"У лукашэнкаўскай турме знаходзіцца лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру. Такога ў гісторыі Беларусі яшчэ не было”
Старшыня праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру. З гэтай нагоды 7 кастрычніка ў Беларускім моладзевым хабе ў Варшаве адбылася сустрэча, на якой удзельнікі павіншавалі адзін аднаго з гістарычнай падзеяй, паглядзелі дакументальны фільм пра Алеся Бяляцкага і Праваабарончы цэнтр "Вясна", пагаварылі пра гісторыю праваабарончага руху Беларусі.
Сустрэча, ініцыятарам якой выступіў праваабаронца Зміцер Салаўёў, распачалася музычным выступам гурта “Яварына”, пасля якога праваабаронцы, палітыкі і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці выказалі словы павагі і падзякі Алесю Бяляцкаму і паразважалі пра цяперашні стан грамадзянскай супольнасці.
Аліна Коўшык, прадстаўніца Аб'яднанага Пераходнага Кабінета па нацыянальным адраджэнні:
“Гэта гістарычная падзея для ўсіх беларусаў. Я вельмі цешуся, што сёлетнюю Нобелеўскую прэмію міру атрымаў Алесь Бяляцкі разам з іншымі праваабаронцамі з Расіі і Ўкраіны. Безумоўна, гэта ўзнагарода для ўсіх нашых палітвязняў, якія знаходзяцца зараз за кратамі. Мы, чальцы Аб’яднанага пераходнага кабінету, будзем дамагацца вызвалення ўсіх палітвязняў, каб была магчымасць прывітаць на волі не толькі спадара Алеся, але і ўсіх 1348 палітзняволеных.
Спадар Алесь – гэта сімвал сучаснай Беларусі. Сімвал барацьбы за Беларушчыну і за правы чалавека. Я асабіста вельмі радая, што прэмію міру прысудзілі менавіта праваабаронцам, бо яны робяць вельмі цяжкую працу. Спадзяюся, што ўручэнне Нобелеўскай прэміі – гэта яшчэ і сігнал палітыкам аб тым, што нельга забывацца на правы чалавека. Не гледзячы на тое, што разам лаўрэатамі сталі прадстаўнікі Беларусі, Украіны і Расіі, я хачу падкрэсліць, што гэта не нейкае “славянскае трыадзінства”. Гэта паказчык таго, што тры краіны змагаюцца за свабоду, супраць рэжыму, супраць тыраніі і вайны. Дзякуючы такім асобам, як Алесь Бяляцкі, мы кожны дзень набліжаем перамогу.”
Вячаслаў Сіўчык, беларускі грамадскі і палітычны дзеяч:
“У лукашэнкаўскай турме знаходзіцца лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру. Такога ў гісторыі Беларусі яшчэ не было. Беларусам пра гэта не трэба забываць. Я вельмі хачу хутчэй пабачыць і вольную Беларусь, і Алеся Бяляцкага, і ўсіх іншых палітвязняў на волі.”
Стася Гліннік, прадстаўніца “Моладзевага Хабу”:
“Прысуджэнне прэміі Алесю Бяляцкаму – гэта адзнака ўсіх беларусаў, якія працягваюць змагацца. А таксама моцны сігнал ад дэмакратычнага свету, які ўсё яшчэ з намі і працягвае падтрымліваць свабоду беларускага народу. Спадар Алесь абараняе ўсе тыя каштоўнасці, якія мы хочам бачыць у Беларусі.”
Таксама Стася Гліннік нагадала, што кожную сераду а 18:00 ў Моладзевым хабе беларусы Варшавы пішуць лісты палітвязням:
“Я ведаю, як цяжка самастойна пачаць пісаць. Да нас прыходзіць шмат людзей, якія штотыдзень цягам года дасылаюць лісты палітвязням. Яны падкажуць, з чаго пачаць і на якія тэмы лепш пісаць тым ці іншым палітвязням.”
Алесь Бяляцкі стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру
У гэтым годзе праваабаронца вылучаўся на Нобелеўскую прэмію міра шосты раз.
Разам з Алесем Бяляцкім Нобелеўскую прэмію міру атрымалі ўкраінскі "Цэнтр Грамадзянскіх Свабод" і расійская праваабарончая арганізацыя "Мемарыял". У гэтым годзе праваабаронца вылучаўся на Нобелеўскую прэмію міра шосты раз. Спадар Бяляцкі стаў чацвёртым чалавекам, які атрымаў Нобелеўскую прэмію міру, знаходзячыся ў турме або пад вартай.
Падтрымайце Алеся Бяляцкага пасылкамі, грашовымі пераводамі і тэлеграмамі: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 (Аляксандр Віктаравіч Бяляцкі)