"Рэйкаваму партызану" з Асіповічаў прысудзілі 11 гадоў калоніі
Магілёўскі абласны суд 12 кастрычніка завяршыў разгляд крымінальнай справы жыхара Асіповічаў Аляксея Шышкаўца, абвінавачанага ў тэрарызме (арт. 289 Крымінальнага кодэкса), і ва ўдзеле на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні (арт. 361-3 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядаў суддзя Сяргей Мазураў.
Аднаго з беларускіх “рэйкавых партызан”, палітвязня Аляксея Шышкаўца затрымалі ў сакавіку 2022 года.
Паводле інфармацыі МУС, у пачатку 2022 года мужчына "увайшоў у склад экстрэмісцкага фарміравання ByPol, аўтарызаваўшыся ў мабілізацыйным чат-боце для здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў у Беларусі".
А 1 сакавіка ён нібыта атрымаў указанні па блакаванні чыгуначных шляхоў, а таксама па вырабе і выкарыстанні "кактэйляў Молатава".
У верасні 2022 г. КДБ уключыў Шышкаўца ў спіс асобаў, "датычных да тэрарыстычнай дзейнасці".
Судовы працэс у дачыненні да Аляксея доўжыўся амаль тры тыдні, піша MAYDAYMog.
Паводле яго выніку суддзя Сяргей Мазураў прысудзіў мужчыну да 11 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.