека, які дацягнуўся да чырвона-зялёнага сцяга, каб сарваць яго з Урэцкага дома культуры і творчасці 29 траўня 2021 года.
Пасля затрымання мужчына правёў трое сутак у СІЗА, а потым яго адпусцілі да суда.
6 верасня 2021 года суд Любані і Любанскага раёна прызнаў яго вінаватым паводле арт. 370 Крымінальнага кодэкса і асудзіў яго да года абмежавання волі ў ПУАТ, хаця пракурор запрасіў год "хатняй хіміі". 9 кастрычніка 2021 года Андрэй пачаў адбываць тэрмін у ПУАТ-29, а 30 верасня выйшаў на волю.
Выйшаў на волю палітвязень Віталь Марухленка, якога асудзілі па «справе Зельцэра»
На пачатку верасня Віталя асудзілі на паўтары гады зняволення і 100 базавых штрафу паводле двух крымінальных артыкулаў: 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і 130 (распальванне сацыяльнай варожасці).
На волю Марухленка выйшаў 29 верасня, бо ў гэты ж дзень у 2021 годзе мужчына быў затрыманы і ўвесь час знаходзіўся ў СІЗА, а 1 дзень у СІЗА роўны 1,5 дням пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага і ўзмоцненага рэжыму. 30 верасня палітвязень выйшаў на волю.
Жлобінец Мікалай Ісаенка цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю
Мікалай Ісаенка — жыхар Жлобіна, філолаг, выкладчык беларускай і рускай моў і літаратуры; у апошнія гады займаўся прадпрымальніцкай дзейнасцю. Яго затрымалі 2 чэрвеня 2021 года ў межах крымінальнай справы аб групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 Крымінальнага кодэкса).
6 жніўня суддзя суда Жлобінскага раёна Мікалай Сергяевіч прысудзіў Ісаенку адзін год і шэсць месяцаў калоніі агульнага рэжыму. Тэрмін палітвязень адбываў у наваполацкай калоніі № 1. 23 верасня Мікалай выйшаў на волю.
Палітзняволены бяздомны Аляксандр Кутас — на волі
Аляксандр Кутас — бяздомны з Мінску, якога затрымалі 1 снежня 2021 года паводле артыкула 342-2 Крымінальнага кодэкса за «неаднаразовае парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў». У судзе Фрунзенскага раёна Мінска 2 сакавіка Аляксандра асудзілі да аднаго года калоніі агульнага рэжыму.
Пра Кутаса вядома, што яго 10 разоў кідалі на «суткі» па арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне) у 2021 годзе. На Акрэсціна Кутас правёў мінімум 130 сутак арышту. Вядома, што Кутас правёў 22 гады ў месцах пазбаўлення волі. У канцы верасня Аляксандр выйшаў на волю.
Трое палітзняволеных былі вызваленыя па памілаванні, яшчэ аднаму змянілі пакаранне
З гомельскай калоніі вызвалілі праваабаронцу Таццяну Ласіцу
Палітзняволеная праваабаронца і валанцёрка ПЦ «Вясна» была затрыманая 21 студзеня 2021 года. Яе абвінавацілі па крымінальнай справе па ч. 1 і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і асудзілі да 2,5 гадоў калоніі агульнага рэжыму.
Таццяна была нечакана вызвалена з Гомельскай калоніі. Пра гэта стала вядома 24 верасня. За кратамі Ласіца прабыла агулам 1 год і 8 месяцаў. Прычына яе вызвалення — памілаванне.
«Адпусцілі яе літаральна за пару месяцаў да тэрміну вызвалення. І я не думаю, што ў гэтым выпадку варта казаць пра нейкую істотную змену стаўлення нашых уладаў да "Вясны", праваабаронцаў і палітычных іншадумцаў», — каментуе вызваленне Таццяны сябра Рады «Вясны» Аляксей Колчын.
Таксама праз памілаванне выйшла пенсіянерка Галіна Міхальчук
70-гадовая жыхарка Ваўкавыску Галіна Міхальчук 20 верасня выйшла на волю з гомельскай жаночай калоніі. Пенсіянерку асудзілі да 2,5 гадоў калоніі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса, а тэрмін яна пачала адбываць толькі ў красавіку.
Вядома, што 26 кастрычніка 2021 года яе ўжо асудзілі да двух гадоў "хатняй хіміі" паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса. Да пенсіі яна працавала на чыгунцы.
Вызвалілі і журналіста "Свабоды" Алега Груздзіловіча
Журналіст утрымліваўся за кратамі амаль 9 месяцаў і 21 верасня выйшаў з магілёўскай калоніі. Ён ужо пакінуў Беларусь.
Нагадаем, 3 сакавіка Груздзіловіча асудзілі на 1,5 года калоніі. Яго прызналі вінаватым паводле ч.1 арт.342 Крымінальнага кодэкса — ён нібыта прымаў удзел у несанкцыянаванай акцыі ў той момант, калі яго пазбавілі акрэдытацыі МЗС Беларусі. Таксама журналісту выставілі пазоў на 56 тысяч рублёў.
18-гадоваму Максіму Шатохіну па памілаванні змянілі пакаранне
Максім Шатохін — жыхар Брэста, фігурант крымінальнай справы аб "масавых беспарадках" (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса), узбуджанай пасля поствыбарчых акцый пратэсту ў Брэсце. На той момант Максім быў непоўнагадовы.
12 жніўня 2021 года суддзя Ленінскага раёна г. Брэста Святаслаў Каліна прысудзіў Шатохіну 3 гады пазбаўлення волі.
Тэрмін Максім адбываў у выхаваўчай калоніі №2, а 20 верасня яго перавалі на "хатнюю хімію".
Палітзняволенай Эме Сцепулёнак змянілі меру стрымання — цяпер яна дома, але застаецца палітзняволенай
68-гадовая былая настаўніца беларускай мовы і літаратуры з Мёраў Эма Сцепулёнак за кратамі ўтрымлівалася амаль год. Яе затрымалі 29 верасня 2021 года за каментар у сацсетках па «справе Зельцэра». Ёй выставілі абвінавачванне паводле артыкулаў 369 і 130 Крымінальнага кодэкса. Жанчына не мае ў Беларусі ані сваякоў, ані сяброў, але неабыякавыя людзі не пакінулі яе сам-насам з рэпрэсіямі. За час у зняволенні ў яе пагоршылася здароўе і сапсаваўся зрок.
У сярэдзіне верасня жанчыне змянілі меру стрымання і перавялі на хатні арышт. Цяпер Сцепулёнак дома, але абвінавачанні не зняты, таму Эма застаецца палітзняволенай.
Адзінаццаць палітвязняў вызвалілі ў зале суда пасля абвяшчэння прысуду
Пасля прысудаў па крымінальных справах мінімум чатыры палітзняволеных (дадзеныя могуць быць няпоўныя, бо не ўсе вынікі судоў над палітвязнямі пакуль вядомыя праваабаронцам) выйшлі на волю са следчых ізалятараў. Трое з іх будуць знаходзіцца на волі да накіравання іх у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу:
Наталля Ганчарэнка — 3 гады “хіміі”;
Дзмітрый Дзямешка — 3 гады «хіміі»;
Яўген Батура — 2 гады «хіміі».
Яшчэ восем палітвязняў былі асуджаныя да абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову і таксама выйшлі на волю пасля суда. Гэта:
Вера Валністая — 3 гады «хатняй хіміі»;
Паліна Кабешава — 3 гады «хатняй хіміі»;
Станіслаў Кабешаў — 3 гады «хатняй хіміі»;
Аляксандр Казакевіч — 2 гады «хатняй хіміі»;
Арцём Ламаносаў — 3 гады «хатняй хіміі»;
Таццяна Талочка — 3 гады «хатняй хіміі»;
Лілія Ананян — 5 гадоў «хатняй хіміі»;
Юлія Макась — 3 гады «хатняй хіміі».
"Вясна" збірае інфармацыю з "палітычных" судовых пасяджэнняў, якія адбываюцца па ўсёй краіне. Калі ласка, дасылайце нам вынікі судоў, аўдыё і тэкставую інфармацыю ў Telegram: @ViasnaSOS, @spring96info і на Email: viasna@spring96.org